Успамін пра ветэрана — Чалавека і Настаўніка

Уладзімір Паўлавіч Траццяк нарадзіўся на Нясвіжчыне ў 1924 годзе, у вёсцы Салтанаўшчына.

Вялікая Айчынная вайна ўнесла сваю суровую адзнаку ў лёс гэтага чалавека. Ваяваў у Польшчы, удзельнічаў у жорсткіх баях на землях Усходняй Прусіі. Служыў у артылерыі. Быў цяжка паранены, вымушаны доўгі час лячыцца ў шпіталі. Пасля быў накіраваны на курсы санінструктараў. Прыбліжаючы перамогу, з баямі дайшоў да Кёнігсберга. У студзені 1945-га, дапамагаючы раненым у час бою, атрымаў асколачнае раненне і быў цяжка кантужаны. Зноў шпіталь. Доўга лячыўся. Пасля вярнуўся на радзіму…

Сярод узнагарод У.П. Траццяка — ордэн  Айчыннай вайны ІІ ступені, медалі “За баявыя заслугі”, “За ўзяцце Кёнігсберга”, пяць падзяк Галоўнакамандуючага І.В. Сталіна.

Так коратка пра гады вайны Уладзімір Паўлавіч расказаў у кнізе “Паклонімся вялікім тым гадам…”, выдадзенай у 2005 годзе Нясвіжскай узбуйненай друкарняй імя Сымона Буднага. Выхад у свет гэтага выдання Нясвіжскі райвыканкам і раённы савет ветэранаў прымеркавалі да 60-годдзя Вялікай Перамогі.

Праз пяць гадоў ветэрана не стала. Пайшоў з жыцця добры і шчыры чалавек, паважаны настаўнік, справядлівы і клапатлівы бацька, муж, дзядуля. Але памяць пра яго жыве і сёння. Жыве ў яго дзецях, унуках і вучнях…

Вярнуўшыся з вайны, Уладзімір Паўлавіч Траццяк выбраў працу настаўніка. Вучыўся ў Нясвіжскім педагагічным вучылішчы, пазней — у Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце. У 1964 годзе скончыў Мінскі педінстытут імя М. Горкага…

— Уладзімір Паўлавіч у школе адразу стаў адным з любімых маіх настаў-нікаў. Ён быў цікавым і вясёлым, чалавекам з гумарам, ведаў многа гісторый з жыцця, — успамінае сёння педагог Нясвіжскага каледжа Марыя Фабіянаўна Енчык. — Я тады жыла ў Дубейках. Вучылася ў Салтанаўшчынскай сярэдняй школе. — Уладзімір Паўлавіч Траццяк выкладаў родную мову і спевы. Яго ўрокі былі цікавымі. Менавіта ён прывіў нам любоў да беларускай мовы, творчасці беларускіх пісьменнікаў. Калі мы разглядалі творы Аркадзя Куляшова ці Пімена Панчанкі, напрыклад, ён звязваў творчасць гэтых аўтараў непрыкметнымі нітачкамі са сваім ваенным лёсам, бо ўвогуле рэдка ўспамінаў гады ваеннага ліхалецця. Так неўпрыкмет мы дакраналіся да гісторыі і літаратуры, гарталі ваенныя старонкі лёсаў беларускага народа, які перанёс шмат страт у гады вайны. А на спевах у нашым школьным кабінеце гучалі “Алёша”, “Ой, бярозы ды сосны, партызанскія сёстры…”. Хадзілі на ферму разам з ім, выступалі перад вяскоўцамі ў тадышніх “чырвоных” куточках. Уладзімір Паўлавіч іграў на сваёй скрыпцы, а мы спявалі…

— Менавіта ён мне казаў: “Тваё прызванне — толькі беларуская мова і літаратура”. Я ўзяла гэта на заметку, удзельнічала ў творчых конкурсах. Пасля школы паступіла на філфак у Мінскі педінстытут, паспяхова атрымала вышэйшую адукацыю і сёння з удзячнасцю ўспамінаю свайго настаўніка.

Добрую памяць пакінула пра сябе і Марыя Паўлаўна Траццяк, яго жонка, якая на працягу некалькіх гадоў была маім класным кіраўніком і выкладала ў школе гісторыю. Паважаныя людзі, паважаная сям’я сельскіх педагогаў…

Цёплымі словамі ўспамінаюць сёння пра сваіх настаўнікаў выпускнікі Салтанаўшчынскай школы. Памятаюць пра сям’ю педагогаў і ў вёсцы. Бо Уладзімір Паўлавіч і Марыя Паўлаўна мелі не толькі 40-гадовы стаж працы на асветніцкай ніве. Іх сямейная пара, заручыўшыся пярсцёнкамі ў далёкім пасляваенным 1948-м годзе, больш чым на шэсць дзесяцігоддзяў захавала пачуцці і павагу адзін да аднаго. Тым самым паказваючы прыклад дзецям і ўнукам.

Штогод ветэран вайны разам са сваёй спадарожніцай па жыцці былі жаданымі гасцямі на вечарах сустрэчы выпускнікоў, час ад часу ў іх гасцінны дворык, упрыгожаны кветнікамі, наведваліся былыя вучні, якіх лёс раскідаў на  розныя адлегласці ад Нясвіжчыны. Любілі выпускнікі школы ў іх збірацца, бо ў заўсёды прыбранай хаце, дзе стаяў водар смачных страў, прыгатаваных у печы гаспадыняй,  панавала атмасфера любові і шчырай павагі як адзін да аднаго, так і да людзей. На сценах віселі фотаздымкі розных часоў. А ў спецыяльна адведзеным месцы захоўвалася трафейная скрыпка, якая дасталася Уладзі-міру Паўлавічу ў гады вайны. Менавіта яе памятаюць выпускнікі Салтанаўшчынскай школы, бо ўрокі спеваў праходзілі пад меладычны “голас”, створаны паслухмяным смычком і струнамі.

Знойдзены быў музычны інструмент яшчэ ў час вайны, непадалек ад разбомбленай нямецкай машыны. Так і засталася скрыпка ў сям’і Траццяк як памяць пра тыя часы ліхалецця. Праз некаторы час настаўнік асвоіў струны скрыпкі, праявіліся яго прыродныя музычныя здольнасці. Час ад часу вольнымі вечарамі браў ён у рукі смычок і граў. Розныя мелодыі ліліся. І вясёлыя — як гімн мірнаму жыццю. І журботныя — плакала скрыпка, болем адклікаліся зацягнутыя раны былога вайскоўца, ажывалі ўспаміны пра сяброў-таварышаў, што засталіся на палях баёў навекі…

Адну з самых гуманных прафесій, як і бацькі, выбралі абедзве дачкі Уладзіміра Паўлавіча і Марыі Паўлаўны Траццяк. Адна стала педагогам, выбраўшы дакладныя навукі, а другая звязала сваё жыццё з музыкай — адзінай сусветнай мовай, якую не трэба перакладаць.

Іна ВАСІЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.