“А верш імкнецца да нябёсаў…”

Душа кожнага чалавека імкнецца да нябёсаў. Нават калі яна пра гэта яшчэ не ведае. І было б вельмі добра, каб і кожнае наша слова таксама да нябёсаў імкнулася, было ўзвышаным, прачуленым, лагодным і шчырым. Такім, як у вершах, якія гучалі з вуснаў удзельнікаў конкурсу чытальнікаў духоўнай паэзіі “А верш імкнецца да нябёсаў…”, які стаў традыцыйным, бо праходзіў  ужо трэці год на базе СШ № 4 нашага горада. Конкурс прысвечаны аднаму з найцудоўнейшых свят, святу Нараджэння Хрыстова. Яго арганізатары  — супрацоўнікі Нясвіж-скай цэнральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, педагогі СШ № 4 г. Нясвіжа і благачынны Нясвіжскай царкоўнай акругі настаяцель храма Узнясення Гасподняга протаіерэй Аляксандр Данчанка.

Кожную справу трэба пачынаць з блаславення. Таму на пачатку конкурсу да ўдзельнікаў звярнуўся клірык храма Узнясення Гасподняга іерэй Іаан Уханаў. Ён не толькі блаславіў рабят, але і паразважаў аб важнасці такой падзеі ў лёсе ўсяго чалавецтва, як прыход у свет Госпада нашага Ісуса Хрыста.

Вітала канкурсантаў і сябра раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі”, рэгент аднаго з хораў храма Узнясення Гасподняга Алена Расціславаўна Шаблоўская, аўтар шматлікіх вершаў і песень духоўнай тэматыкі.

Конкурс праходзіў у трох узроставых катэгорыях. Сярод жадаючых пазмагацца ў майстэрстве чытання паэтычнага слова былі вучні чацвёртых, пятых і дзявятых класаў. Удзел у гэтай падзеі стаў для іх чарговай нагодай папрацаваць на  ніве духоўнай.

Кампетэнтнае журы ў складзе старшыні райкама  прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Нясвіжскага раёна Кацярыны Дубовік, загадчыка аддзела па рабоце з дзецьмі Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы Алёны Чухлей, намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ № 4 г. Няс-віжа Вольгі Жукоўскай, сябра раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” Алены Шаблоўскай і старшыні журы клірыка храма Узнясення Гасподняга іерэя Іаана Уханава вызначыла пераможцаў.

Сярод чацвёртакласнікаў лепшай стала Аляксандра Сівуда-Вардомская, якая выдатна прадставіла верш беларускай паэткі  Святланы Зубовіч “Убор”, запрасіўшы да сатворчасці сястру Паліну. Другое месца заняў Мацвей Макарэвіч, трэцяе — Аляксандра Чурак.

Сярод пяцікласнікаў перамог Павел Усеня, які прадставіў на суд журы верш Фёдара Дастаеў-скага “Божы дар”. Другое месца падзялілі Яна Сіманава і Уладзімір Дамарацкі. Трэцяе месца заняла Валерыя Мархель.

Большасць удзельнікаў конкурсу ўжо чацвёрты год наведвае гурток “Духоўнае слова”  СШ № 4, а з верасня мінулага года яны сталі ўдзельнікамі сумеснага праекта аддзела па рабоце з дзецьмі Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, Нясвіжскага благачыння і СШ № 4 г. Нясвіжа.

Пераможцамі сярод дзевяцікласнікаў сталі Паліна Літвінская (1 месца) і Яўгеній Дубовік (3 месца), наведвальнікі клуба “Ноеў каўчэг” раённай бібліятэкі і гуртка “Юны журналіст” СШ № 4 г. Нясвіжа.

Усе пераможцы і ўдзельнікі конкурсу былі ўзнагароджаны дыпломамі і граматамі, а таксама падарункамі, якія прадаставілі райкам  прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Нясвіжскага раёна, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Нясвіжскага райвыканкама і храм Узнясення Гасподняга г. Нясвіжа.

Конкурс чытальнікаў духоўнай паэзіі “А верш імкнецца да нябёсаў-2020” ужо стаў гісторыяй. Але дабрыні і шчырасці ў душах яго ўдзельнікаў ён, безумоўна,  дадаў. І няхай не толькі словы вершаў узносяць да вышынь, але і іншыя словы, прамоўленыя ўслых. Няхай яны будуць найлепшымі, як і думкі, з якіх усё пачынаецца.

Валянціна ШЧАРБАКОВА.

Фота Алёны ЧУХЛЕЙ.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.