Меню
Курс $  3.27 | €  3.48 | ₽100  3.51 |
Погода 9 °C

Педагог — гэта лад жыцця

Нясвіжскія навіны 3 года назад 0 0

Пост опубликован: 01.02.2021

Наведвальнікі гуртка “Юны журналіст” СШ № 4 г. Нясвіжа, удзельнікі  сумеснага  праекта  “Парады з вуснаў несвіжан”, заснаванага  Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Паўлюка Пранузы, рэдакцыяй газеты “Нясвіжскія навіны” і праграмы радыёвяшчання “Раніца Нясвіжчыны”, СШ № 4 г. Нясвіжа, добра ведаюць, што ўсякае пачынанне павінна быць прадуманым загадзя, а не за кароткі час да рашаючага моманту. З гэтай прычыны яны і адправіліся ў Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа на сустрэчу  з дырэктарам гэтай установы Аленай Васільеўнай Жураўлёвай, дэлегатам VI Усебеларускага народнага сходу. Юнакоў і дзяўчат цікавіла ўсё, пачынаючы ад асобы дырэктара, яе поглядаў на свет і заканчваючы магчымасцямі, якія дае каледж.



06.04.2018. V. X Q ! T °! U ± » °!! !
. µ! Q ¶. ! »!S! T Q ! V U!!S ‘ °!!! µ !9 ! T U » » µ ‘ ¶. µ » µ ° ¶!S! U » µ °, ‘ Q! µ T! U! . ¤ U! U _!!S W °! °

Юныя журналісты даведаліся, што  Алена Васільеўна сваю прафесію выбірала тады, калі людзі дакладна ведалі, чаго яны ад гэтага жыцця жадаюць. Гэта сёння, дзякуючы магчымасці здаваць тэсты па некалькіх прадметах і перадаваць дакументы з адной навучальнай установы ў другую, можна з раніцы марыць пра інжынерыю, у абед — пра эканоміку, і толькі на наступны дзень вызначыцца канчаткова —  стаць на педагагічны шлях. У юнацкія гады Алены Васіль-еўны ўсё мела іншы выгляд. Калі хтосьці выбіраў тую ці іншую прафесію, гэта рашэнне было абдуманым, а на шляху да здзяйснення мары былі і шматлікія спробы паступлення, і праца на будоўлі ці іншых месцах, хто як уладкуецца. Але ў выніку чалавек атрымліваў жадаемае, а наша грамадства — добрага спецыяліста, якому не страшна было даверыць выкананне неабходных у той ці іншай прафесіі абавязкаў.

Стаць настаўнікам менавіта матэматыкі Алена марыла са школьных гадоў. Але многія знаёмыя лічылі, што матэматыка Алены Васільеўны цесна звязана з прафесіяй, а менавіта з бухгалтэрыяй, яе мамы — Сафіі Феліксаўны Фацьковай, якая сорак адзін год прапрацавала на адным месцы — бухгалтарам у Нясвіжскім санаторыі. Тата, Васілій Фёдаравіч, быў прафесійным ваенным, прайшоў усю вайну. Пазней так атрымалася, што яго часць з  Варонежа перавялі ў Нясвіж. І гэта стала апошнім месцам службы бацькі.

Алена Васільеўна была познім дзіцем у сям’і. Яна нарадзілася, калі Сафіі Феліксаўне мінула сорак чатыры, Васілію Фёдаравічу — пяцьдзясят з лішкам. Каля магазіна “Наш дом” калісьці размяшчаўся будынак, які ў народзе называлі “белым домам”, дзе былі кватэры афіцэрскага саставу. Там і жыла сям’я Фацьковых.

Дзяўчынка пайшла ў першы клас СШ № 1. Па сёння Алена Васільеўна і яе аднакласнікі ўдзячны першай настаўніцы Таццяне Уладзіміраўне Шаўчэнка, якая не толькі навучыла грамаце, але і  вельмі згуртавала клас. Настаўніцы ўжо няма  сярод нас, а яе вучні мараць праз год сустрэцца на саракагадовым юбілеі пасля заканчэння школы. Хаця сустракаюцца яны кожны год, а некаторыя і штодзённа, бо многія засталіся жыць у Нясвіжы.

Сярод двух любімых прадметаў  — хіміі і матэматыкі — перамагла матэматыка. Першы настаўнік матэматыкі, які даў Алене пуцёўку ў жыццё, — Сяргей Аляксандравіч Касцюкевіч. Калі настаўніку патрэбна было даваць адкрыты ўрок, ён папярэдне дамаўляўся з вучаніцай:

— Ідзі да дошкі, Лена, будзем рашаць. А пасля ўрока гаварыў:

— Зарплату папалам дзяліць будзем. Ты сёння выступала ля дошкі.

Прыйшоў час і неабходна было думаць, якую навучальную ўстанову абраць. І Алена выбрала Беларускі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Максіма Горкага. Неяк, перад паступленнем, яна стаяла  на парозе інстытута, да яе падышоў малады чалавек, з якім яны сустракаліся на алімпія-дах па матэматыцы. Хлопец паспрабаваў угаварыць Алену паступаць у Белдзяржуніверсітэт:

— Гэта праз дарогу. Мы будзем займацца фундаментальнай навукай, а не працаваць у школе за капейкі…— горача прамаўляў юнак.

— Я не хачу туды. Я хачу ў школу,— адказала дзяўчына.

На апошнім курсе Алена Васільеўна была прынята на работу ў СШ № 2 (цяпер — Нясвіжская гімназія) нашага горада. Міхаіл Станіслававіч Ярмалінскі, дырэктар школы, таксама быў матэматыкам. Ён вельмі падтрымаў маладую настаўніцу напачатку яе педагагічнай дзейнасці. І, увогуле, педагагічны калектыў аднёсся да Алены Васільеўны з вялікім разуменнем.

Ёй вельмі дапапаглі парады завуча школы   Арсенія Аляксандравіча Аляшкевіча. А таксама гісторыка Валянціны Станіславаўны Хілько. На той час яна была маладым педагогам, але вельмі граматным  і прынцыповым.

Неяк наша суразмоўца прагульвалася па тэрыторыі каледжа. Тады там толькі размясцілася педвучылішча. Стораж спытаў:

— А што Вы тут ходзіце?

— Я хачу тут працаваць, — вырвалася ў маладой настаў-ніцы.

Гасподзь чуе нашы жаданні, а слова мае сілу. У студзені 1987 года Алена Васільеўна прыйшла на працу ў Нясвіжскае педвучылішча вызваленым сакратаром камсамольскай арганізацыі. З таго часу яна адлучалася з гэтай установы толькі аднойчы — выйшла замуж і з’ехала ў Хабараўск. Там паспела папрацаваць арганізатарам  пазашкольнай выхаваўчай работы, стварыць маладзёжны тэатр, паездзіць з яго акцёрамі, сваімі вучнямі, па гастролях, нарадзіць дачку і вярнуцца назад у Нясвіж, каб ужо ніколі болей з ім не развітвацца. У 1992 годзе Алена Васільеўна пачала выкладаць інфарматыку ў Нясвіжскім педвучылішчы, у 1993 годзе стала завучам гэтай установы. А  з 24 лютага 2010 года  і па сёння яна — дырэктар Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа.

Толькі быць настаўнікам Алена Васільеўна таксама не перастала. Яна, як і раней, выкладае сваю любімую матэматыку і лічыць, што настаўнік — гэта не прафесія. Гэта лад жыцця.

— Нельга на працы быць настаўнікам, а дома перастаць ім быць, — тлумачыць наша суразмоўца.

Найлепшы доказ праўдзівасці яе слоў — дачка Кацярына, таксама педагог. Яна закончыла тую ж установу, што і Алена Васільеўна, але ўжо з іншай назвай — Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. У яе дзве спецыльнасці — выкладчык беларускай і англійскай мовы.

У 2016 годзе Алена Васільеўна атрымала званне “Выдатнік адукацыі” і была ўзнагароджана нагрудным знакам. У 2018 наша суразмоўца атрымала ганаровае званне “Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь”.

Алена Васільеўна запрасіла будучых журналістаў паступаць у Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа. Тым больш што выбар спецыяльнасцей дазваляе не толькі  абраць прафесію свайго жыцця, але і быць пэўным стартам для новага выбару.

Юныя журналісты даведаліся, што ў 2021 годзе абітурыентаў чакаюць наступныя спецыяльнасці: “Замежная мова”, “Пачатковая адукацыя”, “Дашкольная адукацыя”, “Фізічная культура” і “Дызайн”. Конкурс — ад аднаго з паловай да двух чалавек на месца.

— Мы разумеем, што зараз сітуацыя заключаецца ў тым, што  сёння вельмі важна атрымаць не толькі прафесію, але і адукацыю ў рознай ступені. Канечне, сярэдне-спецыяльная адукацыя — гэта добрая прыступка. Але хочацца і працягу. У нас на сённяшні дзень заключаны пагадненні з адзінаццаццю вузамі на атрыманне вышэйшай адукацыі на завочным аддзяленні ў скарочаны тэрмін: тры — тры з паловай гады ў залежнасці ад універсітэта і накіравання. Фізкультура — з Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэтам, замежная мова — з ім жа і з Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэтам.  Пачатковыя класы — з Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэтам і Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка. Выпускнікі каледжа маюць магчымасць паступаць у лінгвістычны ўніверсітэт на скарочаны тэрмін на стацыянар. Яны здаюць унутраны экзамен і паступаюць на другі ці на трэці курс. Па статыстыцы, дзевяноста пяць працэнтаў навучэнцаў, якія выбралі такі спосаб паступлення, становяцца студэнтамі, — расказала Алена Васільеўна.

А яшчэ цікава і тое, што чацвёртакурснікі каледжа маюць магчымасць працаваць у школах і дзіцячых садах. З гэтай прычыны яны пераходзяць на індывідуальны план навучання і, у дадатак да бацькоўскіх укладанняў у іх адукацыю, атрымліваюць уласную зарплату.

За гады працы ў каледжы перад вачыма Алены Васільеўны прайшлі некалькі пакаленняў будучых настаўнікаў. І кожнае з іх педагог лічыць самым лепшым. Што да сённяшніх навучэнцаў, то яны больш свабодныя ў сваім выбары, у іх болей магчымасцей, больш ведаў у галіне інфармацыйных тэхналогій. Але і педагагічны калектыў стараецца ісці ў нагу з часам. І зусім не выпадкова Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа ўвайшоў у праект па інфармацыйных тэхналогіях.

— Мы, дарослыя людзі, хочам вучыцца, каб не адстаць ад вас. Сёння выкладаць разумным дзецям вельмі складана. Патрэбна ведаць столькі ж, колькі і яны, і яшчэ болей. Вы кожны маеце сваю жыццёвую пазіцыю, свае інтарэсы. А задача кожнага педагога любога і наступнага пакалення—  умець вучыцца ў вас і ўмець вучыць вас, — адзначыла дырэктар каледжа, звяртаючыся да юных журналістаў.

Алена Васільеўна ўпэўнена, што некаторыя людзі сёння не развіваюцца толькі таму, што ім ілгуць. Гавораць: “Вось які ты харошы. У цябе ўсё добра”.

— А я лічу, што лепш гаварыць праўду. Праўду непасрэдна таму, каго гэта тычыцца, а не за яго спінай.

Алена Васільеўна — прыхаджанка Свята-Георгіеўскага храма горада Нясвіжа. Яна лічыць, што зараз прыйшоў такі час, калі мы асабліва задумваемся  над многімі духоўнымі момантамі нашага жыцця:

— Вера ў  чалавека — гэта асноўная прыкмета поспеху. Мне асабіста вера вельмі дапамагае. Таму што веруючы чалавек разумее, што не ўсё ён можа сам. Што вакол яго ёсць людзі, ёсць храм, які настройвае на пазітыў. Мы разумеем, што сёння мы некаторыя каштоўнасці страцілі, але я спа- дзяюся, што яны прыдуць на дапамогу.Таму што зараз мы адчуваем недахоп разумення менавіта сутнасці веры. А вера — гэта першы крок да змірэння, да разумення таго, што трэба дапамагаць адзін аднаму, што трэба дараваць крыўды, хаця гэта вельмі не проста, што ў людзях трэба бачыць добрае. І гэта, напэўна, галоўнае.

У юнацкія гады Алене      Васільеўне вельмі падабаліся творы беларускага пісьменніка Эдуарда Скобелева.  Адна з яго кніг — “Катастрофа”. Пісьменнік не фантаст, але свет разглядае наперад. І ён піша пра тое, што магло б быць, каб націснулі кнопку атамнай вайны. Аўтар гаворыць, што чалавеку прасцей змірыцца з тым, што свет загіне, чым змяніць сябе.

А сёння кожны дзень на стале дырэктара каледжа кніга Дзмітрыя Троцкага “Пакуль я не я”. У аснове кнігі закладзены хрысціянскі падыход — пакаянне. Каб штосьці змяніць вакол сябе, мы павінны, у першую чаргу, пакаяцца. Разабрацца, што рабілі не так, на каго пакрыўдзіліся і не даравалі.

— У кнізе Троцкага я знайшла слушную думку: “Вельмі любіце сваіх бацькоў і умейце прасіць у іх прабачэння. Бацькі ніколі нічога дрэннага не жадаюць. Усе нашы хваробы, усе нашы беды, наш псіхічны, маральны стан залежаць ад таго, што мы не ўмеем прызнаць сябе вінаватымі і папрасіць прабачэння”.

Алена Васільеўна параіла юным журналістам цікавіцца гісторыяй свайго роду.

— Раней мне не прыходзіла ў галаву даведацца, хто мае бабулі і дзядулі. А зараз мае бацькі пайшлі з гэтага жыцця, і мне няма ў каго спытаць. Я спрабую нешта знайсці, але гэта вельмі складаны працэс.

Алена Васільеўна лічыць, што чалавеку не пад сілу змяніць свет. А вось зрабіць яго лепшым, чысцейшым, дабрэйшым можна паспрабаваць, удасканальваючы сябе. І  каб штосьці змяніць у сабе, у сваім лёсе, трэба ўмець чуць і слухаць.

— Вось калі нам дзеці гавораць сваё, мы павінны іх чуць. А калі мы ім гаворым з вопыту нашых пазіцый, нашага пакалення, яны павінны ўмець нас слухаць. Толькі тады будзе мяняцца свет, будзем мяняцца мы. І маладыя людзі павінны добра разумець, што ім у гэтым жыцці асабліва неабходна, у тым ліку, і ў выбары прафесіі.

Прыслухаемся і мы, шаноўныя чытачы, да гэтых мудрых думак. У кожнага свой погляд на гэты свет і за кожным — свой выбар. Але ўменне чуць і слухаць нікому яшчэ не пашкодзіла.

Валянціна ШЧАРБАКОВА,

кіраўнік праекта “Парады

з вуснаў несвіжан”.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!