Цаніць дзень сённяшні, або Парады з вуснаў несвіжаніна Віталія Бокуна

Для кожнага чалавека ў Бога свой план, самы лепшы. Важна толькі не адхіліцца ад яго, а зразумець сваё прызначэнне. 21 год назад у планах вучня апошняга класа  СШ № 3 г. Нясвіжа Віталія Бокуна значылася звязаць сваё жыццё з медыцынай. Ён паглыблена вывучаў біялогію,  хімію і марыў ратаваць людзей ад болю цялеснага. Толькі прыкладна за сем месяцаў да заканчэння школы бацькі параілі стаць курсантам мінскага Вышэйшага пажарна-тэхнічнага вучылішча. Віталій паслухаў і пасля яго заканчэння стаў выратавальнікам. Сёння ён і яго калегі змагаюцца за жыццё людзей зусім не медыцынскімі метадамі, праводзяць вялікую прафілактычную работу ў Нясвіжскім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, які і ўзначальвае падпалкоўнік унутранай службы Віталій Вячаслававіч Бокун. Засмучае кіраўніка толькі тое, што не ўсе прыслухоўваюцца да парад супрацоўнікаў службы. А гэта  нясе за сабой шмат стратаў,  трагедый і  зламаных лёсаў.

У 2018 годзе Віталій Вячаслававіч быў прызнаны “Чалавекам года Міншчыны”. Цікава тое, што гэтую заслужаную ўзнагароду ён тлумачыць, як выключную працу ўсяго калектыву.

Граматны кіраўнік, чалавек, які абраў сваю прафесію раз і назаўсёды, начальнік Нясвіж-скага РАНС Віталій Вячаслававіч Бокун  сустрэўся з  наведвальнікамі гуртка “Юны журналіст” СШ № 4 г. Нясвіжа ў рамках сумеснага праекта Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, раённай газеты “Нясвіжскія навіны”, раённага радыё і СШ № 4 нашага горада, каб  паразмаўляць з імі на тэмы надзённыя, падзяліцца жыццёвай мудрасцю і  даць слушныя парады на далейшае жыццё.

Юныя журналісты даведаліся, што вялікую ролю ў жыцці гэтага чалавека адыгралі  бацькі. Віталій Вячаслававіч лічыць, што толькі дзякуючы ім ён стаў і выратавальнікам, і кіраўніком у нашым раёне. Бацькоўскую падтрымку ён адчувае і зараз, хаця і сам ужо мае сям’ю, разам з жонкай выхоўвае сына і дачку.

Школу Віталій Вячаслававіч закончыў з сярэбраным медалём. Быў не толькі добрым вучнем, але і актыўным удзельнікам мастацкай самадзейнасці. Ён па сённяшні дзень удзячны ўсім сваім настаўнікам, якія дзяліліся сваімі ведамі, вопытам і жыццёвымі назіраннямі.

— Асабліва мне ў жыцці паспрыялі класны кіраўнік Ядзвіга Уладзіміраўна Сцефановіч, настаўніца матэматыкі, алгебры, геаметрыі, і Ніна Іванаўна Котава, настаўніца рускай мовы і літаратуры, — гаворыць Віталій Вячаслававіч.

Гэтыя настаўнікі дапамаглі будучаму выратавальніку не толькі асвоіць прадметы, якія выкладалі, але і нацэлілі на далейшае жыццё, паўплывалі на погляды і маральныя ўстаноўкі, дапамаглі выбраць для сябе жыццёвыя прыярытэты, асноўныя з якіх — гэта прынцыповасць і патрабавальнасць. Спачатку ў адносінах да сябе, а пасля ўжо да іншых.

— Сёння я працую на адказнай пасадзе. Таму менавіта ад гэтых прынцыпаў —  патрабавальнасці і прынцыповасці —  залежыць  здароўе і бяспека грамадзян, функцыянаванне нашай эканомікі. Калі сёння даць слабінку ў нейкіх пытаннях, то можа адбыцца незваротнае. Таму гэтыя прынцыпы для мяне асноўныя на сённяшні дзень, — дзеліцца сваімі думкамі наш суразмоўца.

Расказаў Віталій Вячаслававіч і аб тым, як стаць выратавальнікам:

— Па-першае кожны жадаючы можа атрымаць накіраванне ад Нясвіжскага РАНС.  І сёння ў Беларусі дастаткова навучальных устаноў па лініі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, але асноўны — гэта ўніверсітэт грамадзянскай абароны міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, дзе набіраюць як юнакоў, так і дзяўчат на спецыяльнасць “Інжынер па ліквідацыі і папярэджванні надзвычайных сітуацый”. Ёсць і сярэднія спецыяльныя ўстановы ў Гомелі і Салігорску. У Салігорскім горна-хімічным каледжы існуе аддзяленне пажарнай бяспекі, куды можна паступіць пасля 9-і класаў, а пасля заканчэння гэтай установы можна працаўладкавацца ў Нясвіжскі РАНС. Я б хацеў пажадаць усім, хто хоча прысвяціць сваё жыццё выратаванню людзей і бяспецы нашай краіны, настойлівасці, упартасці, добрай фізічнай падрыхтоўкі.

Самым складаным у сваёй прафесіі Віталій Вячаслававіч лічыць трагедыі людзей, што на свае вочы бачаць выратавальнікі. За больш чым дваццацігадовы працоўны стаж Віталію Бокуну прыходзілася бываць і на пажарах, і бачыць гібель людзей. Асабліва цяжка, калі гінуць дзеці.

— Памятаю той выпадак, калі ў нас загінулі дзеткі двухгадовага і трохгадовага ўзросту. Калі  загінула сям’я: маці і трое дзетак. Самае складанае — гэты боль і трагедыю ўспрыняць і перажыць. Але чалавек у нашай прафесіі неяк адаптуецца ў такіх пытаннях. Хаця не ўсе супрацоўнікі гэта вытрымліваюць. Многія звальняюцца  з-за маральна-псіхалагічнай траўмы. Усе чулі такое выказванне: “Злодзей пасля сябе хоць што пакіне, а агонь нічога не пакідае”. Таму наша дзейнасць накіравана, у першую чаргу,  на прафілактыку пажараў і надзвычайных сітуацый.

У гэтым юныя журналісты ўпэўніліся, калі пасля размовы мелі магчымасць пабываць на экскурсіі ў інавацыйна-адукацыйным цэнтры, створаным пры Нясвіжскім РАНС па ініцыятыве кіраўніка ўстановы. Інжынер інспекцыі нагляду і прафілактыкі Нясвіжскага РАНС Фёдар Янцэвіч правёў для іх сапраўдныя вучэбныя заняткі па прафілактыцы надзвычайных сітуацый. Наведвальнікі, сярод якіх была і я,  пераходзілі з пакоя ў пакой, якія спецыяльна абсталяваны для навучання. У апошнім пакоі  была імітацыя пажару. Прахо-дзячы праз задымлены лабірынт, трымаючыся за світар аднаго з вучняў, я думала: як можна ў такой сітуацыі, наогул, ступіць у полымя, выйсці жывым, ды яшчэ ўратаваць камусьці жыццё? Калі пасля гэтай сустрэчы мяне і маіх падапечных спыталі б пра тое, хто з’яўляецца героем нашага часу, адказ быў бы адназначны: гэта людзі, якія, рызыкуючы сваім жыццём, ратуюць іншых. І як важна нам не адмахвацца ад іх навукі, а выконваць усе патрабаванні. Дзеля нашага ж спакою…

І ўсё ж Віталій Вячаслававіч шчаслівы чалавек. На пытанне маладых журналістаў, ці хацеў бы ён нешта змяніць у сваім жыцці, каб была магчымасць вярнуцца ў юнацкія гады, адказаў, што не мае такіх думак.

— У мяне сёння сям’я, двое дзяцей, любімая прафесія, добры калектыў, добрыя кіраўнікі. Таму я лічу, што на сённяшні дзень я нічога не стаў бы мяняць, а пакінуў так, як ёсць.

Быць задаволеным тым, што маеш, дзякаваць за кожны пражыты дзень — гэта вялікая навука для кожнага. І выратавальнік Віталій Вячаслававіч Бокун цану гэтаму дню ведае асабліва.

На наступныя заняткі гуртка юная журналістка Карына Язэпчык, якая,  дарэчы, збіралася пасля школы стаць прафесійнай вядучай, прыйшла з такой навіной:

— Я вырашыла паступаць ва ўніверсітэт грамадзянскай абароны. Саша, давай разам, — падштурхоўвала яна да выбару яшчэ адну наведвальніцу гуртка, Аляксандру Дзяйко.

Сёння дзяўчаты заканчваюць сёмы клас. Час для роздуму яшчэ ёсць. Але нягле- дзячы на тое, стануць яны прафесійнымі выратавальнікамі ці знойдуць іншы шлях, нейкія высновы для  сябе пасля гэтай размовы яны зрабілі. А наперадзе яшчэ новыя сустрэчы і новыя парады. І няхай кожны знойдзе сваё.

Валянціна ШЧАРБАКОВА,

кіраўнік праекта “Парады

з вуснаў несвіжан”.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.