Добрыя клопаты снаўчан

Калектыў СВК “Агракамбінат Сноў” — гэта людзі, з’яднаныя самаадданай працай, высокім пачуццём адказнасці, гонарам

за дасягненні сваёй гаспадаркі  і вялікай любоўю да хлебаробскай справы. Сёння мы прапануем

нашым чытачам пазнаёміцца  з некаторымі з іх.

Аператар машыннага даення Алена Астроўская працуе ў гаспадарцы 33-і год.  Увесь час — на малочнатаварнай ферме “Новы Сноў”. Летась ад кожнай фуражнай каровы атрымала па 10760 кілаграмаў малака. Пра сваю работу Алена Іванаўна расказвае:

— Калі пачынала, каровы стаялі на прывязі, малако мы даілі апаратамі ў бачкі. Затым зманці-равалі малакаправод. Падчас наступнай рэканструкцыі пабудавалі даільную залу, уключылі дзве “Паралелі” 14х2. Апошнім часам зноў прайшло пераабсталяванне, і мы працуем на новай даільнай устаноўцы. Разам са мной стараюцца аператары Ала Мікша, Таццяна Беланоўская, Ірына Такарава, Раіса Бабрыковіч.

Аб тым, што сваім добрасумленнем і высокім прафесіяналізмам Алена Астроўская заваявала аўтарытэт і давер, сведчыць такі факт. Падчас правядзення Міжнароднай выставы “Белагра” яна шмат гадоў суправаджала на конкурс на лепшую племянную карову прыгажунь-рагуль з агракамбіната. Трэба было не проста даіць кароў на пляцоўцы, а любоўю і ласкай ствараць ім камфортныя ўмовы, здымаць стрэс, які жывёлы маглі атрымаць ад пераезду.

Як адну з лепшых рабочых сельгаспрадпрыемства, Алену Астроўскую ўключылі ў склад яго дэлегацыі на раённы злёт перадавікоў.

Уся яе сям’я працуе ў агракамбінаце. Муж Мікалай Васільевіч — трактарыст на МТФ “Дольны Сноў”. Сын Дзмітрый — на МТК “Сычы”, малодшы, Яўген, — будаўнік.

Дарэчы, Алена Іванаўна працягвае працоўны шлях сваёй мамы, якая таксама была даяркай.

— Аб чым цяпер Ваш клопат, акрамя работы?

— Самы галоўны клопат — унукі. Іх у нас трое. Два школьнікі і выхаванка дзіцячага садка.

— Як Вы лічыце — што галоўнае ў жыцці?

— Здароўе. Няма здароўя — нічога не будзе.

 

Ёсць такая прафесія ў сельскай гаспадарцы — аператар па вырошчванні падсосных парасят. Вось гэтым і займаецца на свінакомплексе СВК “Агракамбінат Сноў” Аляксандра Пазняк. Прыйшла сюды ў лістападзе 2006 года, папрацавала падсобнай рабочай, а з пачатку 2007-га стала аператарам.

Работа арганізавана звеннявым метадам. У адным звяне з Аляксандрай — аператары Валянціна Карпач і Тамара Мацюшава, ветэрынарны фельчар Марыя Кузіна, падменнай працуе Наталля Раманоўская, начнымі аператарамі — Галіна Заяц і Ірына Каліноўская.

— Даглядаем паросных свінаматак — іх на звяно прыпадае 320 галоў, прымаем апаросы (а ў месяц паросіцца 120 і болей свінак) і да месячнага ўзросту гадуем побач з імі парасят, — расказвае Аляксандра Іванаўна. — Так-так, у нас той жа раддом. Абціраем маленькіх, шліфуем зубкі, пад-кладваем да саскоў “мамак”, каб смакталі малако. З другога — трэцяга дня прывучаем да камбі-корму. Сочым за малымі ўважліва, каб усе дастаткова елі, не адставалі ў росце. Калі трэба, некаторых падкладваем пад “лепшую маму”, у якой лепш развітыя саскі або меней сваіх парасятак нарадзілася. Бывае, што некаторыя малыя ўжо з 21-га дня жывуць асобна ад маці — яны буйныя, моцныя. Мы іх жартам называем выскачкамі.

— Вам падабаецца такая работа?

— Каб не падабалася, то не працавала б, — адказала мая суразмоўца. — А працаваць старанна трэба ўсюды, калі хочаш зарабіць.

У мінулым годзе яна адняла 11917 парасят.

Сваёй добрасумленнай працай Аляксандра Іванаўна заслужыла павагу. На справаздачным сходзе агракамбіната, што прайшоў у мінулую суботу, атрымала Падзяку старшыні Нясвіжскага райвыканкама і грашовую прэмію.

Жыве мая суразмоўца ў прыватным доме ў вёсцы Новы Сноў. Прысядзібны ўчастак займае 42 соткі. Гаспадыня садзіць бульбу, сее агарод, на астатняй плошчы расце трава, яна ідзе на корм жывёле — Аляксандра Іванаўна трымае авечак і трусоў. Іх мяса — добры дадатак да заработнай платы ў сямейны бюджэт. Маміны клопаты патрэбны дзецям. Дачка працуе ў Нясвіжы, сын вучыцца ў машынабудаўнічым каледжы ў Мінску. А яшчэ Аляксандра клапоціцца пра сваю маму, што жыве ў суседняй хаце, прывозіць — трынаццаць гадоў за рулём легкавушкі — неабходнае. Праўда, у вёску раз у тыдзень прыязджае аўтамагазін агракамбіната, 72-гадовая Галіна Уладзіміраўна і сама ходзіць да яго па прадукты.

Аб тым, што лічыць галоўным у жыцці, пацікавілася я і ў Аляксандры Пазняк. Яна, як і мая папярэдняя суразмоўца, адказала: “Здароўе”. І падкрэсліла: “Здароўе мамы і дзяцей”.

 

Механізатар СВК “Агракамбінат Сноў” Уладзімір Кастоўскі ў гэтыя зімовыя дні займаецца вывазкай арганікі на палі. А прыйдзе вясна — будзе араць глебу, сеяць збожжавыя і кукурузу. 9-корпусны плуг і кукурузная сеялка, якія за ім замацаваны, ужо гатовы да работы. На збожжавай сеялцы заменіць насеннеправоды — і можна ў поле. На сваім магутным трактары “Нью Холанд” ён летась пасеяў 1810 гектараў збожжавых культур, рапсу і траў і 1763 гектары кукурузы. Даручаную работу заўсёды выконвае добрасумленна і якасна. Вось так дбае пра ўра-джай. На справаздачным сходзе агракамбіната Уладзімір Кастоўскі атрымаў Падзячнае пісьмо старшыні Нясвіжскага райвыканкама і прэмію.

Механізатарам Уладзімір Анатольевіч працуе 25 гадоў, і ўсе — у агракамбінаце. 15 гадоў таму яго сям’я атрымала ў гаспадарцы дом сядзібнага тыпу па новай вуліцы ў вёсцы Грускова. Пяць гадоў як Уладзімір выкупіў яго. І цяпер паступова добраўпарадкоўвае дваравую і прыдамавую тэрыторыю, клапоціцца пра бытавы камфорт і прыгажосць.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота Уладзіміра СЛАБКО,

старшыні прафкама

СВК “Агракамбінат Сноў”.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.