Меню
Курс $  3.26 | €  3.55 | ₽100  3.53 |
Погода 3 °C

Каб быць дастойным грамадзянінам

Нясвіжскія навіны 3 года назад 0 0

Да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў у раёне прайшоў шэраг мерапрыемстваў. Сярод іх была і сустрэча ў Нясвіжскім гісторыка-краязнаўчым музеі, якую арганізавалі РК ГА “БРСМ” і супрацоўнікі музея. На сустрэчу прыйшлі настаяцель храма Святой Жываначальнай Троіцы аг. Салтанаўшчына протаіерэй Алег Абрамовіч, ваенны камісар Нясвіжскага і Капыльскага раёнаў Аляксей Кацяхоў, вучні Нясвіжскай гімназіі і СШ № 4 райцэнтра, а таксама сведка тых страшных падзей і ўдзельнік баявых дзеянняў у Афганістане Уладзімір Юхо.



У зале была аформлена тэматычная выстава з фотаздымкаў, газетных выразак, вершаваных радкоў, асабістых рэчаў, пісем удзельнікаў афганскай вайны. Старшы навуковы супрацоўнік музея Вольга Шкрабіна расказала прысутным аб рабоце, якая праводзіцца ў даным накірунку. Успомнілі загінуўшых і жывых.

Воін-інтэрнацыяналіст Уладзімір Леанідавіч Юхо распавёў аб падзеях той страшнай вайны пад Кабулам (менавіта там размяшчаўся яго батальён): аб жудасным становішчы, калі над галавой кружылі самалёты, верталёты, праходзілі абстрэлы, аб зімовым холадзе. Аб тым, як падрываўся на танку і як страшна было бачыць, як на вачах забіваюць таварышаў, як яны падрываюцца на мінах, паміраюць, застаюцца параненымі і пакалечанымі. Як страціў палову батальёна сваіх саслужыўцаў…

Пра ўсё гэта балюча слухаць — замірае сэрца, па целе бягуць мурашкі, немагчыма пісаць — слёзы засцілаюць вочы. А як балюча таму, хто пра гэта расказвае, варушачы сваю памяць, — мы можам толькі здагадвацца. І не можам сабе ўявіць, як страшна было маладым 18-19-гадовым юнакам у тым жудасным пекле вайны. А там яны ваявалі хто паўгода, хто год, а хто і нават два. Уладзімір Леанідавіч прабыў там год і дзевяць месяцаў. За паспяховае размініраванне ўчастка дарогі пад абстрэлам быў узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”.

— Калі вярнуўся дадому, мама бегла насустрач уся пасівеўшая і плакала… Гэта дата  — Дзень памяці, дзень смутку аб тых, хто не вярнуўся, — гаворыць Уладзімір Леанідавіч. — 15 чысла мы сустракаемся, у нас ёсць свая група.

Протаіерэй Алег Абрамовіч расказаў пра тое, як ваяваў у Афганістане яго дзядзька, які быў старэйшы на дзесяць гадоў:

— Для мяне, хлапчука чацвёртага класа, было шокам даведацца, што мой дзядзька, мой старэйшы сябар, трапіў на вайну. Вярнуўся адтуль кантужаным з медалём “За адвагу”.

Гаварылі на мерапрыемстве і аб патрыятызме, аб любові да сваёй радзімы.

Ваенны камісар Аляксей Кацяхоў расказаў юнакам і дзяўчатам аб прафесіях ваеннаслужачых, напомніў, як сябе паводзіць, каб быць дастойным грамадзянінам. Падрастаючаму пакаленню было што пачуць, аб чым задумацца, і зрабіць вынік — каб ніколі не было вайны.

Прадстаўнікі старэйшага пакалення пажадалі моладзі ўдачы, поспехаў, абдуманых учынкаў і спакойнага жыцця ў нашай прыгожай Беларусі.

Вольга КАНДРУКЕВІЧ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!