У Дзень смеху — самае вясёлае свята на свеце — усе людзі павінны ўсміхацца, жартаваць, смяяцца. І хто, як не «Вожык» — старэйшае і адзінае ў рэспубліцы дзяржаўнае выданне ў галіне сатыры і гумару — ведае, як зрабіць чалавека вясёлым (а значыць, і шчаслівым). Выданне ўваходзіць у склад РВУ «Выдавецкі дом «Звязда».
У юбілейным годзе (у ліпені «Вожыку» спаўняецца 80 гадоў) яго старонкі па-ранейшаму будуць напоўненыя дзе мяккім, добразычлівым гумарам, дзе колкай сатырай, дзе добрай усмешкай і тонкай іроніяй… Бо «Вожык» — гэта байкі, вершы, гумарэскі, пародыі, эпіграмы, мініяцюры, апявяданні, п’есы, сцэнкі, прыпеўкі, карыкатуры, панарамныя малюнкі, коміксы — словам, усё тое, што завецца сапраўдным беларускім гумарам… Таму чытайце, пішыце, малюйце, усміхайцеся і — не забывайцеся падпісвацца на «Вожык»!..
1 красавіка
Анекдоты
1 красавіка. Нікому і нічому нельга верыць. Як і ў іншы дзень.
* * *
Мільёны ўкладчыкаў «МММ» адзначылі 1 красавіка прафесійнае свята.
* * *
Як паказвае практыка, у любы другі дзень можна разыграць значна больш людзей, чым 1 красавіка.
* * *
Вось і прайшло 1 красавіка. А разам з ім скончыліся добрыя навіны…
Мікалай ЗАЙЦАЎ
З прыдуманага, падгледжанага, перажытага…
Памяць — гэта тое, пра што час ад часу трэба ўзгадваць.
Сустрэліся кабеты.
— Мой муж як баравiк!
— А мой — як мухамор!
— Такi ядавiты?
— Ды не, чырванашчокi.
(З падслуханага.)
Адных радуюць зоркі ў небе, другiх — на пагонах.
I ў лапцях далёка хадзілі.
У жыццi бывае i так. Ёсць грошы, ды няма розуму. Ёсць розум, ды няма грошай.
Шчасце невадам не зловіш.
Калi не ведаюць, пра што пiсаць, успамінаюць аб цешчах.
Сем разоў адмераў i — сем разоў адрэзаў.
Калi вам не адчыняюць дзверы, гэта яшчэ не значыць, што дома нікога няма.
Ступа не старэе. Многiя i зараз таўкуць у ёй ваду.
Адны пiшуць, другiя спiсваюць.
Памяць — гэта тое, пра што час ад часу трэба ўзгадваць.
Думкi ў гаршку не зварыш.
г. Баранавічы.
Міхась МІРАНОВІЧ
З іспанскага сшытка
Гадоў з дзесяць таму, калі мае дзеці вучыліся ва ўніверсітэтах Більбао і Сан-Себасцьяна і жылі ў Іспаніі, то я, скарыстаўшыся выпадкам і іх запрашэннем, рашыўся нарэшце выехаць далей за Лагойск. Ажно два разы пабываў за мяжой: спачатку ў Більбао, затым — у Лос-Алькасарасе.
У часы перапынкаў паміж акунаннем у Біскайскі заліў (а затым — у Міжземнае мора) і дэгустацыяй «Уна біна бланка» («Адно белае віно») рабіў запісы ў сваім «Гішпанскім сшытку».
Сёння, пагартаўшы яго і ўзгадаўшы той светлы час, прапаную для чытачоў «Вожыка» іспанскія фрашкі.
Каго бракавала?
Над Іспаніяй —
Сіеста, спёка, млосць,
Ветрык пальмавым лістом
Не варухне…
У Іспаніі, нібыта,
Усё ёсць,
Аднаго пакуль што не было —
Мяне.
Карыда і бульба
Да душагубаў
Адчуваючы агіду,
Я асуджаць іспанцаў
Не бяруся:
Увесці забарону
На карыду —
Што бульбу адмяніць
У Беларусі!
Як і ў нас…
Гучыць
Іншаземнае слова,
Пужаючы нават
Падчас.
Паўсюдна
Іспанская мова,
А роднай не чуць,
Як і ў нас.
Параўнанне
Многа дзе хадзіў,
Шмат паглядзеў,
У багата што
Ніхто не верыць:
Вечарам
Пад фікусам сядзеў —
Большы быў
За дзедаў дом памерам.
Ажно не верыцца
Калі пазнаёміўся
З берагам райскім,
Ажно не даў веры
Самому сабе.
Я мыў свае ногі
Ў заліве Біскайскім,
Але акіян
Нат не выйшаў з сябе.
г. Віцебск.
Наталля ШАСТАКОВА
Бінты ці скальпель?
З натуры
Прыходжу неяк у дзіцячы садок, у малодшую групу, па ўнука Дзяніса. Зазіраю ў пакой. Унука не відаць. Не бачна і выхавальніцы. У цэнтры ж памяшкання моўчкі тоўпяцца дзеці. Па іх сагнутых, напружаных спінах я адразу здагадалася, што заняты яны чымсьці сур’ёзным і адказным.
І не памылілася.
— Нясіце бінты! — парушыў цішыню строгі загад рыжага хлапчука.
Уверх узляцела дзіцячая рука.
— Не, бінты пакуль не патрэбны, — тут жа прагучаў хрыплы голас чарнявага хлопчыка. — Сястра, нясіце скальпель, — ён штурхнуў у бок «медсястру», бялявую дзяўчынку з дзвюма коскамі.
На ватных нагах, сабраўшы ўсю волю ў кулак, я праціснулася скрозь малых у цэнтр пакоя. На канапе ляжаў мой унук, яго рукі былі раскінуты ў бакі, вочы заплюшчаныя…
На маё шчасце, якраз з’явілася выхавальніца.
— Гэта яны пяць хвілін гулялі ў вайну, а цяпер цэлыя паўгадзіны лечаць «параненага», — пачула я за спінай яе голас і нарэшце супакоілася.
г. Гомель.
Генадзь СУКАЧОЎ
Як Індык нечакана знік
Байка
Дружна, весела ў двары
Жылі птушкі да пары,
Пакуль Індык там не з’явіўся.
Ён з фанабэрыяй скрывіўся:
— Запомніце! Для вас я — цар,
І кіраўнік, і гаспадар!
Адразу з Пеўнікам пабіўся.
Варожа на ўвесь двор касіўся.
Пачаў да Качак заляцацца,
Аж давялося тым хавацца.
Баяцца падыходзіць Куры:
Не даспадобы ім амуры…
Але назаўтра той Індык
Кудысьці нечакана знік.
Куды? Адкажа Гаспадар:
Для супу добры быў навар…
_____________
Лепш, як ідзеш у двор чужы,
Язык на вузел завяжы.
Рэчыцкі раён,
в. Якімаўка.
МІНІЯЦЮРЫ
Сяргей ЛАПЦЁНАК
Выхад ёсць?
«Кавід» апанаваў сусвет.
Альбо ляці, альбо бяжы —
Ты не ўратуешся ад бед.
Хіба хадзіць у паранджы?
Наступствы ізаляцыі
Змірыўся. Драмы не раблю
З апошніх вірусных падзей.
Ды толькі твар цяпер галю
Усё радзей, усё радзей…
г. Мінск.
Антон АНІСОВІЧ
Антосікі
Да болю крыўдна, што ні гавары,
Калі табе ў спіну плююць сябры.
Тады пачнеш і ворагаў цаніць:
У твар яны прывыклі гаварыць.
* * *
Памылак каб не дапускаць,
Належыць вопыт набываць.
Але кааб досвед той здабыць,
Памылак трэба шмат зрабіць…
Дзяржынскі раён,
в. Путчына.
Янусь МАЛЕЦ
Касмічнае
Хто хоча паляцець на Месяц,
Тым падкажу: няшмат там месца.
Ды добрай звесткаю дапоўню:
Намнога месца больш на поўні!
г. Мінск.
Уладзімір СІЎЧЫКАЎ
Бліжэй да прыроды
— Вадзім, надвор’е слаўнае ад рання,
А ты ля манітора ад відна!
Схадзі ці на футбол, ці на спатканне.
Такая прыгажосць — прыйшла вясна!
— Што ж, на прыроду варта мне зірнуць…
Камп’ютар да акна перацягнуць.
г. Мінск.
Сяргей ЛАПЦЁНАК
А што рабіць?
З натуры
Плешчаніцы. Заходжу ў краму. Бяру патрэбнае, збіраюся разлічвацца. Каля касіра круціцца дачка — дзяўчынка гадоў дзесяці.
— Ну што табе купіць? — пытаецца маці.
Малая доўга вагаецца, перабіраючы прысмакі на палічках каля касы, і ўрэшце вырашае:
— Вось гэтых «чарвячкоў»!
— Дык іх жа трэба даставаць з пакуначка рукамі, а яны ў цябе брудныя…
— Падумаеш!
— Будзеш есці нямытымі рукамі? — жанчына робіць вялікія вочы.
— А што рабіць? — уздыхае дзяўчынка.
Не зарагатаць было немагчыма.
Насмяяўшыся, маці купіла «чарвячкоў» ды працягнула дачцэ вільготныя сурвэткі з надпісам «Антыбактэрыяльныя». Такі час…
г. Мінск.
Пародыі
Мікола КАМАРОЎСКІ
Моц кахання
Я піў і піў яе каханне <…>
А зараз — хоць ты плач:
Ушчэнт разбілася каханне,
Як той гарлач.
Віктар КУНЦЭВІЧ
Я піў ад рання да змяркання,
І гэтак дзень за днём ішоў.
Я піў і піў яе каханне,
Яна ж: «Ты, гад, маю п’еш кроў!»
Давёў яе аднойчы вельмі,
Мог быць па мне хаўтурны плач:
Як замахнулася патэльняй —
Удар прыйшоўся на гарлач…
г. Орша.
Аляксандр БЫКАЎ
Балада пра сабаку
Мілая мая Міёна,
Я ж так і сабака, як і ты.
Толькі ты сады пільнуеш,
А я лажу праз платы ў сады.
Віктар ШНІП
Жыў у будцы сабака,
Пільнаваў ён сады.
Давідна небарака
Паглядаў на платы.
Так жыццё і ляцела,
Аніякіх прыгод…
А сабаку карцела —
З ланцуга ды за плот!
Ды з разбегу ў калючкі,
У канаву, у бруд —
Дзе лагодныя сучкі,
Дзе пацеха і блуд.
Хоць якую прагулку,
Кааб растраціць імпэт…
А паблізу, праз вулку,
Жыў знаёмы паэт.
Ціснуў вершы да рання
І на службе карпеў.
Ды з такога старання
Ён нічога не меў.
Так і нёс праз нягоды
Сум і беднасць стала.
Толькі ўсё ж асалода
Для паэта была —
Калі ў сад, нібы ў госці,
Смела лез праз платы
І казаў: «Ягамосцю,
Я ж сабака, як ты!»
г. Мядзел.
Гумар народаў свету
Сусветна вядомы амерыканскі пісьменнік Марк Твэн некалі сказаў: «Багацце, у якім не адмоўлена ні аднаму народу на зямлі, — гумар». Можна дадаць, што гэта такое багацце, якое выклікае не зайздрасць, а прыязнасць, якое не раз’ядноўвае, а аб’ядноўвае людзей розных нацый.
Гумар у народаў розны, але ў ім многа і агульнага: ухваляюцца працавітасць, сумленнасць, дабрыня, цэняцца мудрасць і кемлівасць і, наадварот, асуджаюцца лянота, хлуслівасць і зласлівасць, высмейваюцца дурасць і зазнайства…І ў кожнага народа сваё гумарыстычнае багацце.
З амерыканскага гумару
Размаўляюць сяброўкі.
— Чаму ты не пайшла працаваць у тую фірму?
— Там няма перспектывы — гаспадар ужо жанаты.
* * *
Джон выратаваў сябрука з-пад лёду.
— Малайчына! — хваляць яго знаёмыя. — Як ты не пабаяўся?
— Дык ён жа катаўся на маіх каньках!
* * *
Пасля апраўдання на судзе пры разглядзе справы пра рабаўніцтва былы падсудны звяртаецца да адваката:
— Вельмі ўдзячны! Як-небудзь наведаюся да вас…
— Калі ласка, прыходзьце, — адказвае той. — Але толькі ў дзённы час!
З англійскага гумару
У кантору да бацькі забягае запыханы сын.
— Зайшоў, тата, павітацца з табой…
— Спазніўся, сынок, маці ўжо забрала ўсе грошы!
* * *
Гутараць знаёмыя.
— Мая дачка зноў выйшла замуж…
— І што новага даў ёй другі шлюб?
— Зразумела, як страшэнна памылілася, калі кінула першага мужа…
З башкірскага гумару
Настаўнік пытае ў вучня:
— Растлумач мне, калі ласка, чаму ты ў чацвёртым классе займаўся на «пяцёркі», а ў пятым пачаў хапаць «двойкі»?
— Бо мой тата ў пятым класе не вучыўся…
* * *
Хворы скардзіцца доктару на сэрца.
— А вы адэкалон выпадкова не пілі? — пытае той.
— П’ю — не дапамагае, — разводзіць рукамі мужчына…
* * *
Муж прыйшоў параіцца да мулы.
— Ці трэба слухаць парады жонкі?
— Не, не трэба!
— Значыць, я правільна зрабіў, што не паслухаў яе і не ўзяў для вас грошай?
Мула ўздыхнуў:
— А вось разумную параду варта было паслухаць!
З італьянскага гумару
У турме наглядчык гаворыць вязню:
— Там да вас прыйшоў знаёмы, хоча пабачыць!
— Скажыце, што мяне няма, — адмахваецца той.
* * *
Варажбітка кажа:
— Бачу, што вы, сіньёр, бацька двух сыноў.
— А вось і няпраўда: не двух, а трох! — пярэчыць мужчына.
Жанчына загадкава ўсміхаецца:
— Гэта вы так думаеце…
Сабраў і пераклаў на беларускую мову Міхась СЛІВА,
г. Рагачоў.