Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 12 °C

Свята творчасці і натхнення. У Маладзечне прайшоў XX Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2021” (дапоўнена)

Нясвіжскія навіны 3 года назад 0 0

У Маладзечне прайшоў XX Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2021”.
Гэты фестываль з’яўляецца значнай падзеяй для краіны ў Год народнага адзінства. Мэта праекта — захаваць і развіваць родную мову, традыцыі, нацыянальную музыку, а таксама аб’яднаць творчыя сілы пераемнасці пакаленняў. У юбілейны год арганізатары падрыхтавалі займальную і вельмі насычаную праграму, зрабілі ўсё магчымае, каб стварыць добры настрой жыхарам і гасцям горада. Сапраўды, каб наведаць усе мерапрыемствы фестывалю, двух дзён магло і не хапіць. Фестываль сабраў таленавітых людзей, народных і заслужаных выканаўцаў, паэтаў, кампазітараў, дзяржаўныя і нацыянальныя творчыя калектывы.



— Гледзячы на людзей, якія прыбываюць у Маладзечна, мы разумеем: робім правільна, што збіраемся разам, каб у чарговы раз падкрэсліць значнасць нашай культуры, гісторыі, нашай спадчыны, — падкрэсліў у інтэрв’ю журналістам міністр культуры Анатоль Маркевіч. — На гэтай аснове мы будуем сучаснасць і будучыню нашай краіны, таму што культура аб’ядноўвае людзей. Дзякуючы гэтаму святу, мы разумеем, наколькі багатая культура нашай краіны. Праходзячы па выставах, мы бачылі вельмі шмат маладых людзей. Гэта значыць, што нацыянальныя культурныя традыцыі перадаюцца нашай моладзі, якая падхоплівае іх з задавальненнем. І гэта выдатна!

Удзел у свяце прыняла дэлегацыя нашых землякоў, якую ўзначаліў намеснік старшыні Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Балцянкоў. Сваімі ўражаннямі несвіжане падзяліліся з карэспандэнтам “НН”.
— Па родзе сваёй дзейнасці часта наведваю розныя мерапрыемствы раённага, абласнога, рэспубліканскага, міжнароднага маштабу, — расказвае дырэктар Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы Людміла Вітко. — Як гаворыцца, для таго, каб і сябе паказаць, і пераняць вопыт, які неабходны ў рабоце. Мяне ўразіла тое, што гэты фестываль ўвасабляе ў сабе багатую народную спадчыну нашай краіны. Праз слова, праз песню атрымалася данесці да ўдзельнікаў свята ўвесь багаты каларыт нацыянальнай беларускай культуры.

 


Асабліва запомніліся нашым гледачам канцэртныя выступленні на сцэне Летняга амфітэатра ў выкананні салістаў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга і зорак беларускай эстрады, парад духавых аркестраў “Фанфары Міншчыны”, спектакль Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы “Паўлінка” і іншыя. На фестывалі новыя таленты адкрылі Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні і адкрыты конкурс юных выканаўцаў “Маладзічок”. Усіх радавалі сваім майстэрствам артысты мастацкай самадзейнасці — праз кожныя пяць-дзесяць крокаў гасцей фестывалю натхнялі сваімі выступленнямі вакалісты, музыканты і танцоры “Творчага кварталу Міншчыны”. Асобнае месца на свяце займаў “Горад майстроў”. На традыцыйных пляцоўках тут сабраліся народныя ўмельцы з усіх рэгіёнаў Мінскай вобласці і Беларусі. Яны з ахвотай расказвалі пра свае любімыя захапленні, запрашалі на майстар-класы. Сваю экспазіцыю дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва падрыхтаваў і Нясвіжскі раён.

— У стварэнні выставы Нясвіжчыны прынялі ўдзел прадстаўнікі Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, Нясвіжскага гарадскога маладзёжнага цэнтра, Нясвіжскага раённага цэнтра культуры і Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея. Усяго тут было прадстаўлена болей за 500 экспанатаў, — расказвае дырэктар Нясвіжскага РЦК Ганна Віннічак. — Вясёлы настрой сваімі выступленнямі на нашай пляцоўцы задавалі творчыя калектывы раёна — ансамбль песні “Каларыт” Сноўскага СЦК, народны ансамбль песні “Лянок” Аношкаўскага СДК і творчы дуэт Ігара Дубешкі і Жанны Чучман, вакальнага ансамбля “Забава” Гарадзейскага цэнтра культуры. Асаблівы поспех мела ў моладзі сольнае выступленне Валерыя Чучмана. Актыўна ўзаемадзейнічалі з гледачамі ўдзельнікі ўзорнай студыі акцёрскага майстэрства “Творяки” Нясвіжскага гарадскога маладзёжнага цэнтра і артысты  тэатра імя Уршулі Радзівіл. Асобная падзяка нашым майстрам народнага клуба “Дыяменты” — Вікторыі Лукашэвіч, Алене Івахнінай, Святлане Емяльянавай, Дзмітрыю Малежу і Марыне Скварко. Таксама былі прадстаўлены экспанаты майстроў Алены Хоміч і  Ліліі Дзейка. З бяспройгрышнай латэрэяй Нясвіж прадстаўляла Ганна Міхальчык. Прыемна было чуць захапленні маладзечанцаў, прыезджых і калег з іншых раёнаў. На працягу двух дзён у “Горадзе майстроў” панавала атмасфера творчасці, пазітыву і нейкага чараўніцтва. Высокую ацэнку нашай дзейнасці мы пачулі і ад міністра культуры Анатоля Маркевіча, што было вельмі прыемна.

 

 

Наталля Ермашэнка.

 

 

 

 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!