Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 13 °C

Работніца. Актывістка. Жонка. Мама. Усё гэта — Святлана Грынаш

Нясвіжскія навіны 3 года назад 0 0

Яна даглядае бройлераў на птушкаферме СВК “Агракамбінат Сноў”. Але шлях да гэтага занятку быў напоўнены рознымі іншымі падзеямі. Дзяўчына вучылася ў Жыліцкім саўгасе-тэхнікуме на Магілёўшчыне, асвойвала азы жывёлагадоўлі, агранаміі, кормавытворчасці. Калі вярнулася дамоў з дыпломам, Святлана прыйшла прасіць работу да тадышняга старшыні гаспадаркі Міхаіла Аляксандравіча Карчміта. Ён прапанаваў пасаду памочніка загадчыка малочнатаварнай фермы “Новы Сноў”. Давала таксама водпускі загадчыкам іншых фермаў, узначальвала аддзяленне “Горны Сноў” свінакомплексу.



— А вось калі трэба было выходзіць з другога дэкрэтнага водпуску ў 2001 годзе, загадчык птушкафермы Пётр Іванавіч Крайко прапанаваў перайсці да іх, маўляў, патрэбны людзі адказныя, якія ўжо знаёмы з вытворчасцю, — расказвае Святлана Канстанцінаўна. — І я стала птушніцай. Спачатку была вучаніцай, працавала падменнай, да мяне прыглядаліся, ацэньвалі. Усё-такі догляд куранят, ды яшчэ ў такіх значных аб’ёмах, справа няпростая і адказная. “Экзамен” я вытрымала. Цяпер за мной, як і за іншымі аператарамі, замацаваны тры птушнікі, а гэта адначасова 90 — 100 тысяч бройлераў. Працую ў дзённую змену, а затым прыходзяць начныя дзяжурныя. Птушка знаходзіцца пад пастаянным кантролем. Тэмпература і вільготнасць паветра, кармы, піццявая вада — усё гэта павінна адпавядаць нормам. Вельмі важна наяўнасць свежага паветра — птушка лепей сябе адчувае. Таму трэба глядзець, каб спраўна працавалі вентыляцыйныя шахты. Тры з іх адкрыты ў памяшканні з маленькімі куранятамі, шэсць — там, дзе пагалоўе большае, і ўсе дзевяць — на дарослым пагалоўі. Летам, калі горача, уключаем дадатковыя вентылятары. Усе тэхналагічныя лініі ў нас аўтаматызаваны, але ёсць і пэўныя нюансы. Самых маленькіх куранят мы размяшчаем не на апілках, а рассцілаем па іх паперу. Тут вучым дзяўбці камбікорм (ён, зразумела, “дзіцячы”), піць вадзічку з ручных паілак, разводзім у вадзе вітаміны. Варушым  іх, не даём заседжвацца, каб болей рухаліся, елі. Так важдаемся з “немаўляткамі” пяць дзён. Затым паперу ўбіраем і кураняты ўжо карыстаюцца аўтаматычным кармленнем і паеннем. Па меры іх падрастання кожныя сем дзён паілкі і кармушкі прыпадымаем, каб птушцы было зручна. Усе маніпуляцыі, усе паказанні і аператары, і дзяжурны электрык заносяць у спецыяльны журнал, кожная змена знаёміцца з запісамі, і такім чынам, карціна складваецца даволі празрыстая і працэс лёгка рэгулюецца, калі ўзнікае патрэба.

На ферме бройлераў узважваюць кожны тыдзень — да 35-дзённага ўзросту, а часам — і ў 42-дзённым, перад адпраўкай на мясакамбінат. Аператар для гэтага бярэ птушак з розных месцаў залы, так і вызначаецца вага. Сярэднясутачная прывага адной асобіны ў мінулым годзе склала ў Святланы Грынаш 61,6 грама. Нядаўна вялікім дасягненнем з’яўляліся 50-грамовыя прывагі.

Памятаю, у 2006 годзе я пісала, што на рэканструяванай птушкаферме стала 12 птушнікаў. Цяпер іх — 26, усе — з сучасным абсталяваннем. Строга захоўваюцца санітарна-гігіенічныя патрабаванні. Гэтаму адпавядае і санпрапускнік: душавыя, пераапрананне работнікаў.

Купляючы ў магазіне мяса птушкі, мы нават не задумваемся, колькі розных клопатаў — маленькіх і вялікіх — прыкладвае птушніца, каб за 42 дні выгадаваць для спажыўца бройлера. Такімі вось клопатамі жыве і мая сённяшняя суразмоўца.

За гэтую клапатлівую і высокую адказнасць, за высокія паказчыкі Святлана Грынаш узнагароджана нядаўна Ганаровай граматай Нясвіжскага райкама прафсаюза работнікаў АПК, атрымала прэмію.

Разам з вытворчай дзейнасцю Святлана Канстанцінаўна займаецца ў сваім калектыве і прафсаюзнай. Раней была прафгрупоргам, цяпер — яго памочнікам. Снаўчане — людзі актыўныя, прафкам арганізуе розныя паездкі, экскурсіі, наведваюць яны канцэрты. Бацькам з малымі дзецьмі Святлана Грынаш прапануе білеты ў цырк, у дэльфінарый, на навагоднія прадстаўленні. Дарослым — на эстрадныя канцэрты і ў тэатр.

— Я сама з задавальненнем паслухала і паглядзела “Вечары Вялікага тэатра оперы і балета ў Нясвіжскім замку”, — падзялілася прыемнымі ўспамінамі мая суразмоўца. — Пры паездцы ў Санкт-Пецярбург таксама трэба было ўсё арганізаваць — а гэта грошы, білеты. Наогул, стараюся так размяркоўваць, каб кожны жадаючы змог дзесьці пабываць.

— Цэлы дзень на працы і я, і муж, таму сваёй гаспадаркі не трымаем, — гаворыць Святлана Канстанцінаўна. — Ёсць сабака і тры каты. Жывуць яны дружна, і дзеці іх любяць, заўсёды цікавяцца жыццём хвастатых сяброў.

Яе муж — Аляксандр Аляксандравіч Грынаш, адзін з лепшых механізатараў агракамбіната, перадавы камбайнер на жніве. А дзеці — ужо дарослыя хлопцы. Старэйшы, Дзмітрый, атрымаў вышэйшую адукацыю, адслужыў у арміі, працуе ў сталіцы. Малодшы, Яўген, цяпер таксама нясе службу. А закончыўшы БДАТУ, ён на размеркаванні трапіў у моцную гаспадарку — ААТ “Азярыцкі-Агра” Смалявіцкага раёна, атрымаў пасаду інжынера-забеспячэнца. І дэмабілізаваўшыся, юнак плануе вярнуцца туды. Падабаецца. Добра адклікаецца аб маладым спецыялісце і кіраўніцтва ААТ “Азярыцкі-Агра”, там чакаюць юнака з арміі на працу. У гэтым адследжваецца і выхаваўчая роля бацькоў — уласным прыкладам паказваюць, як трэба жыць, якія ўчынкі рабіць. З сумленнем, з адказнасцю.

Сыны любяць тэхніку, разбіраюцца ў ёй. Калі ў бацькі здаралася паломка збожжаўборачнага камбайна, Яўген дапамагаў яму хутчэй наладзіць машыну. Падчас вучобы ва ўніверсітэце ён праходзіў практыку ў агракамбінаце “Сноў”, працаваў механізатарам на МТЗ-1523.

Як добрая і ўмелая гаспадыня, Святлана Канстанцінаўна любіць гатаваць для сваіх мужчын. І сынам перадае іх любімыя стравы, і мужа накорміць смачна. Калі ён позна вяртаецца з працы, асабліва падчас уборкі ўраджаю, заўсёды дачакаецца. Муж тэлефануе, папярэджвае, што затрымаецца, бо трэба ліквідаваць у камбайне непаладку. І сыны, калі жылі дома, спаць не клаліся, чакалі бацьку. Нават апоўначы.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.

Фота Уладзіміра СЛАБКО,

старшыні прафкама

СВК “Агракамбінат Сноў.”

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!