У аўторак у Чэрвені адбылася абласная дыялогавая пляцоўка для абмеркавання актуальных пытанняў развіцця краіны і рэгіёнаў. У яе рабоце прынялі ўдзел памочнік прэзідэнта па Мінскай вобласці Ігар Яўсееў, намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Маркевіч і старшыня Чэрвеньскага райвыканкама Віталь Казлоў. Мадэратарам сустрэчы выступіў дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Вадзім Гігін.
Звяртаючыся ў сваім прывітальным слове да ўдзельнікаў сустрэчы, намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Маркевіч адзначыў, што пры падрыхтоўцы горада да абласных Дажынак было праведзена вельмі шмат работы, і што калі б у кожным раёне зрабілі хаця б 50 працэнтаў ад гэтага, сталічны рэгіён меў бы зусім іншы выгляд.
Пасля адкрыцця дыялогавай пляцоўкі ўдзельнікі па групах пачалі наведванне аб’ектаў сацыяльнай сферы Чэрвеньскага раёна.
У Чэрвеньскім прафесійным будаўнічым ліцэі гасцям паказалі, як у гэтай установе адукацыі арганізавана падрыхтоўка спецыялістаў. Вельмі ўразіла ўдзельнікаў сустрэчы і выстава мастацкай творчасці, разгорнутая ў фае ліцэя, на якой былі прадстаўлены работы майстроў Смілавіцкага цэнтра народнай творчасці. Свае таленты, як музычныя, так і мастацкія, гасцям прадэманстравалі выхаванцы Чэрвеньскай дзіцячай школы мастацтваў.
Для ўдзельнікаў дыялогавай пляцоўкі таксама была праведзена змястоўная экскурсія па Чэрвеньскім раённым краязнаўчым музеі.
Затым прадстаўнікі сталічнай вобласці змаглі пазнаёміцца з выставай “Міншчына спартыўная, Міншчына турыстычная” ў Чэрвеньскай СДЮШАР, тут жа для іх былі арганізаваныя тэатралізаванае узнаўленне атмасферы французскай кавярні “Ратонда”, дзе збіраліся мастакі Парыжскай школы, паплечнікі знакамітага ўраджэнца Чэрвеньскага раёна Хаіма Суціна, а таксама інсталяцыя музычнай гасцёўні “Станіслаў Манюшка — дзеяч беларускай музычнай культуры”.
Другой часткай мерапрыемства стала непасрэдна абмеркаванне актуальных пытанняў развіцця краіны і рэгіёнаў у рамках абласной дыялогавай пляцоўкі.
Падчас дыялогу ўдзельнікаў прагучалі самыя розныя прапановы і пытанні. Іх фіксавалі і каментавалі начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Мікалай Башко, начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Наталля Баярская, начальнік галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінаблвыканкама Яўген Булойчык, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Аляксандр Ільясевіч, старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў Віктар Маліноўскі, намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Маркевіч і памочнік прэзідэнта па Мінскай вобласці Ігар Яўсееў.
Абмяркоўваліся пытанні забеспячэння маладых спецыялістаў жыллём, іх замацоўвальнасці на месцах праз зацікаўленасць магчымасцю кар’ернага росту на прыкладзе Чэрвеньскай ЦРБ, а таксама пытанні раз’яднання ўпраўленняў па адукацыі і спорце і турызме. Была вылучана прапанова правесці падобныя дыялогавыя пляцоўкі ў рэгіёнах з удзелам моладзі.
Асаблівую ўвагу звярнулі на дыстанцыйную адукацыю і патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення.
Асобны блок у размове быў прысвечаны сферы аховы здароўя. Гаварылі аб рабоце ўрача агульнай практыкі на прызыўным пункце, прапаноўвалі вярнуць магчымасць паступлення ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы медыцынскага профілю з 9 класа, падымаліся пытанні дэмаграфіі.
Падчас работы дыялогавай пляцоўкі была звернута ўвага на пашырэнне магчымасцей выкарыстання сямейнага капіталу і аказанне падтрымкі шматдзетным сем’ям.
Таксама былі закранутыя тэмы развіцця сродкаў масавай інфармацыі, у прыватнасці, мэтазгоднасці арганізацыі медыяхолдынгаў для беларускіх СМІ.
Вынікі дыялогу падвялі Іван Маркевіч і Ігар Яўсееў.
Абласная дыялогавая пляцоўка ў Чэрвені завяршылася флэшмобам з удзелам спартсменаў мясцовай СДЮШАР.
“НН”.