Настаўнік з вялікай літары

Настаўнік вядзе нас скрозь гады дзяцінства, юнацтва, здзяйсняе штодзённы, часам непрыкметны подзвіг — аддае нам свае веды, укладвае ў нас часцінку свайго сэрца. Ён дапамагае нам знайсці свой шлях у жыцці.
Добрага настаўніка вучні, як правіла, не забываюць. Пра такога педагога вучань будзе памятаць заўсёды, распавядаць пра яго сябрам і ўнукам, па ім будзе спраўджваць сваё жыццё, лічачы яго ідэалам дабра. Гэтыя словы па праву можна аднесці да былога настаўніка фізікі Казлоўскай сярэдняй школы Валянціна Барысавіча Рабко.


Колькі дзяцей, выйшаўшы са сцен Казлоўскай школы, сказалі «дзякуй» любімаму настаўніку! А іх у Валянціна Барысавіча нямала. З таго часу, як у 1967 годзе В.Б. Рабко пераступіў школьны парог з мэтай «сеяць разумнае, добрае, вечнае … », прайшлі цэлыя дзесяцігоддзі. Яго вучні ўжо сталі дарослымі людзьмі, маюць сваіх дзяцей і ўнукаў. Не сумняваюся, што яны і цяпер з пачуццём глыбокай удзячнасці ўспамінаюць сваю родную школу, свайго фізіка.
Прысвяціўшы сябе педагагіч-най дзейнасці, В.Б. Рабко заўсёды адчуваў высокую адказнасць за свой выбар. Усе жыццё ён ўпэўнена нёс факел ведаў, ведучы за сабой падрастаючае пакаленне. Яго мы заслужана можам назваць «педагогам ад Бога», настаўнікам з вялікай літары.
У яго было і ёсць усё, што павінна быць уласціва сапраўднаму педагогу: талент, душэўная цеплыня, вонкавая прыгажосць, розум, пачуццё гумару, бліскучыя прамоўніцкія здольнасці, чуласць, цярпенне і невычэрпная энергія. Валянцін Барысавіч сваёй мудрасцю, душэўнай шчодрасцю, глыбокімі ведамі дапамагаў кожнаму вучню спазнаць свой унутраны свет, рабіў яго больш багатым, вучыў будаваць будучыню.
Сваёй самаадданай працай педагог заслужыў прызнанне і любоў сваіх вучняў розных пакаленняў. Ён умеў арганізаваць навучальны працэс так, каб перадаць не толькі веды па прадмеце, але і стаць аўтарытэтам ў жыццёва важных пытаннях. Яго вучні і сёння перадаюць з вуснаў у вусны нейкія фразы, кінутыя педагогам незнарок, жартуюць яго жартамі, спрачаюцца яго аргументамі.
Справядліва сказана, што пісьменнік жыве ў сваіх творах, мастак — у карцінах, скульптар — у створаных ім скульптурах. А настаўнік — у думках і ўчынках сваіх вучняў.
Зараз педагог на заслужаным адпачынку, але сумаваць не прыходзіцца. Ён па-ранейшаму ў вольны час калі не з кнігай у руках, то ў інтэрнэце за пошукам новай інфармацыі. Бясспрэчна, нават на пенсіі гэта цікавая асоба, яркая індывідуальнасць, якая спалучае ў сабе высокія педагагічныя і чалавечыя якасці. Ён быў, ёсць і будзе настаўнікам, які для кожнага ў цяжкую хвіліну знойдзе суцяшэнне, падтрымае, уселіць упэўненасць або надзею. Валянцін Барысавіч як той «прычал», да якога імкнецца стом-лены падарожнік. Побач з ім утульна і цёпла.
Мы, вашы выпускнікі, ганарымся Вамі, Валянцін Барысавіч, мы рады, што ў нас ёсць педагог, з якога можна браць прыклад.
Наталля КУЛЬЧЫЦКАЯ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА «Карцэвіцкая сярэдняя школа».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.