Стваралі падмурак сённяшняга

Нядаўна ў мяне была нагода пагартаць старыя падшыўкі нашай раённай газеты. 1980-я гады. З цікавасцю перачытвала заметкі. Разглядала фотаздымкі працаўнікоў, сярод якіх — многа знаёмых. З імі сустракалася, пра іх расказвала на старонках “Чырвонага сцяга”. Людзі цікавыя, заслужаныя. Вось Леанід Сяргеевіч Чабатарэнка з калгаса “17 верасня”. Працаваў механізатарам. Стаў начальнікам комплексу па вырошчванні цялушак. Кавалер ордэнаў “Знак Пашаны”, Працоўнай Славы і Працоўнага Чырвонага Сцяга. Слесар раённага аб’яднання “Сельгастэхніка” (цяпер — ААТ “Нясвіжскі райаграсэрвіс”) Генадзь Паўлавіч Клюсілаў за сваю добрасумленную, высокапрафесійную працу быў узнагароджаны ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі. А вось старшыня калгаса “Новае жыццё” Міхаіл Васільевіч Саленік. Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі. двойчы быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Свінарка калгаса імя Калініна (цяпер — СВК “Агракамбінат Сноў”) Алена Андрэеўна Сцепановіч у 1976 годзе атрымала званне Героя Сацыялістычнай Працы, была ўзнагароджана двума ордэнамі Леніна, ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі. Працы на роднай зямлі прысвяцілі ўсё сваё жыццё механізатар калгаса “Слава” (цяпер — ААТ “Юшавічы”) Валянцін Пятровіч Баханкевіч, кавалер ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, і брыгадзір паляводчай брыгады калгаса імя Леніна (ААТ “Лань-Нясвіж”) Міхаіл Юльянавіч Плакса, узнагароджаны ордэнамі “Знак Пашаны” і Кастрычніцкай Рэвалюцыі…

Аператар па адкорме свіней
калгаса “Рассвет”
Ніна Мікалаеўна Протас. 1988 г.

Можна называць прозвішчы многіх іншых жыхароў раёна, пра якія апавядала ў газеце. І з кожнай сустрэчы з імі я нешта выносі-ла ў душы для сябе — была вялікая  школа жыцця, прыклад працавітасці і энергічнасці, сціпласці і прыстойнасці, вечнага служэння Бацькаўшчыне.

Мэта гэтага артыкула — параўнаць узровень вытворчасці сельгаспрадукцыі: як было, напрыклад, сорак гадоў таму і як стала цяпер. Пачала публікацыю з людзей, бо без іх, працавітых, удумлівых, самаадданых, не было б, зразумела, і тых новых, высокіх паказчыкаў, якіх зараз дасягнуў раён, якія множаць нашчадкі, прадстаўнікі маладога пакалення. Цяжка было працаваць нашым бацькам і дзядам, многае даво-дзілася выконваць уручную. Але яны пераадольвалі цяжкасці, вучыліся, асвойвалі новыя тэхналогіі і тэхніку, дабіваліся прыкметных зрухаў у лепшы бок. Дзякуючы ім мы маем сённяшнія здабыткі.

Вось, напрыклад, жывёлагадоўля. У 1980 годзе сярэдні надой малака на адну фуражную карову складаў 2654 кілаграмы. Больш высокая прадуктыўнасць была ў калгасе імя Калініна — 3646 кг, у калгасе “Беларусь” (цяпер — ААТ “Грыцкевічы”) — 3002 кг, саўгасе “Гарадзейскі” (цяпер — ААТ “Гарадзея”) — 2900. Разам з тым, мелі месца і зусім нізкія паказчыкі: 2225 кг, 1962 кг. У індывідуальным спаборніцтве ў лідарах ішлі даяркі Тамара Пятроўна Матусевіч з эксперыментальнай базы “Ганусава” з 5090 кілаграмамі малака ад каровы, Ніна Міхайлаўна Зарожная з калгаса імя Калініна (4475 кг) і Людміла Мікалаеўна Радаман (4407 кг) з той жа гаспадаркі. Болей за чатыры тысячы кілаграмаў малака ад каровы ў раёне надаілі ў 1980 годзе шэсць даярак.

Раён меў у суткі 562 грамы прывагі буйной рагатай жывёлы. У тым ліку гарадзейцы — 773 грамы, калінінцы — 719, у “Беларусі” — 659. У асобных гаспадарках — 400 ці 300 грамаў. Было і такое. Лепшымі жывёлаводамі на адкорме з’яўляліся працаўнікі калгаса імя Калініна Станіслаў Іосіфавіч Жэрка, Мікалай Іосіфавіч Урублеўскі і Яўген Аляксандравіч Грынкевіч. Іх звяно давяло паказчык да 1066 грамаў. А на доглядзе цялят вызначыліся Вера Сцяпанаўна Фядчук з эксперыментальнай базы “Буракаводчая” (731 г сярэднясутачнай прывагі), Галіна Уладзі-міраўна Шыенка з калгаса “17 верасня” (717 г) і Ядвіга Адамаўна Салаўёва з “Буракаводчай” (706 г).

Начальнік комплексу
па вырошчванні цялушак калгаса “17 верасня” Леанід Сяргеевіч
Чабатарэнка. 1987 г.

Сярэдняя за суткі прыбаўка ў вазе адной свінні складала 353 грамы, у т.л. у калгасе імя Калініна — 473, калгасе “Рассвет” (цяпер — ААТ “Сейлавічы”) — 421, калгасе “Ленінскі шлях” (цяпер — ААТ “Лань-Нясвіж”) — 418 грамаў. Прывяду і самыя нізкія паказчыкі (200 грамаў, 300 грамаў), каб падкрэсліць: цяпер пра такое ўжо і забыліся. Сярод работнікаў свінаферм на слыху былі імёны Уладзіміра Уладзіміравіча Ляха з калгаса “1 Мая”, Анатоля Аляксандравіча Купрыянчыка і Івана Андрэевіча Зінкевіча з калгаса імя Калініна, Ніны Мікалаеўны Протас з калгаса “Рассвет”.

Сёлета ўжо за 10 месяцаў сярэдняя прадуктыўнасць адной фуражнай каровы па раёне дасягнула 6983 кілаграмаў (болей леташняга на 452 кг). У т.л. снаўчане надаілі па 9117 кг, “Грыцкевічы” — 8108, “Новае жыццё” — 7708 кг. Паказчыкі выраслі ў 2,5-2,6 раза ў параўнанні з 1980 годам. Буйная рагатая жывёла на вырошчванні і адкорме цяпер прыбаўляе ў суткі па 835 грамаў, у т.л. у “Снове” — больш чым па тысячы, у “Гарадзеі” — больш за 900 грамаў. Свінні па раёне — па 644 грамы, у “Снове” — па 796, у “Сейлавічах” — па 648 грамаў.

Цяпер паглядзім, якія змены адбыліся ў раслінаводстве.У газеце “Чырвоны сцяг” за 6  студзеня 1981 года была надрукавана заметка старшыні прафкама калгаса імя Калініна Сямёна Іванавіча Сідоркі пра вынікі папярэдняга года. Ураджайнасць збожжавых склала 29,4 ц/га па гаспадарцы, лепшая была ў брыгадзе № 1 — 30,8 ц/га. А лепшы ўра-джай бульбы — 206 ц/га — у брыгадзе № 2. Як на сённяшні час, то паказчыкі гэтыя невысокія, а на той — нават вельмі добрыя. Гаспадарка была ўзнагароджана ордэнам Дружбы народаў. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб гэтым наша “раёнка” апублікавала 31 сакавіка 1981 г. У ім гаварылася — за поспехі, дасягнутыя ў выкананні планаў дзясятай пяцігодкі па вытворчасці і продажу дзяржаве прадуктаў земляробства і жывёлагадоўлі. 25 красавіка ў Снове адбыўся ўрачысты сход. На ім другі сакратар Мінскага абкама КПБ Анатоль Міхайлавіч Фаміч прымацаваў ордэн да сцяга калгаса. Кіраўнік гаспадаркі Якаў Васільевіч Аляксанкін падзякаваў за высокую адзнаку працы свайго калектыву.

Механізатар калгаса
імя Леніна Расціслаў Адамавіч Пешкур, звеннявы
па вырошчванні бульбы. 1989 г.

25.08.81 г. “ЧС” паведаміў аб тым, што раён убраў збожжавыя культуры, і з гектара сабрана па 31 цэнтнеру зерня. У т.л. у калгасе імя Калініна — па 38,2 ц/га, у насенгасе “Друцкаўшчызна” — па 36,7 ц/га.

Адпаведныя таму часу і паказчыкі ў індывідуальным спаборніцтве. Так, лепшымі камбайнерамі на жніве сталі Анатоль Расціслававіч Жук з калгаса “Ленінскі шлях” і Аляксандр Канстан-цінавіч Карпач з калгаса “17 верасня”. Абодва працавалі на камбайнах СК-5 і намалацілі па 418 тон збожжа. Лепшы вадзіцель — Валянцін Эдуардавіч Акалатовіч з калгаса імя Калініна — на машыне ГАЗ-53 перавёз 659 тон. А перадавы машыніст КЗС-20 — Міхаіл Адамавіч Бераг з калгаса “17 верасня” — перасушыў 2720 тон збожжа.

Сёлета кожны гектар збожжавай нівы Нясвіжчыны даў па 66,7 цэнтнера. Найбольш багатым ён быў у ААТ “Грыцкевічы” — 85,8 ц/га, СВК “Агракамбінат Сноў” — 85,6 ц/га, ААТ “Новае жыццё” — 85,1 ц/га. У фізічнай вазе болей збожжа намалаціў камбайнер “Снова” Сяргей Вайняк — 2461 т, адвёз ад камбайнаў — вадзіцель Алег Віннічак з той жа гаспадаркі (3379 т), найбольш перасушыла — звяно Анатоля Казляка з “Новага жыцця” (12344 т).

Агульны хлебны каравай Нясвіжчыны заважыў сёлета 140,7 тысячы тон.

Духмяны хлебны каравай — на стале, запасы збожжа — у засеках. На Гарадзейскі цукровы камбінат адпраўлены цукровыя буракі. На палях закладзены падмурак ураджаю 2021 года. Мірная, стваральная праца прыносіць дабрабыт кожнай сям’і, раёну, усёй Беларусі. І як важна цаніць тое, што маем, што дасягнута часам непасільнай працай.

 

 

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,

член Беларускага

саюза журналістаў.

Фота з архіва рэдакцыі.

(Працяг тэмы будзе).

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.