Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 12 °C

Слова наватараў

Нясвіжскія навіны 3 года назад 0 0

Працягваем размову пра тое, як было і як стала, аддаючы даніну павагі працаўнікам Нясвіжчыны мінулых гадоў. Гартаю старонкі “Чырвонага сцяга” за 1980-я гады, і тэма сама просіцца на кончык пяра: даяркі. Заметкі на газетных палосах за іх подпісамі з’яўляліся вельмі часта.

Кожны год жывёлаводы раёна, дзякуючы ўласнаму старанню і ўкараненню ў вытворчасць новых тэхналогій, падымаліся на прыступку вышэй. Так, малака на адну фуражную карову ў 1984 годзе мелі 2964 кілаграмы, на 310 кг болей, чым у 80-м. Лепшы паказчык быў у калгасе імя Калініна (3851 кг). У перадавікі выйшлі даяркі Хрысціна Баляславаўна Жданюк (5333 кг) і Ганна Сцяпанаўна Задонская (4906 кг) з гэтай гаспадаркі, а таксама Ірына   Канстанцінаўна Роўба з эксперыментальнай базы “Ганусава” (4810 кг). Сем даярак раёна атрымалі тады звыш чатырох тон малака ад каровы.



У 1986 годзе Хрысціна Жданюк прапанавала адкрыць на старонках раённай газеты Клуб чатырохтысячніц. Яе прапанову падтрымалі. Х.Б. Жданюк і ўзначаліла гэта аб’яднанне. Даяркі апавядалі ў “Чырвоным сцягу” пра свае справы. Дзяліліся сакрэтамі майстэрства, расказвалі, што перашкаджае ім упэўнена рухацца наперад. Прыклад паказала сама Хрысціна Жданюк. Трымаючы першае месца ў раёне, яна выказвала шкадаванне, што не адчуваецца вострай канкурэнцыі, няма духу саперніцтва, якое б па-добраму падганяла. У яе калгасе не вырашылі пытанне з мантажом малакаправода, толькі ў стадыі завяршэння пакой адпачынку. “Не стварыўшы для людзей належных умоў працы і адпачынку, цяжка многага дабіцца”, — упэўнена даярка (“Чырвоны сцяг” ад 17 чэрвеня 1986 года).

Аператар машыннага даення
калгаса імя Калініна Хрысціна
Баляславаўна Жданюк. 1987 г.

Першай на яе прапанову адкрыць Клуб чатырохтысячніц адгукнулася аператар машыннага даення фермы “Вялікая Лысіца” Лідзія Казіміраўна Мацавіла з саўгаса “Гарадзейскі”. Яна прапанавала шукаць рэзервы і ўкараняць іх: “Неабходна з найвышэйшай адказнасцю падыходзіць да даручанай справы, змагацца за ўмацаванне працоўнай дысцыпліны, творча ставіцца да выканання сваіх абавязкаў, не парушаць распарадку дня, акуратна і своечасова карміць і даіць кароў”. Скажаце: прапісныя ісціны, але ж яны, паверце, актуальныя і цяпер, калі ад каровы атрымліваюць ужо не      4-5 тысяч кілаграмаў малака ў год, а ўдвая болей.

Чатырохтысячніца з МТФ “Казлы” калгаса “Новае жыццё” Алена Мікалаеўна Мікуліч бачыла канкрэтныя задачы: “Трэба палепшыць кармавую базу. У зімовы перыяд, напрыклад, не хапае буракоў, жамерын. Кіраўніцтву трэба падумаць аб механізацыі на ферме. Пакуль што і гной уручную выдаляецца, і мяшкі з мукой цягаць даводзіцца. Не да канца адрэгулявана пытанне ўзнаўлення дойнага статка”. Дзелавымі, канкрэтнымі былі таксама выступленні Галіны Іванаўны Дорда з саўгаса “Гарадзейскі”, Ліліі Міхайлаўны Жук з калгаса імя Леніна, Ганны Іванаўны Парэйка з “Новага жыцця” і іншых даярак.

Затым аб’яднанне стала называцца раённым Клубам пяцітысячніц. Па выніках 1987 года 47 аператараў Нясвіжчыны надаілі ад каровы болей за 5000 кг малака — пачынаючы з 5965 кілаграмаў у групе Марыі Іванаўны Заяц з калгаса “Беларусь” і заканчваючы 5004 кілаграмамі ў групе Маі Мікітаўны Пінчук з калгаса імя Калініна. Наогул, у апошняй гаспадарцы пяцітысячніц было больш за ўсё — 18 чалавек. Яшчэ ў Клуб уваходзілі даяркі з саўгаса “Гарадзейскі”, калгасаў “Новае жыццё”, імя Леніна, імя Дзяржынскага. Жанчыны часам збіраліся разам, абмяркоўвалі справы. Адно з такіх пасяджэнняў Клуба прайшло ў Снове. Выдатных працаўніц вітала кіраўніцтва раёна, кіраўнікі гаспадарак, спецыялісты галіны.

Было распрацавана Палажэнне аб раённым Клубе пяцітысячніц. Удзель-нікі пасяджэння прынялі зварот да ўсіх жывёлаводаў раёна, заклікалі працаваць пад дэвізам “Сёння — рубеж перадавіка, заўтра — норма для ўсіх”.

Аператар машыннага даення
саўгаса “Гарадзейскі” Валянціна Васільеўна Абрамовіч. 1988 г.

Прыкметна павялічылася колькасць даярак-чатырохтысячніц. За 1987 год у іх шэрагі выйшлі 116 чалавек. Адкрывала спіс Любоў Георгіеўна Байкалава з калгаса імя Калініна, завяршала Яніна Маркаўна Дронікава з той жа гаспадаркі.

Спаборніцтва набывала размах. 1988 год з 6-тысячным надоем малака ад каровы завяршылі шэсць даярак раёна. Наперадзе ішлі Алена Іванаўна Сень і Марыя Якаўлеўна Гурын з саўгаса “Гарадзейскі”.

Сёння самыя высокапрадуктыўныя каровы стаяць на малочнатаварным комплексе “Сычы” СВК “Агракамбінат Сноў”. У гаспадарцы з задавальненнем называюць аператараў з гэтага МТК: Таццяна Сцяпанаўна Рэут, Наталля Іванаўна Сайко, Галіна Яраславаўна Усачова, Наталля Люцыянаўна Вітко і іншыя.

Планка ў 11 тысяч кілаграмаў малака ад каровы была ўзята тут летась. Цяпер за 11 месяцаў ужо ёсць 10503 кг (+275 кг). А ў сярэднім па раёне гэты паказчык за дадзены перыяд выйшаў на 7655 кілаграмаў, на 496 кг болей, чым было летась за 11 месяцаў. Прытым змагаюцца ўсе не проста за “вал”, а і за высокую якасць сваёй прадукцыі. Гэта — дадатковыя грошы, а яны заўсёды патрэбныя. Для развіцця гаспадарак, для задавальнення ўласных патрэб вяскоўцаў.

 

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,

член Беларускага саюза журналістаў.

Фота з архіва рэдакцыі.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!