Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.48 |
Погода 5 °C

Забрала хлопчыкаў вайна

Нясвіжскія навіны 3 года назад 0 0

Пост опубликован: 07.05.2021

“У каго няма памяці, у таго няма будучыні. Забыццё

ідэалаў нараджае хаос

і разрушэнні”.

П.М. Машэраў,

першы сакратар ЦК КПБ

у 1965 — 1980 гг.

Дзякуючы таму, што ў 1994 годзе кіраўніцтва Нясвіжскага райвыканкама даручыла мне збор і апрацоўку матэрыялаў для кнігі “Памяць. Нясвіжскі раён”, я атрымала магчымасць сустракацца з рознымі людзьмі — сведкамі важных гістарычных падзей або іх удзельнікамі. Запісвала ўспаміны, брала для пераздымкі фатаграфіі. Адной з першых такіх цікавых сустрэч была размова з несвіжанкай Леанідай Усовіч, ураджэнкай вёскі Карцэвічы.



Леаніда Якаўлеўна з вялікім болем у сэрцы апавядала мне пра свайго брата Генадзя (па пашпарце ён быў Яўген), які загінуў на фронце Вялікай Айчыннай вайны, у Аўстрыі, не дажыўшы да Перамогі 20 дзён.

Вось што расказвала жанчына пра цяжкія ваенныя гады:

“Калі немцы прыйшлі ў нашу вёску, яны пачалі забіраць маладых хлопцаў на будаўніцтва аэрадрома ў Гарадзеі. Мой брат Гена меў не вельмі добрае здароўе, і мама нейкім цудам не дапусціла яго да гэтай работы. Толькі сусед па Карцэвічах, стараста Аляксандр Гаціла, не даваў спакою. Запісаў Гену ў паліцыю. Але немец, пагля-дзеўшы на невысокага, хударлявага хлапчука, засмяяўся: маўляў, які з яго паліцай? Затым Гаціла рашыў адправіць Гену ў Германію. Мама пайшла да суседа, пазычыла сала і яек, узяла гарэлку і панесла ўсё немцам. Афіцэр паглядзеў на майго брата і таксама засмяяўся — які з яго работнік у Германіі?! Потым скіраваў позірк на карзіну, і мама аддала яе. Гену адпусцілі дамоў. У наступны раз машына, што забірала вяскоўцаў для адпраўкі на работы ў Германію, спынілася і каля нашай хаты. Брат хуценька ўскочыў на гарышча, адтуль — на двор, у агарод, а далей — у лес. Так і выратаваўся.

Калі Чырвоная Армія вызваліла Беларусь ад акупантаў, Генадзь з братам Антонам пайшоў на фронт. Іх часці фарміраваліся ў Бранску. Антон потым ехаў на захад праз Гара-дзею і Баранавічы, у Польшчы ўжо ваяваў. Ён часта пісаў дамоў, жонцы, якая засталася з двумя маленькімі дзецьмі. А Гена дасылаў пісьмы вельмі рэдка. Пісаў скупа: “Я далёка ад роднага краю, мы ўвесь час рухаемся наперад, наступаем…”. Неяк з доўгачаканым пісьмом прыслаў сваю фотакартачку. А праз некалькі месяцаў мама атрымала паведамленне аб гібелі сына”.

Франтавое фота свайго брата, яфрэйтара 233-га стралковага палка, Леаніда Якаўлеўна дала мне перазняць для кнігі “Памяць” і для Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея. Вы яго і бачыце сёння на газетнай старонцы. Які малады твар (мая суразмоўца тады сказала аб ім — юны), і які сур’ёзны, пранікнёны позірк, позірк чалавека, што сутыкнуўся з болем, з кроўю, са смерцю, з зямным пеклам, а гэта ўсё зусім не ўспрымала яго ўзнёслая, рамантычная, добрая натура. У сэрцы хлопца жылі родныя краявіды, родныя людзі, прыгожыя песні. Такім ён і застаўся ў памяці блізкіх.

Шмат іх, маладых хлопчыкаў — нашых землякоў, палягло на франтах той страшнай вайны. Як і Яўгену Усовічу з Карцэвічаў, па 19 гадоў было Міхаілу Чыркуну і Аркадзю Яцкевічу з Астровак, Міхаілу Гецману з Краснагорак, Аляксею Крупко з Малінаўкі, Канстанціну Гуцько з Новінаў, Аляксандру  Шамшыну з Барацькаўшчыны, Сяргею Дуброўскаму з Копцеўшчыны, Сяргею Андрыеў-скаму з Нялепава, Мікалаю Ма-тусу і Дзмітрыю Шчыгельскаму з Аношак, Васілю Карачуну з Жанкавічаў, Мікалаю Яцуту з Карцэвічаў, Аркадзю Гацілу з Малева, Антону Каладзінскаму і Віктару Плаксу з Вялікай Быхаўшчыны, Антону Абрамовічу, Васілю Абрамовічу, Адаму Ла-дзяту і Паўлу Скрыбу з Міцькавічаў, Міхаілу Лябедзьку з Пукелеўшчыны, Піліпу Залескаму і Івану Кальчыцкаму з Высокай Ліпы, Адаму Новіку з Еськавічаў, Івану Тычыну з Клепачоў, Юльяну Козелу з Грыбаўшчыны, Канстанціну Емяльянчыку з Дубеек, Пятру Сысуну з Лазавічаў, Густаву Мардасевічу з Салтанаўшчыны, Івану Шкоду з Сейлавічаў, Іосіфу Вайцяхоў-скаму, Паўлу Дудко і Міхаілу Урублеўскаму з Новага Снова.

А былі ж і яшчэ маладзейшыя. Васямнаццацігадовыя. Толькі-толькі сталі паўналетнімі Іосіф Рымша з Гарадзеі, Аляксандр Свірыд з Копцеўшчыны, Апалінар Капуста з Грыцкевічаў, Іван Свірыдовіч з Альхоўкі, Сяргей Гуль з Вялікай Быхаўшчыны, Канстанцін Зянько з Вялікай Ліпы, Іван Нячай са Снова, Яўген Якавец з Хвоева. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, ім было па пятнаццаць. Тры гады жылі ў акупацыі. А калі вызвалілі нашы землі ад захопнікаў, іх прызвалі ў армію, адправілі на фронт. Загінулі нашы хлопчыкі ў баях з ворагам. “грудзьмі хапалі свінец”, каб не ляцеў ён болей на нас. Хто пахаваны ва Украіне, хто — у Чэхіі, Славакіі ці Германіі, хто — у Літве ці ва Усходняй Прусіі (Калінінград-скай вобласці).

Спісы загінуўшых землякоў для кнігі “Памяць” мне прывозілі з сельскіх і пасялковага Саветаў. Перачытвала прозвішчы, гады жыцця — і не магла стрымаць слёз. Што яны бачылі ў свае васямнаццаць?! Што паспелі зрабіць, якія мары ажыццявіць на сваёй зямлі?! Віхуры вайны вырвалі іх з родных хат, са сваіх сем’яў. І засталася ў нашых хлопчыкаў адзіная місія — дабіць ворага, пазбавіць свет ад карычневай чумы — фашызму.

Чым можна аддзячыць ім за гераічнае выкананне гэтай місіі, дасягнутай цаной жыцця? Нашай памяццю. Пачуццём глыбокай удзячнасці. Беражлівымі адносінамі да таго, што маем сёння. Малітвай аб міры на беларускай зямлі.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,

член Беларускага саюза журналістаў.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!