Адзіны куточак на планеце…

Малая радзіма… Колькі любові, пяшчоты, дабрыні, успамінаў укладзена ў гэтыя маленькія словы. У кожнага чалавека ёсць той адзіны куточак на планеце, дзе ён з’явіўся на свет, дзе прайшло яго дзяцінства, юнацтва, да якогда “прыкіпеў” душой і сэрцам, дзе наогул дарагое ўсё. Родныя мясціны з нейкай таямнічай, чароўнай сілай вабяць да сябе, як напаленая печка ў халодны зімовы дзень.

Пры ўспаміне аб роднай Каменцы мяне ахоплівае радасць і сум адначасова. Радасць  ад таго, што зноў сустрэнемся з такімі жаданымі роднымі краявідамі, з сябрамі, знаёмымі. І ў той жа час — сум: мая вёска знікае. Але мы, яе ўраджэнцы, робім усё для таго, каб яна засталася жыць як можна найдалей. Цяперашнія і былыя жыхары Каменкі вырашылі ўвекавечыць родную вёску.

Калі ехаць высаджаным стройнымі таполямі гасцінцам, што вядзе з мястэчка Сноў у Клецк, дык справа можна было ўбачыць зусім старэнькую драўляную капліцу. Яе немагчыма было ўжо адрамантаваць. Таму ўзнікла думка пабудаваць новую. На сродкі ўраджэнцаў вёскі і была пабудавана новая капліца (падрабязней аб гэтым было расказана ў “НН” у артыкуле ад 31 снежня “З малітвай аб родным кутку”). Яна атрымала назву ў гонар абраза Божай Маці “Усецарыца”. Перад гэтым святым абразом моляцца пры анкалагічных захворваннях. Такія богаслужэнні праводзіць іерэй Васіль Краеў па пятніцах. А таксама праходзяць богаслужэнні і ў вялікія святы. Тады ў каменскую капліцу з’язджаюцца людзі з навакольных вёсак і гарадоў.

Новая капліца — помнік вёсцы, якая знікае, і падарунак тым, хто спачывае на каменскіх могілках. Часта сустракаемся і ў музеі вёскі, які стварылі энтузіясты-патрыёты Ніна Іванаўна Нагорная і Марыя Іванаўна Драчан. Ён у нас як напамін пра сувязь часоў і падзей, як сведчанне таго, што нашы продкі думалі пра хлеб не толькі надзённы, але і пра духоўны. Прыходзяць сюды аднадумцы, людзі, якія моцна ўлюбёныя ў родныя мясціны, якія не старэюць душой і сэрцам, людзі, якія наведваюць магілы продкаў.

У музеі праводзім гутаркі, розныя мерапрыемствы. Вось і ў мінулым годзе, на Пакровы, у Дзень маці, успаміналі вядомых у вёсцы зямлячак. У першую чаргу, вядома, гаварылі пра Ніну Іванаўну Нагорную. Яе няма з намі ўжо 7 год. Гэта дзякуючы сёстрам-актывісткам Ніне Іванаўне і Марыі Іванаўне з,явілася традыцыя сустракацца, успамінаць мінулае, абмяркоўваць розныя падзеі.

Успомнілі добрым словам і настаўнікаў, якія былі выхадцамі з Каменкі: Яніну Пятроўну Акулік, Ядвігу Люцьянаўну Андросік, Надзею Антонаўну Рыштоўскую, Надзею Анісімаўну Паклонскую. Вядома, кожны ўспомніў сваю любімую матулю, яе звычкі, заняткі, любімыя песні.

Хацелася б, каб усе ўраджэнцы Каменкі прыязджалі на малую радзіму часцей, не забывалі пра родныя мясціны, пра пахаваных родных, каб заставаліся вернымі роднаму кутку.

А я дзякую лёсу за тое, што мая вёска была, ёсць, што застанецца ў памяці назаўсёды. Я дзякую і бацькам, што прывілі гэту любоў да дарагіх сэрцу мясцін. І дзе б я ні была, я заўсёды буду памятаць сваіх сяльчан, сваю родную Каменку. Для мяне родныя мясціны самыя дарагія сэрцу, самыя любыя. Вельмі трапна сказаў пра сувязь з роднай зямлёй паэт Пімен Панчанка ў вершы “Зямля бацькоў”:

Нас б’е па сэрцах паскарэнне,

Сціскаюцца прастора, час.

А матчынай зямлі карэнні

Ніколі не адпусцяць нас.

Тамара МІХНАВЕЦ,

ураджэнка вёскі Каменка.

Распечатать

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.