Меню
Курс $  3.27 | €  3.48 | ₽100  3.51 |
Погода 12 °C

На яе глядзеў Бог

Нясвіжскія навіны 3 года назад 0 0

Пост опубликован: 19.03.2021

14 лютага, у святую ня-дзельку, пакінула гэты свет Яніна Аляксандраўна Ялтыкова — ураджэнка і нязменная жыхарка Гарадзеі. Ёй ішоў 94-ы год. За плячыма гэтай жанчыны, стройнай і прыгожай нават у старасці, не па гадах энергічнай і рашучай, было амаль цэлае стагоддзе. Здаецца, што з яе сыходам Гарадзею пакінула цэлая эпоха.



За сённяшнім часам яна, адна з нямногіх, магла шмат расказаць пра гарадзейскую даўніну — пра школу 30-х гадоў мінулага стагоддзя, што месцілася амаль за чыгуначным пераездам, пра яе настаўнікаў і вучняў, успомніць старэйшага сябра Аляксандра Бочка, з якім дзяўчынкай-падлеткам танчыла на школьных вечарынах, — вядомага пасля ў шырокім свеце святара Аляксандра Надсана, апостальскага візітатара беларусаў-католікаў, стваральніка ў Лондане цэнтра Скарыны з беларускамоўнымі бібліятэкай, царквой і музеем.

У пасляваенны час Яніна Аляксандраўна працавала ў школе. Прадметы, шыццё і дамаводства, якія яна выкладала, былі тады асабліва запатрабаванымі. Настаўніца дамаглася, каб у школу набылі неабходную колькасць машын для шыцця. “Колькі я добрых швачак вывучыла! Дасёння тэлефануюць ды дзякуюць”, — з непрыхаваным гонарам казала яна неаднойчы. Сама ж заставалася адмысловай мадысткай і швачкай на працягу ўсяго жыцця. Шмат хто фарсіў у яе мадэлях на святах і ўрачыстасцях, выходзіў замуж у яе фасоністых сукенках.

Гарадзейская настаўніца, яна заўсёды памятала, што яе бацька загінуў у 1931 за тое, каб “беларускія дзеці вучыліся па-беларуску” (Аляксандру Скачко і яго таварышам усталявана на будынку чыгуначнай станцыі памятная пліта). Таму не выклікае здзіўлення, што ўжо ў шаноўным узросце Яніна Аляксандраўна ўхваляла і падтрымлівала дзейнасць Нясвіжскай арганізацыі ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”, з’яўлялася яе Ганаровай сяброўкай.

Як і маці, Яніна Аляксандраўна была шчырай верніцай. Касцёл называла сваім галоўным домам. Свята ўшаноўвала памяць гарадзейскага ксяндза Юзафа Гагалінскага, які па-бацькоўску клапаціўся пра дзяўчынку-сірату. Але 5 жніўня 1942 года фашысты расстралялі яго ва ўрочышчы Гайкі. І з таго часу брацкая магіла непадалёк ад Еськавіч стала для Яніны Аляксандраўны месцам горкага смутку і нязменнага клопату.

Амаль што кожнага, хто за-вітваў у хату, яна запрашала да сябе ў пакой, каб паказаць Божы абраз. Там жанчына станавілася перад сваёй галоўнай іконай і казала: “Бачыце, Ён глядзіць на мяне!”. Пасля пераходзіла ўлева ці ўправа, да акна, і зноў узрушана прамаўляла: “Ісус і цяпер глядзіць на мяне!” Была ў гэтым не наіўнасць, а вялікая сіла веры, узнёслая шчырасць хрысціянскай душы і мудрая выснова: хто з Богам — з тым і Бог.

Не без падстаў ганарылася сваімі дзецьмі, унукамі і праўнукамі. Да апошніх дзён была для іх, як і для кожнага, хто яе ведаў, прыкладам жыццёвага імпэту, неабыякавасці і актыўнасці ва ўсім, што дапамагае людзям жыць правільней, прыгажэй і разумней. І таму памяць пра яе застанецца самая светлая.

Наталля ПЛАКСА,

старшыня раённай

арганізацыі ГА “Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны”.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!