Меню
Курс $  3.25 | €  3.5 | ₽100  3.56 |
Погода 3 °C

“Нясвіж — гэта турыстычны брэнд Рэспублікі Беларусь і гэта мая радзіма”

Нясвіжскія навіны 3 года назад 0 2

Пост опубликован: 21.05.2021

Выдатныя пісьменнікі і навукоўцы, мастакі

і грамадскія дзеячы — Нясвіжчына стагоддзямі з’яўляецца месцам, адкуль б’юць крыніцы талентаў. Адной з такіх таленавітых асоб з’яўляецца намеснік дэкана гістарычнага факультэта БДУ Аліна Верамейчык. Аліна Яўгенаўна не толькі з пашанай адносіцца

да сваёй малой радзімы, але і праслаўляе яе, выконваючы даследаванні па спадчыне Радзівілаў і прадстаўляючы іх вынікі ў тым ліку



на міжнародным узроўні. Аб тым, адкуль з’явіўся інтарэс да гісторыіі і якое месца ў жыцці займае Нясвіжчына, даведаліся ў навукоўцы:

— Аліна Яўгенаўна, з чаго пачалася Ваша цікавасць да гісторыі? Магчыма, з гэтай навукай былі звязаны Вашы бацькі?

— Я першы ў маёй сям’і педагог. Мае бацькі маюць некалькі вышэйшых адукацый, але не адна з іх не звязана з выкладаннем і гісторыяй. А вось імкненні да ведаў яны заўсёды падтрымлівалі. У хаце ў нас вялікая бібліятэка. Мая мама шмат чытае. Тата часта дорыць мне кнігі па гісторыі і культуры. Бацькі заўсёды захапляліся людзьмі, звязанымі з навукай.

— Вы скончылі фізіка-матэматычны клас Нясвіжскай гімназіі, але пайшлі па гуманітарнай сцяжынцы. Раскажыце, што паўплывала на змену Вашага накірунку ў жыцці?

— У школе я хацела стаць лекарам. У 9 класе мая сям’я пераехала ў Нясвіж, таму я і выбрала фізіка-матэматычны клас гімназіі. Пра гімназію заўсёды ўспамінаю з вялікай удзя-чнасцю — там працавалі прафесійныя педагогі. Вельмі душэўны класны кіраўнік Галіна Сямёнаўна Лісянкова, якая пра нас клапацілася і перажывала. Вельмі добры настаўнік, края-знаўца, якая ўмее зацікавіць прадметам, Валянціна Станіславаўна Хілько. Да таго ж, жывучы ў Нясвіжы, хіба можна не палюбіць гісторыю? Так я змяніла сваё рашэнне і паступіла на гістарычны факультэт БДУ. Аб гэтым ні разу не пашкадавала.

— Свой працоўны шлях Вы пачыналі з Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”. Што новага Вы адкрылі падчас працы там? Ці паўплывала гэта на сферу Вашых інтарэсаў у далейшым?

— Я прыйшла працаваць у музей-запаведнік па размеркаванні пасля заканчэння гістарычнага факультэта БДУ па спецыяльнасці “Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны” на пасаду малодшага навуковага супрацоўніка. Я скончыла ўніверсітэт з ад- знакай. Тэорыі ведала шмат, а практыкі амаль не было. Мяне вельмі добра прыняў калектыў, за што я ўдзячна яго супрацоўнікам і тагачаснаму дырэктару Валерыю Антонавічу Сталярчуку. Навучылі, паказалі, падзя-ліліся вопытам. Тады я ўпершыню трапіла ў падземны ход замка Радзівілаў, абыйшла ўвесь будынак і зазірнула ў кожны яго куток. Я канчаткова пераканалася, што маё далейшае навуковае даследаванне будзе звязана менавіта з гісторыяй малой радзімы. Неўзабаве я паступіла ў магістратуру. Пасля яе заканчэння — у аспірантуру. Абараніла дысертацыю аб Нясвіжскай ардынацыі.

— Чым для Вас з’яўляецца Нясвіж?

— Месцам, дзе стаіць бацькоўскі дом. Самым прыгожым і ўтульным куточкам на зямлі.

— Аліна Яўгенаўна, Ваша вышэйшая адукацыя не абмежавана званнем кандыдата гістарычных навук. Акрамя БДУ Вы навучаліся ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, Расійскай акадэміі дзяржаўнай службы пры прэзідэнце Расійскай Федэрацыі, займаліся на курсах павышэння кваліфікацыі. Што падштурхоўвае Вас да пашырэння Вашых ведаў?

— Я да гэтага часу вучуся. Цяпер я атрымліваю яшчэ адну кваліфікацыю. Планую пісаць доктарскую дысертацыю. Увогуле — шмат чым цікаўлюся. Напэўна, таму мне хочацца ўвесь час нешта чытаць і вывучаць. Зараз вельмі шмат магчымасцяў і перспектыў. Калі я была студэнткай, такой разнастайнасці стажыровак, курсаў па выбары, мабільнасці сістэмы адукацыі не было. Цяпер усё гэта ёсць, і для студэнтаў, і для выкладчыкаў. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт дае найшырэйшыя магчымасці — было б жаданне. А ў мяне яно ёсць.

— Зараз Вы не толькі займаеце адміністрацыйную пасаду намесніка дэкана, але і выкладаеце дысцыпліны, займаецеся рознымі праектамі, як Вы ўсё паспяваеце?

— Рэцэпт просты. Праца не менш за 10 гадзін у дзень. А яшчэ ў нас вельмі добры калектыў. БДУ славіцца цеплынёй і ўзаемадапамогай. Я ўдзячна лёсу, што стала часткай гэтай вялікай сям’і і ганаруся тым, што я там працую.

— Датычна праектаў: ці памятаеце Вы самыя першыя з іх?

— Вядома. Кожны праект — гэта вельмі доўгая і скрупулёзная падрыхтоўка. Таму яны застаюцца і ў памяці, і ў сэрцы. Гэта велізарны досвед працы цэлай каманды. Зараз мы працуем над праектамі, прысвечанымі святкаванню 100-годдзя БДУ, якое адзначаецца сёлета. Гэта вялікая адказнасць. Але праца над імі нас захапляе.

— Над якімі менавіта праектамі, прысвечанымі да гэтай важнай даты, Вы працуеце?

— У БДУ зараз рэалізуецца 100 буйных праектаў да святкавання 100-годдзя ўніверсітэта. Праца над імі вядзецца адміністрацыяй, выкладчыкамі, супрацоўнікамі і студэнтамі. Некаторыя з праектаў належаць гістарычнаму факультэту. Гэта, напрыклад, “Дыялог культур і рэлігій”, здыманне фільма аб першым рэктары БДУ гісторыку Уладзіміру Іванавічу Пічэце і яго працах; інтэрактыўная карта гісторыі БДУ; распрацоўваецца экскурсійны маршрут, які адлюстроўвае падзеі гісторыі і дзейнасці БДУ з 1921 г. для мінскага гарадскога аўтобуса № 100; падрыхтаваны пешаходныя экскурсійныя маршруты; выдаецца шматтомнік “Інтэлектуальная эліта Беларусі”. Праекты асвятляюцца ў рэспубліканскіх СМІ. Гэту ўвагу мы вельмі шануем. Навуковымі кансультантамі праектаў з’яўляюцца знакамітыя навукоўцы і энтузіясты: дэкан, прафесар Аляксандр Генадзьевіч Каханоўскі і прафесар Алег Антонавіч Яноўскі. Працуе моцная і вялікая каманда.

— Вынікам якіх праектаў, над якімі давялося працаваць, Вы задаволены больш за ўсё?

— Я б хацела вылучыць праект “Памяць і слава”. Яго ініцыятарам з’яўляецца гістарычны факультэт, але задзейнічаны ў ажыццяўленні праекта ўвесь універсітэт. Таму ў ім адчуваецца моц карпарацыі. Праект “Памяць і слава” накіраваны на захаванне памяці аб прафесарска-выкладчыцкім складзе ўніверсітэта, пра выдатных вучоных, якія працавалі ў розныя перыяды яго гісторыі, пачынаючы з моманту заснавання ў 1921 г. Вядзецца пошукавая і даследчая праца на аснове прыцягнення дакументальных крыніц, якія дазваляюць раскрыць уклад выкладчыкаў у развіццё навукі і адукацыі нашай краіны. Вельмі важны духоўны аспект гэтага праекта! У ходзе правядзення пошукавых работ знойдзены месцы спачынку выбітных навукоўцаў БДУ. Фарміруецца база дадзеных пра іх, праводзіцца добра-ўпарадкаванне. Праведзены малебны ў памяць пра супрацоўнікаў і студэнтаў універсітэта, што памерлі або загінулі ў розныя перыяды яго гісторыі. Вынікі даследчай і пошукавай працы прадстаўляюцца ў выглядзе відэафільмаў “Памяць і слава”. Сёння гэты праект удастоены Дыплома I ступені XIX Рэспубліканскай выстаўкі “Беларусь — Адзінства памяці, часу і лёсу”.

— Раскажыце пра апошнія дасягненні і вынікі вашай працы ў навуковай сферы. Што выклікае ў Вас цяпер найбольшую навуковую цікавасць?

— Самым вялікім дасягненнем майго навуковага жыцця з’яўляецца абароненая дысертацыя на тэму “Нясвіжская ардынацыя Радзівілаў (1586 — 1814 гг.): Фарміраванне тэрыторыі, адміністрацыйнае кіраванне і сацыяльна-эканамічнае развіццё”. Сёння вобласць маіх навуковых інтарэсаў звязана з гісторыяй прыватнага землеўладання ў Беларусі. Менавіта па гэтай тэме я б хацела пісаць і абараняць доктарскую дысертацыю.

— Як педагог, што Вы больш за ўсё паважаеце ў студэнтах?

— Паважаю добрасумленнасць і адказнасць. А больш за ўсё люблю ўсмешку. Калі ўваходзіш у аўдыторыю чытаць лекцыю, а на цябе гля-дзяць 100 пар вачэй студэнтаў і на прывітанне “Добры дзень! Як справы, моладзь?” чуеш смех і бачыш усмешкі, нельга застацца абыякавай. Яны вясёлыя, крэатыўныя, модныя. Яны класныя! Студэнты дзеляцца з табой добрым настроем і нават апошнім кавалачкам шакаладкі са свайго заплечніка. Я ўсё гэта вельмі цаню.

— Ці кранаюць Вас асабліва тыя выпадкі, калі Вашы студэнты пішуць навуковыя працы пра Нясвіж і Радзівілаў?

— Вядома. Гісторыя роду Радзівілаў, іх ардынацый, уладанняў і гісторыка-культурнай спадчыны вельмі багатая. Вывучаць яе складана, таму што трэба аб’ездзіць вялікую колькасць архіваў і бібліятэк у Рэспубліцы Беларусь і за мяжой. Але гэта займальна і цікава. Нясвіж — гэта брэнд Рэспублікі Беларусь і гэта мая радзіма. Любоў і павагу да яе прывілі мне бацькі. Ведаючы замежныя мовы, я наведала ВНУ у розных краінах і была на стажыроўках за мяжой. Аднак я не ўяўляю сваё жыццё за межамі Радзімы і тым больш, як гэта: я не змагу гуляць і катацца на ровары па нясвіжскім парку?!

— Што б Вы пажадалі сваім землякам у Год народнага адзінства?

— Год народнага адзінства накіраваны на кансалідацыю грамадства, на нацыянальнае яднанне, захаванне і папулярызацыю духоўных каштоўнасцей сучасных беларусаў. У гэты год зноў Нясвіж наведае мноства турыстаў. Гараджане славяцца сваёй гасціннасцю. Гэта заўсёды аб’ядноўвае, фарміруе аб-лічча не толькі горада, але і імідж краіны. Жадаю ўсім і далей заставацца пазітыўнымі, ветлівымі і адзінымі.

Неаніла ЛЮБАНЕЦ.

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!