Развітанне са школай

Вось і ўсё… Закончыўся навучальны год. Якім ён быў? Вясёлым ці сумным, ясным ці пахмурным, цікавым ці не? На гэтае пытанне кожны адкажа сам. Але якім бы ён ні быў, школьныя гады застануцца ў памяці кожнага выпускніка, настаўніка, бацькоў.

Заканчэнне школы — гэта сур’ёзная падзея для кожнага вучня. Бо завяршэнне ўрокаў у сценах школы напоўнена эмоцыямі, хваляваннямі і чаканнем невядомасці.

Апошні званок — гэта своеасаблівы момант выхаду ў дарослае самастойнае жыццё. Гэта свята, якое падводзіць вынік 9- і 11-гадовага перыяду навучання ў школе. Яно служыць апошнім напамінам пра тое, што зусім нядаўна гэтыя хлопцы і дзяўчаты былі вучнямі.

Празвінеў апошні званок і ў сярэдняй школе № 1 г.п. Гарадзея.

Раніца. У двары школы гучыць музыка. Добрае надвор’е. Настрой прыўзняты. Усе апрануты па-святочнаму. Гляджу на вучняў і лаўлю сябе на думцы, што зусім нядаўна пачынаўся навучальны год, што праляцеў ён вельмі хутка, што ўсе мы сталі на год старэйшымі.

У школе гэтае свята пастараліся зрабіць прыгожым і запамінальным. Рыхтаваліся ўсе: бацькі, настаўнікі, вучні і, вядома ж, выпускнікі, якія ў гэты святочны дзень прымалі пажаданні ад настаўнікаў, сяброў, бацькоў і адміністрацыі школы. Цёплыя словы ў адрас выпускнікоў выказала дырэктар установы адукацыі Таццяна Герасімовіч. Сваіх старэйшых таварышаў павіншавалі першакласнікі. Яны пажадалі поспехаў на экзаменах, паабяцаўшы стаць добрай зменай. Ад бацькоў выпускнікоў выступіла Анжэла Мікалаеўна Світэнка. Яна пажадала паспяховых і спакойных экзаменаў, шчасця і далейшых дасягненняў у самастойным жыцці.

Выпускнікі развіталіся з настаўнікамі, сябрамі, з роднай школай, якая так доўга была іх другім домам. Хлопцы і дзяўчаты выпусцілі ў гэты дзень паветраныя шары, танцавалі вальс.

І вось надышоў самы хвалюючы момант: выпускнік нясе на сваім плячы першакласніка, у руках якога заціснуты званочак, сімвал пачатку і канца школьнага дзяцінства. Звініць школьны званок, такі родны і звыклы. Звініць, пераліваецца, жадаючы выпускнікам шчаслівага шляху.

У нашай школе шмат традыцый, і ў гэты дзень зарадзілася яшчэ адна — алея выпускнікоў. Хлопцы і дзяўчаты 9 і 11 класаў сваю дарогу ў дарослае жыццё пачалі з важнай справы — школьны двор цяпер будуць упрыгожваць вечназялёныя туі. Гэта алея стане для выпускнікоў 2021 года памяццю аб школе. Пройдзе час, а самыя цёплыя ўспаміны па-ранейшаму будуць у сэрцах гэтых хлопцаў і дзяўчат, і ўжо іх дзеці свае школьныя гады будуць праводзіць сярод высокіх магутных дрэў.

Свята апошняга званка атрымалася вельмі добрым і кранальным. Пра гэта сведчылі не толькі ўсмешкі выпускнікоў, бацькоў, настаўнікаў, але і іх вочы, поўныя слёз радасці і шчасця.

І.Ф. Касцюк,

настаўнік беларускай мовай і літаратуры СШ № 1 г.п. Гарадзея.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.