У гэтым годзе ў аграрыяў раёна добрыя віды на ўраджай, а гарачае надвор’е паскарае тэмпы ўборачнай.
Як паведамілі “НН” ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, па стане на 21 ліпеня хлебаробы Нясвіжчыны намалацілі 19572,1 тыс. тон збожжа. Убраная плошча збожжавых склала 3221,5 тыс.га (16,1 % ад неабходнага). Ураджайнасць у сярэднім атрымліваецца на ўзроўні 60,8 ц/га.

Гэтымі днямі ў ДП “ЭБ “Свеклавічная” ідзе ўборка яравога ячменю. Сярод іншых сваіх таварышаў на ёй шчыруе адзін з самых вопытных працаўнікоў гаспадаркі, старшы камбайнер Аляксандр Платун. Гэта ўборачная для яго, як і для яго вернага “жалезнага сябра” — камбайна “Клаас”, — 17-я па ліку, усе рухі за штурвалам даўно і надзейна адпрацаваны. Як адзначыў сам хлебароб, за дзень на гэтай машыне можна зжаць каля 20 гектараў, яна надзейная і камфортная для чалавека. У астатні час года Аляксандр Адольфавіч працуе ў сельгаспрадпрыемстве вадзіцелем аўтобуса, а падчас уборкі з радасцю перасядае на камбайн. Разам з ім сёлета працуе памочнікам Дзмітрый Крэнь. Акрамя героя гэтага здымка, на жніве ў “Свеклавічнай” сёлета задзейнічаны старшыя камбайнеры Аляксандр Нікалаеў, Андрэй Власін, Андрэй Макарэвіч, Вадзім Мархель, Міхаіл Жукаў
У ДП “Эксперыментальная база “Свеклавічная”, як расказаў яе дырэктар Віталь Панкрат, у бягучым годзе клін збожжавых складае 1120 га, з іх 170 га займаў азімы ячмень, 350 га — яравы ячмень, 150 га — трыцікале, астатняе — пшаніца. На сённяшні дзень азімы ячмень убраны цалкам, ураджайнасць — 64 ц/га. Зараз ідзе ўборка яравога ячменю. Вільготнасць зерня складае 12 %.
На жніве задзейнічана 7 камбайнеравых экіпажаў. Дарэчы, напярэдадні жніва гаспадарка атрымала новы камбайн GS2124 вытворчасці холдынгу “Гомсельмаш”. Парк уборачнай тэхнікі падрыхтаваны і прайшоў апрабаванне.
Дзякуючы добрай арганізацыі, стараннасці і прафесійным навыкам механізатараў уборка ідзе добрымі тэмпамі.
Святлана ШАТРУН.
Фота Соф’і ЛЮБАНЕЦ.