У суладдзі з часам і людзьмі

Наведвальнікі клуба “Ноеў каўчэг” Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы

і ўдзельнікі сумеснага праекта “Парады з вуснаў несвіжан” бібліятэкі, раённай газеты “Нясвіжскія навіны” і праграмы радыёвяшчання “Раніца Нясвіжчыны”

і СШ № 4 г. Нясвіжа, наведвальнікі гуртка “Юны журналіст” гэтай установы сустрэліся з благачынным Нясвіжскай царкоўнай акругі, настаяцелем храма Узнясення Гасподня протаіерэем Аляксандрам Данчанкам, каб паразмаўляць з ім на духоўныя тэмы, адчуць любату храма, а таксама наведаць прыходскі дом, які вось-вось расчыніць свае дзверы для наведвальнікаў — вучняў Нядзельнай школы, прыхаджан храма і ўсіх жадаючых.

Сёння, калі храм Узнясення Гасподняга хутка адзначыць свой першы юбілей — пяцігоддзе з моманту асвячэння і падводзяцца апошнія штрыхі чатырохгадовага будаўніцтва Прыходскага дома, мне і юным паломнікам было вельмі цікава даведацца, што адчуваў протаіерэй Аляксандр, калі шмат гадоў назад стаяў на месцы будучых пабудоў і што ён адчувае зараз?

— Калі з’явілася першая партыя блокаў, я ўзяўся за галаву і кажу: “Матуля родная, як далей працаваць?”. І потым, па меры пабудовы храма, а пасля і прыходскага дома, я сапраўды бачыў, як здзяйсняюцца цуды Божыя ў нашым горадзе і ў нашым прыходзе. Паступова і наш храм паціху, але ўпэўнена, узрастаў, і гэтак жа прыходскі дом. І цяпер я адчуваю ўдзячнасць Богу за Яго ўсемагутную дапамогу, за тое, што Ён сабраў вакол мяне тых людзей, якія былі маімі памочнікамі, адзінадумцамі, надзейнымі, вернымі сябрамі. Адзін у полі — не воін, не дарма сказана. Без нашай каманды, без нашых прыхаджан, мы б гэтага не дасягнулі. Тады Гасподзь бачыў, што ўсіх нас аб’ядноўвае адна мэта, і мы адчулі Яго дапамогу і фінансамі, і матэрыяламі, а, галоўнае, добрымі людзьмі. Дзякуй Богу за ўсё, — падзяліўся сваімі думкамі святар.

Юнакі і дзяўчаты даведаліся, што асноўныя работы па пабудове храма зрабіла будаўнічая арганізацыя “Кулешбудкам”. Вельмі дапамагло і ТАА “Белмолд”. Яго работнікі выконвалі аздобныя работы: тынкавалі, фарбавалі. А прыходскі дом, які пачаў узводзіц-ца праз год пасля асвячэння храма, у 2017 годзе, будавалі яшчэ і іншыя спецыялісты, не толькі нясвіжскія, але і з Капыля і Клецка пад кіраўніцтвам прыхаджанкі храма, індывідуальнага прадпрымальніка Ірыны Шумейка.

— Увогуле, усім светам будавалі і храм, і прыходскі дом. Храм пачалі будаваць у 1998 годзе. Трэба ведаць, што шлях стварэння кожнага храма няпросты. Яны заўсёды ствараюцца вялікімі намаганнямі, бо заўсёды ёсць супрацьдзеянне тых, хто не разумее галоўных рэчаў у жыцці і спрабуе супраціўляцца. Але калі Гасподзь благаславіць, то справа будзе ісці, таму што Гасподзь Усемагутны прымае перашкоды на шляху веруючых людзей, хоць і не без іх працы, — падвёў вынік настаяцель.

Зараз храм жыве сваім жыццём, жыццём з Богам, у суладдзі з часам і людзьмі, якія адчуваюць у ім неабходнасць. Протаіерэй Аляксандр адзначыў, што за кожным чалавекам захоўваецца свабодны выбар, і ніхто нікога не прымушае. А калі хто адчуе патрэбу ў духоўным развіцці, ён і іншыя святары Нясвіжчыны, заўсёды гатовыя падзяліцца вопытам, шчодра, ад усёй душы.

— У кожнага з вас свой шлях, Богам прызначаны. Трэба яго знайсці, вырашыць, кім быць у гэтым жыцці, каб болей прынесці карысці. Калі рабочым, то выдатным рабочым. У мяне быў знаёмы, ён ужо пайшоў у іншы свет, працаваў рабочым на заводзе. Але да гэтага чалавека прыходзілі раіцца і начальнік цэха, і начальнік вытворчасці, і дырэктар завода. Яго звалі Мікалай Чыжыкаў. Так і кожны з вас можа быць кім заўгодна, але добрымі людзьмі вы быць абавязаны. Гэта дэвіз нашага жыцця. І дай Бог, каб вашы мэты былі высакароднымі. Нездарма кажуць: “І багатыя плачуць”. У іх таксама няма радасці ў жыцці, калі яны не набылі вышэйшы сэнс і вышэйшую радасць — Бога, які заўсёды побач з намі, але без нашай волі нас не наведвае. І калі вы папросіце з верай у Яго дапамогі, то адчуеце, што ў вас з’явілася жаданне слухаць настаўнікаў, лягчэй можна знайсці паразуменне з бацькамі, іншымі блізкімі людзьмі, сябрамі, — працягнуў свае разважанні святар.

Ён ўпэўнены, што калі маладыя людзі будуць пачынаць свой дзень з малітвы, будуць мэтанакіраванымі і працалюбівымі, усё ў іх будзе добра.

Рабяты спыталі айца Аляксандра, як чалавек павінен паводзіць сябе ў складанай сітуацыі, дзе шукаць выйсце?

— Маладым людзям здаецца, што тыя цяжкасці, якія яны сустракаюць на сваім шляху, — гэта абсалютны тупік. Але ў Бога тупікоў няма. Ён заўсёды знойдзе выхад нават з самага складанага становішча, калі мы толькі не забудземся, што ёсць Нябесны айцец усемагутны, які жадае нам дапамагчы, але не без нашай волі, — адказаў настаяцель храма.

Адно з прызначэнняў прыходскага дома, як лічыць Аляксандр Данчанка, — гэта магчымасць сабрацца разам, каб абмяркоўваць свае надзённыя праблемы, моманты царкоўнага жыцця, абапіраючыся на слова Божае. Атрымаць параду і адказы на складаныя пытанні. Бо ў жыцці, як адзначае святар, не заўсёды бывае так лёгка, і гладка, і радасна. Бываюць і цяжкасці.

— Таму наш прыходскі дом — гэта частка нашага жыцця з Богам. У храме мы звяртаемся да Бога з малітвай. А пасля багаслужэння, падкрапіўшы сілы цялесныя, яшчэ глыбей пранікнем ў сэнс Свяшчэннага Пісання, бу-дзем вывучаць Слова Божае, якое вучыць нас да сівізны ў валасах. Мы вучымся не толькі ў царкве, але і ў школе, і дома, і ў бібліятэцы. Але ў царкве мы набываем сілу, мілату Божую, якая дапамагае нам стаць сапраўднымі людзьмі. У кожнага з нас ёсць такая асаблівасць, што мы маем схільнасць не толькі да добрага, але і да дрэннага. Гэта для таго, каб мы маглі выбраць. Думай, вырашай і рабі так, як лічыш патрэбным. Адзін вучыцца, каб прынесці карысць людзям, а другі бярэ зброю і ідзе рабаваць. Але трэба памятаць, што будзе ў жыцці ў далейшым апошні экзамен, на якім неабходна адказваць на ўсе пытанні за пражытае жыццё. Гэтаму нас навучае царква, гэтаму нас навучае Святое Пісанне і сам Гасподзь Бог. Таму кожны дзень вашага жыцця паві-нен быць пражытым з карысцю для сябе і іншых, патрэбна старацца нікога не крыўдзіць і не здзяйсняць дрэнных учынкаў.

Напрыканцы сустрэчы святар правёў рабят па памяшканнях прыходскага дома. У адным з памяшканняў будзе змешчана бібліятэка. Госці займелі магчымасць пазнаёміцца з некаторымі выданнямі духоўна-асветніцкага характару. Маладым людзям спадабаліся кабінеты для заняткаў Нядзельнай школы, гасцёўня для паломнікаў, трапезная, дзе перад заняткамі будуць падмацоўваць свае цялесныя сілы спачатку юныя шукальнікі слова Божага, а затым дарослыя, перш чым перайсці да размоў духоўных. У памяшканні трапезнай будуць праходзіць сустрэчы з людзьмі высокай духоўнасці і веры, праваслаўнымі пісьменнікамі і паэтамі, парадуюць сваімі выступленнямі і выхаванцы Нядзельнай школы.

І галоўнае, далучыцца да такога прыемнага і карыснага баўлення часу могуць усе, хто хоча дакрануцца да галоўных ісцін нашага жыцця, спазнаць іх і за-прасіць у сваё сэрца.

Валянціна ШЧАРБАКОВА.

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.