Анастасія Роўда: “Работа ў нас творчая”

У гаспадарках раёна яскрава адследжваецца пераемнасць пакаленняў, калі побач з вопытнымі рабочымі, спецыялістамі і кіраўнікамі працуюць і потым прыхо-дзяць на змену маладыя. Вось адзін з прыкладаў. У маі гэтага года ў СВК “Агракамбінат Сноў” галоўным заатэхнікам была прызначана 28-гадовая Анастасія Роўда. На такую вялікую і адказную вытворчасць такога маладога спецыяліста ў гаспадарцы яшчэ ніколі не прызначалі. Анастасіі — даверылі. Значыць, праявіла сябе, зарэкамендавала. Па выніках работы за мінулы год фатаграфію спецыяліста занеслі на раённую Дошку гонару. Яна працавала брыгадзірам на малочнатаварным комплексе “Сычы”, дзе за 2019 год на адну фуражную карову надаілі па 11212 кілаграмаў малака — гэта самы высокі паказчык па раёне.

У Сноў пасля Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі яна прыехала ў 2014 годзе. Спачатку была брыгадзірам на ферме “Горны Сноў”, дзе стаяць быкі на адкорме, пасля — памочнікам брыгадзіра на малочнатаварным комплексе “Сычы”, пазней паўтара года ўзначальвала гэты калектыў.

— У “Сычах” усе работнікі добрыя. Аператары дакладна і акуратна выконваюць свае абавязкі, — расказала Анастасія. — Спецыялісты — ветурачы, заатэхнікі-селекцыянеры, асемянатары — крочаць у нагу з часам. Думаюць! Я з імі столькі прайшла! Як кажуць, агонь, ваду і медныя трубы. Вывучаем навінкі, эксперыментуем, укараняем. Як лепей накарміць карову, як яе пакрыць, каб мець максімальную аддачу — вось над чым мы працуем. Лічу, што работа ў нас творчая. Наогул, у гаспадарцы шмат маладых, энергічных спецыялістаў. Разам з тым, мы прыслухоўваемся да думкі людзей старэйшых і вопытных.

Сваімі настаўнікамі ў агракамбінаце мая суразмоўца з задавальненнем называе былых галоўных заатэхнікаў: Мікалая Чарнеўскага, які пайшоў на заслужаны адпачынак, і Уладзіміра Мітроня, які стаў намеснікам старшыні гаспадаркі.

Як толькі малады спецыяліст прыехала ў Сноў, яе сям’і вы-дзелілі 2-пакаёвую кватэру ў доме непадалёк ад амбулаторыі. Школа побач, басейн. Дачушка займаецца ў лыжаролернай секцыі. Адпачываць ёсць дзе. А хочуць — едуць куды далей. Маладая жанчына водзіць аўтамабіль, а гараж атрымала разам з жыллём.

—Я вельмі задаволена сваёй работай, — сказала мне па тэлефоне на развітанне Анастасія. І па бадзёрых нотках у голасе, па добрым настроі было чуваць: задаволена яна і тым, як уладкавалася ў аграгарадку, як прынялі яе тут.

Палітыка дзяржавы ў адносінах да моладзі знаходзіць поў-нае ўвасабленне ў жыццё. І калі ёсць зацікаўленасць, магчымасць аддаваць сваёй справе веды, сілы і час, то і паказчыкі — вытворчыя, эканамічныя, фінансавыя — адпаведна высокія.

Калектыў жывёлагадоўчай галіны агракамбіната з дня ў дзень даказвае сваё высокае майстэрства і прафесіяналізм. За 10 месяцаў бягучага года сярэдні надой на 1 фуражную карову тут дасягнуў 9117 кілаграмаў малака, што на 266 кг больш леташняга. Добра папрацавалі рабочыя, занятыя на вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы і свіней. Атрымана адпаведна 1071 і 796 грамаў іх сярэднясутачнай прывагі, якая перавышае мінулагодні рубеж на 60 і 42 грамы адпаведна. Больш чым за 62 грамы ў суткі прыбывае ў сярэднім кожны бройлер на птушкаферме гаспадаркі. Лічбы ўнушальныя.

І ўзначальваць цэлую галіну сельгасвытворчасці — вельмі адказная справа.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.