Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.48 |
Погода 7 °C

Радзівон Панкрат — ад першай баразны…

Нясвіжскія навіны 3 года назад 0 0

Пост опубликован: 16.11.2020

Яе, першую сваю баразну, несвіжанін Радзівон Панкрат праклаў у чатырнаццаць гадоў. На прыватным участку, на трактары МТЗ-82, пад наглядам роднага дзядзькі. Праўда, няроўнай яна была. Але гэта хлопца не засмуціла, наадварот, выклікала добрае ўпартае жаданне навучыцца араць, упэўнена весці трактар, зрабіць яго падуладным сваім рукам. І ён пастаянна трэніраваўся.

Цяпер юнаку — дваццаць гадоў. Ён — студэнт IV курса Беларускага  дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта, вучыцца на аграмеханічным факультэце. На трэцім курсе атрымаў пасведчанне на ваджэнне  трактараў і камбайнаў, мае правы на ваджэнне і грузавых, і легкавых аўтамашын.



Сёлета Радзівон Панкрат прадстаўляў сваю альма-матэр на рэспубліканскім конкурсе аратых, што праходзіў падчас 30-й Міжнароднай спецыялізаванай выставы “Белагра-2020”, і заняў першае месца сярод студэнтаў і навучэнцаў аграрных навучальных устаноў Беларусі. Іх у конкурсе ўдзельнічала 11 чалавек — будучых маладых спецыялістаў аграрнай галіны. Вось што расказаў Ра-дзівон нам пра тое, як праходзіў конкурс:

— У заданні былі тэорыя, практыка ворыва і пераадоленне паласы перашкод (“трактар-шоу”). Поле для ворыва нам адвялі… скажам так — складанае, каб маглі спаўна праявіць сваё ўменне. Працавалі на трактары МТЗ-1025 з трохкорпусным абаротным плугам маркі ППА-3. Трэба было захаваць аптымальную глыбіню баразны — яна не павінна перавышаць 25 сантыметраў, улічвалася прамалінейнасць баразны, глядзелі, каб не было грабянёў. На паласе перашкод рабілі бакавую паркоўку, ездзілі змейкай і васьмёркай. На навесцы трактара ляжаў незамацаваны груз (балон), і трэба, каб ён не ўпаў. За тэарэтычныя веды і якасць ворыва я атрымаў максімальную колькасць балаў — па 10, за апошняе заданне — 8,5 з дзесяці. Балона не згубіў, давёз да месца, але па дакладнасці пастаноўкі не хапіла паўсантыметра. Дакладнасць вельмі патрэбна.

— Хваляванне прысутнічала?

— Крыху было. Усё-такі гэта — конкурс. Рэспубліканскі.

— А перамагчы хацелася?

— Так, хацелася.

Са спаборніцтваў аратых Радзівон вярнуўся з Дыпломам пераможцы і каштоўным падарункам. Яго цяпер ужо далёка не першая баразна была ацэнена журы найлепшым чынам.

Трактары і машыны з дзяцінства… Так і вызначыўся хлопец, што будучую сваю прафесію выбера тэхнічную. І яго любімы прадмет падчас вучобы ў БДАТУ — “Трактары і аўтамабілі”.

… У 2015 годзе, у час летніх школьных канікул, Радзівон пайшоў памочнікам камбайнера на жніве ў дзяржаўнае прадпрыемства “Эксперыментальная база “Свеклавічная”, якім кіруе яго бацька Віталь Панкрат. Настаўнікам юнака ў майстэрні і на полі стаў старшы камбайнер Аляксандр Платун. Працавалі яны на “Лексіёне-550”.

— Работу на мехдвары пачыналі ў пяць гадзін раніцы. На той перыяд я перабіраўся жыць у Гарадзею да бабулі, каб бліжэй было да працы, а пазней, калі здаў на правы, пачаў ездзіць з Нясвіжа ў пасёлак Ударны на машыне, — успамінае мой суразмоўца. — Кампрэсарам прадувалі камбайн, ачышчалі, змазвалі неабходныя вузлы і дэталі, мянялі сегменты ў жняярцы. Так штодзённа рыхтавалі машыну да выхаду ў поле. Усяму вучыў Аляксандр Адольфавіч. Расказваў і паказваў.

Яны  адпрацавалі разам пяць жніўных сезонаў, дабіліся нядрэнных вынікаў. У першае жніво Радзівона намалацілі 1469 тон збожжа, занялі ў гаспадарцы другое месца, пацвердзілі яго на наступны год. У 2017-м з 1773 тонамі выйшлі на першае месца і ўтрымлівалі яго яшчэ два наступныя сезоны.

Сёлета абставіны склаліся так, што Радзівона прызначылі памочнікам да Аляксандра Мікалаева: уборачныя экіпажы сфарміраваліся, калі юнак яшчэ быў ва ўніверсітэце, затым памочніка Мікалаева прызвалі ў армію — і на гэтую “вакансію” трапіў Панкрат. На камбайне “Джон Дзір” яны сталі лідарамі збожжавай нівы “Свеклавічнай”. Я пацікавілася ў Аляксанд-ра Мікалаевіча Мікалаева пра Ра-дзівона. Ён адказаў:

— Хлопец  працалюбівы, уважлівы. Усё схоплівае на ляту. Выконваў усё, што трэба было, пры падрыхтоўцы камбайна да работы. На полі кантраляваў, каб не было страт зерня пры абмалоце. Я давяраў яму і за штурвал са-дзіцца, праходзіць гонку, пакуль абедаю. У нашым камбайне “Джон Дзір” болей электронікі, чым у “Лексіёне”, на якім Радзівон дагэтуль практыкаваўся. Але ж моладзі гэта тым больш цікавей. Гавару так не таму, што ён — сын нашага дырэктара (я на гэта не звяртаю ўвагі), а таму, што сапраўды — добры хлопец. І ў яго яшчэ ўсё наперадзе.

Ведаю, што Аляксандр Мікалаеў — чалавек прынцыповы, і не сумняваюся: яго ацэнка свайго памочніка — чыстая манета.

Вось такая практыка атрымліваецца ў студэнта Панкрата. Пасля заканчэння ўніверсітэта ён вернецца ў эксперыментальную базу “Свеклавічная”, якая накіроўвала на вучобу, маладым спецыялістам, будзе арганізоўваць работу, абапіраючыся на веды, што далі яму выкладчыкі, майстры вытворчага навучання і механізатары.

Радзівон умела спалучае вучобу і заняткі спортам. Захапляецца баскетболам. Выступае ва ўніверсітэцкай камандзе. Жыве ён у добраўпарадкаваным інтэрнаце, пакой з першага года вучобы дзеліць з аднакурснікамі Андрэем Красневічам з Лагойскага раёна і Да-нілам Шарабайкам з Глыбоцкага. Рэгулярна сазвоньваецца з бацькамі, з малодшым братам Данілам, які паступіў сёлета ў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, будзе юрыстам.

З задавальненнем напісала пра Ра-дзівона. Імпануе яго адкрытасць, абавязковасць, згода весці размову. Паабяцаў прыслаць па Вайберы свае здымкі — тут жа гэта зрабіў. Убачыў у тэлефоне мой прапушчаны званок — перазваніў.

… У сувязі з усім гэтым мне ўспамі-наюцца 2003 — 2005 гады, калі мы сустракаліся з тадышнім старшынёй Навасёлкаўскага  сельскага Савета Віталем Панкратам, бацькам героя майго сённяшняга аповеду. Вось ён падчас суботніка па добраўпарадкаванні тэрыторыі садзіцца за руль сельсавецкага трактара, а вось летнім водпускам кіруе збожжаўборачным камбайнам на ніве аграфірмы “Нясвіжскай”. Цяпер працы на зямлі прысвеціць сябе яго старэйшы сын.

І пачынаўся шлях юнака ад той першай яго баразны, што зрабіў падлеткам.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!