Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 12 °C

Трывожнае шчасце і глыбокая плынь жыцця Івана Шамякіна

Нясвіжскія навіны 3 года назад 0 1

У апошнія дні студзеня беларуская грамадскасць адзначыла 100-годдзе Івана Шамякіна,

аднаго з самых папулярных пісьменнікаў усяго былога Савецкага Саюза, франтавіка,

камандзіра гарматнага разліку, камсорга дывізіёна, сваякі якога жывуць у нашым раёне. 

Мне ўспомніліся далёкія 1950-я гады, калі я, вучань пачатковай школы, убачыў на свае вочы “жывых” пісьменнікаў Івана Шамякіна і Тараса Хадкевіча. Адбылося гэта ў спартыўнай зале Гарадзейскай дзесяцігодкі, якая была забітая вучнямі і настаўнікамі. З усяго ўбачанага і пачутага мне запомнілася толькі, што Шамякін, па яго словах, больш любіў пісаць пра гараджан, а яго сябар — пра вяскоўцаў. Але агульнае ўражанне было накшталт таго, што я сустрэўся з насельнікамі іншай далёкай планеты.



Пачуўшы пра ўзгаданы юбілей, я дастаў з кніжнай шафы томік пад назвай “Карэнні і галіны” з падзагалоўкам “партрэты настаўнікаў, сяброў, бацькоў, сваякоў, штрыхі аўтапартрэта”. Ніжэй ідзе аўтограф Івана Пятровіча: “Брую Уладзіміру Дзмітрыевічу,шчыраму прапагандысту і настаўніку беларускай літаратуры з пажаданнем новых творчых поспехаў.  6 жніўня 1996 г. Ждановічы”.

Мне не прыйшло ў галаву пакрыўдзіцца на тое, што жывы класік перавёў мяне з настаўні-каў французскай мовы ў катэгорыю настаўнікаў беларускай літаратуры. Наадварот. Я быў глыбока ўзрадаваны тым, што ён прыйшоў да такой высновы, нават не пацікавіўшыся маёй адукацыяй.

Знаёмства маё з Іванам Пятровічам адбылося дзякуючы Уладзіміру Пятровічу Курган-скаму, на той час дырэктару Ганусаўскай доследнай станцыі па цукровых бураках. Сяброўства наша пачалося з шматлікіх сустрэч  з замежнымі вучонымі і бізнесоўцамі, на якіх я ўдзельнічаў у якасці  перакладчыка. Я меў магчымасць назіраць, з якой павагай і цікавасцю немцы, датчане, шведы, французы і іншыя ставіліся да У.П. Курганскага і загадчыка аддзела селекцыі К.С. Дзеўлікамава.

У цяжкія 90-я гады многім нам дапамагала выжываць бульбяное поле. Самай вялікай праблемай было не тое, як дабіцца высокага ўраджаю ранняй бульбы, а як наладзіць яе збыт. Інакш не скажаш, як па мілаце Божай, у той час Іван Пятровіч Шамякін падараваў жонцы У.П. Курганскага аўтамабіль “Волга”. Тамара Паўлаўна Курганская была пляменніцай жонкі пісьменніка Марыі Філатаўны. Машына сталася непатрэбнай пасля заўчаснай смерці іх сына Аляксандра — яму быў толькі 41 год, — бо Шамякін паспеў ужо набыць новую.

Сыны Курганскага ўжо падраслі, але малодшы яшчэ не меў пасведчання кіроўцы, а старэйшы — дастатковага вопыту. Уладзімір Пятровіч прапанаваў мне спалучыць прыемнае з карысным: павазіць бульбу на Мінск і заадно “патрэніраваць” яго хлапцоў.

Здаралася, што мы не паспявалі за дзень прадаць увесь тавар, але гэта не прыносіла вялікага засмучэння, бо вечарам мы накіроўваліся ў Ждановічы, дзе нас чакалі смачная вячэра і начлег, а самае галоўнае — сустрэча з вялікім і ў той жа час вельмі простым чалавекам. Іван Пятровіч быў спакойным і стрыманым. Прысутнасць гасцей і нават чужых людзей ніяк не адбівалася на яго настроі, што па азначэнні А.П. Чэхава з’яўляецца адной з істотных рыс сапраўды інтэлігентнай асобы. Шамякіны былі выключна гасціннымі людзьмі, дзверы іх кватэры і лецішча былі заўжды адчынены для шматлікай радні і сваякоў.

Іван Пятровіч заўжды прасіў мяне, каб я не даваў Андрэю руль у горадзе, і я, грэшны чалавек, абяцаў яму гэта, але стрымаць слова не мог, таму што мой вучань ужо ўпэўнена трымаўся ў вулічным руху.

Першым аўтамабілем сям’і Шамякіных была “Пабеда”. Яе купілі за сталінскую прэмію, якой быў удастоены раман «Глыбокая плынь». У пасляваенным Мінску уласная машына была сапраўды прадметам раскошы, але з ёю былі звязаны не самыя прыемныя ўспамі-ны. Акрамя ўсеагульнай зайздрасці была яшчэ адна акалічнасць: ім “пашанцавала” наняць шафёра, які на працягу трох гадоў літаральна рабаваў іх: ледзь не кожны дзень ў машыне штосьці “псавалася” і патрабаваліся грошы на рамонт і запчасткі.

— Па сённяшнім часе сорамна прызнацца, — неяк сказаў з гэтай нагоды Іван Пятровіч, — што я, малады, здаровы мужчына, не мог засвоіць ваджэнне машыны. Для мяне зусім не было дзівам, што Шамякін не займаўся машынай і многімі штодзённымі праблемамі, бо абсалютную большасць іх вырашала Марыя Філатаўна, а сам Іван Пятровіч штодзень праводзіў за пісьмовым сталом па шэсць-восем гадзін.

Акрамя “Волгі” з грацыёзным аленем на капоце Іван Пятровіч з жонкай шмат дапамагалі сям’і пляменніцы Тамары, бо з імі доўгія гады жыла Матрона Філатаўна, родная сястра Марыі Філатаўны. У 1942 годзе нямецкія акупанты выганялі мясцовае насельніцтва рыць акопы і ў лік гэтых людзей патрапіла Матрона, якая толькі што нарадзіла маленькую Тамару. У выніку жанчына атрымала цяжкую хваробу, ад якой пакутавала на працягу ўсяго жыцця. Дзеля яе на грошы Шамякіна і быў куплены дом у вёсцы Амлынцы.

Пакуль Тамара расла, яна заўжды адчувала ласку і мілату Івана Пятровіча і Марыі Філатаўны. Калі яна вучылася ў Горацкай сельгасакадэміі, часта наведвала іх. Аднойчы Іван Пятровіч павёў яе агледзець новую кватэру, якая дасталася яму пасля Сяргея Восіпавіча Прытыцкага, былога старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. Тамара абышла ўсе пакоі, паўсюль ішоў рамонт. У ванным пакоі яна спынілася, здзіўлена разглядваючы два белыя ўнітазы.

— Дзядзя Ваня, — спыталася яна, а для чаго адразу два?

— А ты пакруці кранік, смялей!

Тамара так і зрабіла, і ў твар ёй нечакана хлынуў струмень вады. Адкуль ёй, простай сельскай дзяўчыне, для якой самай вялікай жыллёвай раскошай быў пакой ў студэнцкім інтэрнаце, ведаць пра існаванне такой рэчы, як бідэ?

— Разумееш, Тамара, так Прытыцкі мыў раніцай твар. Не мог жа такі вялікі начальнік схіляцца перад кранам.

Пры гэтым Іван Пятровіч заліўся такім гучным смехам, што дзяўчына не магла паверыць сваім вачам.

Калі па заканчэнні вучобы Тамара прыехала ў Нясвіж, ёй далі невялічкі пакойчык у вёсцы Заазер’е. У ім з усіх выгодаў быў адзін толькі стаяк, які трэба было паліць дровамі. Надышла халодная восень, і як на тую бяду дзяўчына моцна прасту-дзілася і захварэла. Раптоўна ўзнялася тэмпература, а ў аптэку ісці было позна. Тамара лягла ў пасцель, спадзяючыся неяк сагрэцца пад коўдрай і палітончыкам. Раздаўся нечаканы стук у дзверы і яна сцялася ад страху, бо забылася зачыніць дзверы, таму што збіралася яшчэ прынесці дроў і вады. Страх хутка развеяўся, бо ў пакой увайшоў салідны мужчына ў дарагім паліто і капелюшы. Гэта быў не хто іншы, як Іван Пятровіч Шамякін. Днём раней ён прыехаў ў Нясвіжскі санаторый, а раніцай пазваніў на доследную станцыю і даведаўся, што Тамара Кротава жыве зусім побач з санаторскім паркам. Убачыўшы, што ў пляменніцы няма ні градусніка, ні лекаў, ён згатаваў на электра-плітцы гарачага чаю і накіраваўся ў санаторый, адкуль патэлефанаваў у хуткую дапамогу. Праз паўгадзіны з’явілася машына з чырвоным крыжам, а яшчэ праз некаторы час пад’ехаў яшчэ адзін легкавік, на якім прывезлі лекі. Невядома, на якія кнопкі націскаў народны пісьменнік, але, калі Тамара выйшла на працу, яе нястомна распытвалі, што за чалавек дзеля яе “паставіў на вушы” усю райбальніцу, аб чым па ўсім горадзе разнесліся чуткі. Сціплая дзяўчына ні ў той раз і ніколі пазней не пахвалілася сваім славутым сваяком.

Склалася так, што на працягу жыцця Іван Пятровіч вельмі цёпла і прыязна ставіўся да роду свайго цесця Філата Кротава. Той быў простым, але вельмі граматным чалавекам, і ад яго можна было атрымліваць каштоўныя ўрокі чалавечай мудрасці. Сярод розных падарункаў, якія ехалі са сталі-цы, асаблівае месца займалі лекі і звязкі кніг, якія Філат Азаравіч чытаў запоем. Дом Кротавых стаяў на маляўнічым узгорку над ракой, і ў адрозненне ад многіх суседзяў яго гаспадар выгадаваў літаральна на голым пяску шыкоўны сад. Пакуль раслі дзеці Шамякіных, іх сям’я большую частку лета праводзіла ў дзядулі Філата. Гэта ідылія доўжылася да самай яго смерці. Што цікава, на настуны год пасля яго канчыны пачалі засыхаць усе пладовыя дрэвы…

Пазней для Івана  Пятровіча, прывыкшага да свайго ўтульнага лецішча ў Ждановічах, адзіным жаданым месцам па-за горадам стаў дом Курганскіх. Амаль кожны год яму прыходзілася бываць на радзіме Я. Коласа ў Мікалаеўшчыне і тады ён пры магчымасці наведваўся ў Амлынцы. Кожны раз ён назіраў вялікія перамены і абавязкова з жалем казаў, што пасля развалу Саюза ў яго згарэлі вялікія грошы, якія можна было б укласці ў гэты будынак.

Аднойчы Тамара Паўлаўна сказала, што зусім аб тым не шкадуе, бо яе сыны навучыліся шмат што рабіць сваімі рукамі. Максім стаў чырвана-дрэўшчыкам,  Андрэй — пчаляром. Абодва апроч усяго з’яўляюцца акцёрамі народнага тэатра імя Уршулі Радзівіл.

Іван Пятровіч крыху задумаўся, а потым з сумам зазначыў: “Ты маеш рацыю, Тамара. Яно сапраўды так. Я ў свайго ўнука ўклаў больш, чым у ваш дом, і ён ужо вырас, але нічога не можа рабіць ні рукамі, ні…” Ён замаўчаў і не стаў больш вяртацца да гэтай тэмы.

Так дзіўна склаўся творчы лёс Шамякіна, што ні адна высокая пасада не пазбаўляла яго магчымасці займацца любі-май справай. У 1952-м кіраваў альманахам «Советская Отчизна», пазней пераўтвораным ў часопіс «Нёман» — галоўнае рускамоўнае літаратурнае выданне Беларусі. У 1954-м перайшоў у Саюз пісьменнікаў, дзе працаваў шмат гадоў.

— Я саромеўся  прасіць што-небудзь для сябе, але любіў выбіваць кватэры для многіх пісьменнікаў і выдатных дзеячаў культуры і часам дабірацца да самага верху, напрыклад да старшыні Саўміна Ціхана Кісялёва і нават самога Машэрава, — расказваў Іван Пятровіч. — Магчыма, менавіта па гэтай прычыне Пётр Міронавіч даручыў мне кіраваць будаўніцтвам Дома літаратараў, які быў узведзены ў вельмі прыгожым месцы ля цэнтральнага ўваходу ў парк Горкага.

Адначасова ў 1971—1985 гадах Шамякін быў старшынёй Вярхоўнага Савета БССР. І гэтая пасада не стварала значных перашкод для літаратурнай працы.

— Дэпутацкія сэсіі адбывалі-ся ўсяго два разы на год і праходзілі чынна і спакойна. Даклады гучалі фармальна, паводле рэгламенту, абмеркаванні ні ў кога эмоцый не выклікалі, — пісаў Васіль Быкаў у мемуарах «Доўгая дарога дадому». — Дэпутаты звычайна драмалі ў зале, некаторыя чыталі газеты, паэты (Панчанка, Лужанін, Гілевіч), падобна, складалі вершы. Вёў пасяджэнні старшыня Вярхоўнага Савета Іван Шамякін, які, у адрознен-не ад большасці прысутных, не мог падра-маць за сталом прэзідыума, хоць было бачна, як тое яму хацелася. Каманды ў залу ён падаваў з паперкі, якую яму прыносіла сакратарка Чагіна. Аднойчы, кіруючы галасаваннем, не адрываючыся ад паперкі прачытаў запар: «Хто за, хто супраць, тых, хто ўстрымаўся, няма — аднагалосна». У зале засмяяліся, бо ніхто яшчэ не паспеў падняць рукі.

У 60-гадовым узросце Іван Пятровіч перайшоў на працу ў выдавецтва «Белорусская энциклопедия», якое ўзначальваў да вясны 1992-га. Яго намеснік, драматург Алесь Петрашкевіч, сцвярджаў у сваіх мемуарах, што Шамякін фактычна выконваў ролю «свадебного генерала». Напэўна, ён меў рацыю, бо і ў гэты час няспыннай чарадой выходзілі раманы, аповесці, а таксама п’есы ды разнастайная публіцыстыка.

Сёння выказваюцца розныя думкі пра асобу і творчасць Івана Пятровіча Шамякіна. Мала хто з беларускіх літаратараў атрымаў ад дзяржавы столькі рэгалій і ўзнагарод: Герой Сацыялістычнай Працы, акадэмік, народны пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і БССР. Некаторыя сцвярджаюць, што ён не быў тым пісьменнікам, хто крытыкаваў тагачасныя негатыўныя рэаліі, клікаў чытача наперад і тым самым апярэджваў эпоху. Сапраўды, Шамякін шчыра ўспрымаў сацыялістычныя каштоўнасці.

(Заканчэнне — у бліжэйшых нумарах «НН»)

Уладзімір БРУЙ,

сябар саюза беларускіх пісьменнікаў.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!