Наш зямляк Уладзімір Гіпчык — аб сваёй рабоце і задачах

22 красавіка 2013 года быў падпісаны Указ “Аб утварэнні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь”. Сёлета ведамству спаўняецца восем гадоў. Структура была створана на базе Дзяржаўнай службы медыцынскіх судовых экспертыз, экспертных падраздзяленняў органаў унутраных спраў, органаў і падраздзяленняў

па надзвычайных сітуацыях, Узброеных Сіл і экспертных падраздзяленняў Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

З моманту заснавання камітэта і дасёння на службе ў яго радах наш зямляк, ураджэнец Нясвіжчыны, падпалкоўнік юстыцыі, начальнік Упраўлення каардынацыі службовай дзейнасці Упраўлення дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь па Мінскай вобласці Уладзімір Гіпчык. Ён аказвае практычную і метадычную дапамогу структурным падраздзяленням Упраўлення па Мінскай вобласці і падначаленым яму раённым і міжраённым аддзелам у судова-экспертнай дзейнасці, арганізуе мерапрыемствы па ўзаемадзеянні паміж Упраўленнем па Мінскай вобласці, праваахоўнымі і іншымі дзяржаўнымі органамі па пытаннях правядзення экспертыз і даследаванняў. Пагутарыць з Уладзімірам Іванавічам мы змаглі падчас надаўняга наведвання ім Нясвіжчыны і суседніх раёнаў.

— Раскажыце, калі ласка, пра сутнасць працы камітэта, яго абласных упраўленняў і раённых аддзелаў. Якія яе асаблівасці?

— Упраўленне дзяржкамітэта аказвае дапамогу не толькі органам (асобам), якія вядуць грамадзянскі, крымінальны ці гаспадарчы працэс, але таксама грамадзянам, у тым ліку прадпрымальнікам, юрыдычным асобам па іх заявах. Даследаванні і экспертызы выконваюцца на платнай аснове. І трэба адзначыць, насельніцтва Мінскай вобласці паслугамі судовых экспертаў карыстаецца даволі актыўна.

Шырока запатрабаваны псіхолага-псіхіятрычныя экспертызы, якія праводзяцца з мэтай вызначэння здольнасці асобы разумець значэнне сваіх дзеянняў і кіраваць імі. Гэта асабліва важна перад ажыццяўленнем юрыдычна адказнага дзеяння: напрыклад, продажу ці набыцця маёмасці, састаўленні завяшчанняў, дагавораў рэнты, іншых грама-дзянска-прававых актаў.

Не менш запатрабаванай з’яўляецца экспертыза па даследаванні ідэнтыфікацыйных нумароў аўтамабіляў. Такая экспертыза дазваляе выявіць ці спрабаваў хто-небудзь змяніць VIN транспартнага сродку з крымінальнай мэтай. Таму мы раім людзям падчас набыцця аўтамабіля, што быў у карыстанні, пры выяўленні прыкмет сур’ёзнага рамонту кузава ці змянення маркіровачных абазначэнняў, нават пры мінімальным сумненні ў сапраўднасці дакументаў, а таксама, калі прадавец ахвотна згаджаецца на зніжэнне кошту аўтамабіля, прайсці экспертызу VIN, а заадно і дакументаў на машыну. Дарэчы, эксперты Нясвіжчыны праходзяць зараз навучанне, каб пачаць з другой паловы гэтага года правядзенне такіх экспертыз і на Нясвіжчыне.

— Ці не маглі б Вы, Уладзімір Іванавіч, назваць нейкія лічбы, каб нашы чытачы ўяўлялі аб’ёмы работы, якія выконвае абласное ўпраўленне?

— Аб,ёмы даволі значныя, пры тым, што людзям бачна толькі малая частка нашай работы, зазвычай тая, калі эксперты выязджаюць на месца здарэння, фіксуюць аб’ект, адбіраюць неабходнае для даследавання. Але ж гэта толькі пачатак доўгай і карпатлівай працы.

Штогод Упраўленнем па Мінскай вобласці і падначаленымі раённымі (міжраённымі) аддзеламі ў сярэднім праводзіцца больш за 33 тысячы судовых экспертыз, экспертыз (даследаванняў), у тым ліку на платнай аснове.

— Пытанне асабістае: як атрымалася, што Вы, вясковы малады чалавек, выбралі ў свой час такую складаную і адказную справу?

— Па-рознаму можна адказаць. Мо выпадкова, а хутчэй што не. Мне па-шчасціла нарадзіцца пад сціплым сялянскім дахам. Родныя прывучалі да працы, самастойнасці, адказнасці і сумленнасці, як тое спрадвеку было на вёсцы ў беларускіх сем’ях. Дый тагачасная школа выдатна развівала здольнасці з арыентацыяй на асобу. Усё без выключэння, выхаванае, прывітае і развітае тут, у будучым згадзілася і скарысталася, паслужыла, служыць і цяпер дзеля дабра і справядлівасці.

Менавіта дзеля гэтага ўсе мы і павінны служыць.

Лілія ІВАНЕНКА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.