Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.48 |
Погода 4 °C

“Звяжам свет прыгажосцю”: адкрыўся другі міжнародны праект аматараў ірландскіх карункаў

Нясвіжскія навіны 3 года назад 0 0

Пост опубликован: 03.12.2020

У мінулую суботу ў Белай бальнай зале замка Радзівілаў адбылося незвычайнае мерапрыемства — тут адкрыўся другі міжнародны праект аматараў ірландскіх карункаў “Звяжам свет прыгажосцю”, які прайшоў пад кіраўніцтвам адзінага ў Беларусі члена адміністратыўнай нарады Міжнароднай арганізацыі каруначніц OIDFA, члена гільдыі дызайну і рамёстваў Ірландыі, члена гільдыі ірландскіх карункаў горада Дубліна  Вольгі Старасцінай. 



Член адміністратыўнай нарады Міжнароднай арганізацыі каруначніц OIDFA, член гільдыі дызайну і рамёстваў Ірландыі,
член гільдыі ірландскіх карункаў горада Дубліна Вольга Старасціна і намеснік дырэктара НГКМЗ “Нясвіж” Наталля Жэрка

Сутнасць праекта ў тым, што ўдзельнікі міжнароднай школы аматараў ірландскіх карункаў з розных краін падрыхтавалі ў дар Нацыянальнаму гісторыка-культурнаму музею-запаведніку “Нясвіж” для ўпрыгожання навагодняй ёлкі рознакаляровыя шкляныя ёлачныя шары, аздобленыя ірландскімі карункамі і сетачкай з залатой ніці, перлінамі, стразамі і бісерам ад знакамі-тага брэнда Свароўскі. Кожны шар — унікальны, таму што ўпрыгожаны карункамі ручной работы, узор якіх не паўтараецца.

Паколькі тэхніка стварэння падобных шароў, якую распрацавала Вольга Старасціна, пакуль не мае шырокага распаўсюджвання ў свеце, навагодняя ёлачка Нясвіжскага палаца, упрыгожаная імі, будзе  адзінай у сваім родзе.

Першым міжнародным праектам “Звяжам свет прыгажосцю” стаў ёлачны шар, створаны сумесна майстрамі Міжнароднай школы аматараў ірландскіх карункаў з розных краін. Яго элементы прысылаліся Вользе, якая сабрала іх у адно. Пасля фатаграфавання гэтай эксклюзіўнай цацкі ў Луўры каля карціны Леанарда да Вінчы “Партрэт спадарыні Лізы дэль Джаконда” Вольга Старасціна перадала яе ў дар музею горада Кланес у Ірландыі, дзе з таго дня яна беражліва захоўваецца як экспанат музея са спісам  удзельнікаў праекта.

Вітаючы ўдзель-нікаў мерапрыемства, намеснік дырэктара НГКМЗ “Нясвіж” Наталля Жэрка ў сваім уступным слове адзначыла, што ў Нясвіжскім замку штогод здзяйсняюцца новыя нестандартныя праекты, але многія з запланаваных на гэты год, асабліва міжнародных, былі перанесены або адменены з-за эпідэміялагічнай сітуацыі ў свеце. Аднак праект “Звяжам свет прыгажосцю” ўсё ж такі змог адбыцца, і гэта хочацца лічыць добрым прадвесцем на надыходзячы год.

— Што тычыцца традыцыі ўпрыгожвання навагодніх ёлак унутры замка (акрамя галоўнай у двары), то мы яе падгледзелі ў Англіі, у замку Мальбара, у горадзе Вудсток, — расказала прысутным Наталля Пятроўна. — Там нас уразіла вялікая колькасць ёлак, якімі былі ўпрыгожаны залы. Гэта ідэя нам вельмі спадабалася, і пачынаючы з 2016 года мы яе рэалізуем і ў сябе. Сёлета ў розных месцах нашага замка, уключаючы рэстаран і гатэль, будуць красавацца больш за 20 навагодніх прыгажунь, галоўная з якіх з дня на дзень з’явіцца ў двары замка.

Як паведаміла ідэйная натхняльніца і арганізатар праекта “Звяжам свет прыгажосцю” Вольга Старасціна, непаўторныя шары-прыгажуны для Нясвіжскага замка былі створаны майстрыхамі, членамі міжнароднай школы аматараў ірландскіх карункаў з Канады, Польшчы, Латвіі, Украіны, Ра-сійскай Федэрацыі, і, вядома, нашай Беларусі. Некаторыя з іх разам з Вольгай Старасцінай і іншымі ўдзельнікамі святочнага мерапрыемства прынялі ўдзел ва ўпрыгожванні ёлкі.

У чым жа ўнікальнасць ірландскіх карункаў? Як патлумачыла ў нашай гутарцы спадарыня Вольга, яны не ткуцца суцэльным палатном, як гэта прынята ў Беларусі і Расіі. Тонкім кручком вырабляюцца асобныя невялікія элементы будучага вырабу (а ён можа быць чым заўгодна — ад сурвэткі да сукенкі), якія потым злучаюцца адзін з адным гэтак жа ўручную вырабленай сетачкай. Для гэтага выкарыстоўваюцца ніткі з італьянскай мерсірызіраванай бавоўны і тонкія швейныя ніткі беларускай вытворчасці.

Удзельнікі праекта ўпрыгожваюць адну з замкавых ёлак шарамі з ірландскімі карункамі

Сама ж майстрыха, унучка бабуль-рука-дзельніц, а па галоўнай адукацыі — настаўнік пачатковых класаў і геаграфіі, яшчэ ў дзяцінстве навучылася вязаць кручком, і ў пэўны час убачыла ў ірландскіх карунках унікальную магчымасць зрабіць сваё дзіцячае захапленне справай усяго жыцця, якая прыносіць ёй велізарнае задавальненне і непараўнальны ні з чым душэўны пад’ём.

— Я лічу выраб карункаў сапраўдным мастацтвам, — адзначыла мая суразмоўца. — Гэта праца ручная, унікальная, таму кожны выраб — непаўторны, і як бы ты не хацеў, яго нельга зрабіць яшчэ раз абсалютна аднолькава, усё роўна будуць адрозненні.

Для ўдзельнікаў святочнага мерапрыемства на ўнікальным інструменце — кельтскай арфе — іграе салістка Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Кацярына Жураўлёва

І калі я бачу захапленне ў вачах тых, хто глядзіць на мае работы, я адчуваю сапраўднае шчасце і радасць ад сваёй працы.

Асвоіўшы майстэрства стварэння ірландскіх карункаў пры дапамозе інтэрнэта, Вольга Старасціна зараз і сама стала запатрабаваным педагогам. Яна вядзе ан-лайн навучанне для тых, хто хоча далучыцца да кагорты карункаўніц, выдала тры навучальныя дапаможнікі на рускай мове і толькі што,1 снежня, выйшаў трэці — на англійскай, правяла 20 майстар-класаў у Мінску, Маскве, Кіеве, Санкт-Пецярбургу, Варшаве.

У канцы нашай гутаркі спадарыня Вольга выказала вялікую ўдзячнасць кіраўніцтву і калектыву НГКМЗ “Нясвіж” за падтрымку ідэі правядзення праекта “Звяжам свет прыгажосцю” ў Нясвіжскім замку, таму што для яе, ураджэнкі Нясвіжчыны, якая нарадзілася і вырасла ў Снове, асабліва дарагая кожная магчымасць несці ў вялікі свет добрае імя роднай зямлі. І гэта не проста словы — фотасесія навагодніх шароў для ёлкі ў Нясвіжскім замку будзе размешчана ў бюлетэні OIDFA для 35 краін-удзельніц на англійскай мове, ва ўсіх сацыяльных сетках інтэрнэта, а таксама ўвойдзе ў каталог “Шары навагодняй ёлкі ў падарунак Нацыянальнаму гісторыка-культурнаму музею-запаведніку “Нясвіж”, які будзе распаўсюджаны амаль па ўсіх краінах, што, безумоўна, пакіне вялікі рэзананс сярод аматараў ірландскіх карункаў ва ўсім свеце і стане сапраўднай гістарычнай падзеяй сярод пры-хільнікаў майстэрства вязання кручком.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ. 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!