Сталі сваімі на Нясвіжчыне

31 год таму Нясвіжчына стала другой радзімай для Дзмітрыя Аляксандравіча

і Соф’і  Мікітаўны Чэркас. Ураджэнцы Гомельшчыны, яны жылі ў вёсцы Стралічава Хойніцкага раёна. Галава сям’і працаваў

ў райсельгастэхніцы шафёрам, а яго жонка — у мясцовай гаспадарцы даяркай. Трое дзяцей —

сын і дзве дачкі — вучыліся на той час у школе.

— Вёска была вялікай, — узгадаў ў нашай гутарцы Дзмітрый Аляксандравіч. —Адна толькі цэнтральная вуліца цягнулася на чатыры кіламетры. Жыццё было наладжана — на работу ў райцэнтр я ездзіў на аўтобусе, жонка працавала недалёка ад дому. І ніколі б мы адтуль не паехалі, каб не Чарнобыль.

У дзень выбуху мой суразмоўца дзяжурыў на базе ў сельгастэхніцы, чакаў распараджэння везці ў тую ці іншую гаспадарку патрэбныя дэталі. Вясна — пара гарачая: то падшыпнік некаму трэба, то рэмень… Калі грымнула вестка аб выбуху на станцыі, стаяла цудоўнае для красавіка над-вор’е — у чыстым сінім небе ярка свяціла сонца, было вельмі цёпла, і нікому не хацелася ся-дзець у памяшканнях, усе стараліся больш быць на вуліцы.

— Памятаю, як загадчык гаража сказаў мне: “Схавайся хоць ў гараж, на нас жа ўсё ляціць!” — распавядаў далей Дзмітрый Аляксандравіч. — Затым мы ўбачылі, як панаехала салдат, пачалася ліквідацыя. А што такое радыяцыя і як ад яе можа пацярпець чалавек, амаль ніхто тады толкам не ведаў.

На шчасце, дзяцей з пацярпелай зоны ўлады пастараліся ў тое лета вывезці — так, сын Віктар паехаў у дзіцячы лагер у Барысаў. Соф’я  Мікітаўна з дочкамі ўсё лета правяла ў санаторыі “Лётцы”, у чыстай зоне на Віцебшчыне.

Пасля аварыі Дзмітрый Аляксандравіч развозіў па вёсках, якія ўваходзілі ў 30-кіламетровую зону адчужэння, ужо не запчасткі, а мыйныя сродкі, пры дапамозе якіх там стараліся хоць наколькі знізіць уздзеянне радыяцыі. Каля самой Прыпяці вазілі гравій, там ужо, як узгадвае мой суразмоўца, пачынала гарчэць у роце, чаго не заўважалася ні ў сваёй вёсцы, ні ў навакольных.

Праз некаторы час людзі пачалі з’язджаць з родных мясцін, аднак сям’я Чэркас яшчэ невядома, ці рашылася б на пераезд, каб не візіт у той край госця з Нясвіжчыны. Тагачасны кіраўнік агракамбіната “Нясвіжскі” (зараз — ЗАТ “Агракамбінат Нясвіжскі” Вікенцій Макарэвіч прыехаў ў Хойніцкі раён з прапановай аб наборы людзей для работы ў сваёй гаспадарцы. Пасля гэтага на Нясвіжчыну пераехала 17 сямей, землякоў сям’і Чэркас.

Соф’я  Мікітаўна стала працаваць, як і на радзіме, аператарам машыннага даення, а Дзмітрый Аляксандравіч — шафёрам. Мясцовая гаспадарка прадаставіла ім трохпакаёвую кватэру з усімі выгодамі, і жыццё пачало новы віток. Тут іх дзеці скончылі сярэднюю школу, вышлі на самастойны шлях, стварылі сем’і, падарылі бацькам шасцярых унукаў. Усе зараз жывуць у Нясвіжы.

Мае гаспадарлівыя суразмоўцы яшчэ і зараз трымаюць карову і пчол, сумаваць ім няма калі — трэба дачакацца праўнукаў. Нясвіжчына стала для  Чэркасаў другой радзімай, і яны аддзячылі ёй шчырай працай, сваім дастойным павагі жыццём. Дык няхай яно будзе доўгім і шчаслівым — на радасць ім самім, іх дзецям і ўнукам.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.