Пятница, 1 Июль 2022

46 просмотров
Новости

Свята, якое нас аб’ядноўвае

Заўтра наша краіна адзначыць галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці —Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. А што яно значыць для жыхароў Нясвіжчыны? Напярэдадні мы правялі невялікае апытанне сярод работнікаў устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў раёна, вучнёўскай моладзі.

Ганна Сярпінская,

настаўнік пачатковых

 класаў СШ № 4 г. Нясвіжа:

— Дзень Незалежнасці — сімвал адзінства. Гэта памяць аб продках, якія абаранялі наш край. Гэта багатая гісторыя, самабытныя традыцыі. Гэта магчымасць рэалізоўваць свае здольнасці і таленты. Думаць, марыць, змяняць сябе кожны дзень, назапашваючы духоўны патэнцыял для дзейнасці, каб прыносіць карысць усяму беларускаму народу.

 

 

 

 

Алена Врублеўская,

майстар па мыцці

i рамонце спецадзення Нясвіжскага завода

медыцынскіх прэпаратаў:

— Для мяне 3 ліпеня — Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь — гэта вялікае дзяржаўнае свята, прымеркаванае да вызвалення сталіцы ад фашысцкіх захопнікаў. Гэта гаворыць аб тым, што свята заваявана цаной велізарных страт. І я, як і ўвесь наш народ, рада таму, што ў маі 1945-га здабыта вялікая гістарычная перамога над нямецка-фашысцкімі акупантамі. Яна дазволіла нам свабодна жыць, вучыцца, працаваць на карысць радзімы. Лічу, што гэта галоўнае свята нашай краіны, якое аб’ядноўвае ўсіх, хто жыве ў Беларусі.

 

 

 

 

Дзмітрый Еўтух,

вучань 11 класа СШ № 1

г. Нясвіжа:

— Для мяне Дзень Незалежнасці — гэта ў першую чаргу памяць пра герояў, даніна павагі тым, хто абараняў нашу краіну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта як напамін цяперашняй моладзі аб тым, што яна жыве ў свабоднай, незалежнай краіне. Хочацца, каб маладыя людзі перадавалі і далей у пакаленні гэту памяць, гэты здабытак, які даўся цяжка, вялікай цаной. Наша незалежнасць — гэта самая вялікая спадчына, якой мы павінны ганарыцца.

 

 

 

 

 

 

Марына Шумейка,

загадчык Карцэвіцкага СДК:

— Дзень Незалежнасці — асаблівае свята для кожнага беларуса, які шануе сваю гісторыю. У гэты дзень наша сталіца, горад Мінск, была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Менавіта нашы дзяды і прадзеды цаной сваіх жыццяў вызвалілі родную зямлю і здабылі нам свабоду і незалежнасць. І ў гэты дзень, як ніколі, адчуваеш сябе грамадзянінам сваёй краіны. Перапаўняе гонар за нашу Беларусь. За ўтульнасць і гасціннасць гарадоў і сёл, за прыгажосць нашай прыроды, за нацыянальны каларыт і культуру, за дасягненні ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Гэта свята, якое аб’ядноўвае людзей розных пакаленняў і поглядаў. Свята міру і дабрыні.

 

 

Аляксей Асіповіч,

загадчык базы

мінеральных угнаенняў ААТ “Нясвіжскі

райаграсэрвіс”:

— Дзень Незалежнасці — гэта свята для ўсіх беларусаў. Мы жывём у прыгожай, квітнеючай і незалежнай краіне. Хочацца, каб так было і далей. Гэтым патрэбна ганарыцца і даражыць.

 

 

 

 

 

 

Ірына Сіліч,

медсястра (старшая)

паліклінікі Нясвіжскай ЦРБ:

— Каштоўнасць Дня Незалежнасці ў тым, што сёння мы, як дзяржава, з,яўляемся самастойнымі. Галоўная задача для беларусаў — не згубіць сваю незалежнасць. 3 ліпеня, як і любое свята, аб’ядноўвае народ, дорыць станоўчыя эмоцыі і ўсмешкі. Разам са сваёй сям’ёй з задавальненнем удзельнічаю ў святочных мерапрыемствах, якія штогод праводзяцца ў Нясвіжы.

 

 

Аляксандр Цвірко,

маёр у адстаўцы:

— Дзень Незалежнасці для мяне як веха ў гісторыі развіцця нашай дзяржавы. У паўсядзённым жыцці не часта задаеш пытанне: “Хто мы, беларусы і чаго вартыя?” Незалежнасць — гэта светлае неба над галавой, шчасце тваіх блізкіх, радасць дзяцей і ўнукаў… Не выпадкова гэта дата ўстаноўлена 3 ліпеня, у дзень вызвалення ад фашысцкай акупацыі. І мне здаецца, што было б вельмі правільна, калі б на ўсе значныя дзяржаўныя святы, асабліва — на Дзень Незалежнасці нашы суайчыннікі вывешвалі дзяржаўныя сцягі не толькі на адміністрацыйных будынках, але і на сваіх дамах, а тыя, хто жыве ў кватэрах, — на балконах або ў вокнах. Калі бачыш дзяржаўныя сцягі тваёй (тваёй!) краіны на вуліцах, умацоўваецца ўпэўненасць у пазітыўнай будучыні і верыш, што ўсё ў нас будзе добра, усё атрымаецца.

 

 

 

 

 

 

Уладзімір Якімаха,

ваенны пенсіянер:

— Я ўраджэнец Ра-сійскай Федэрацыі, а з 1969 года пражываю ў Беларусі. Жывучы тут, я пастаянна адчуваю клопат не толькі пра сябе, але і пра ўсіх, хто жыве і добрасумленна працуе на карысць сваёй краіны. Наша задача — зберагчы дзяржаву, якая атуліла сваім крылом лю-дзей шматлікіх нацыянальнасцей і веравызнанняў. Я лічу, што гэты дзень — самы знамянальны для нас, самае вялікае свята. Жадаю ўсім моцнага здароўя, поспехаў, міру і дабрабыту!

Вось такімі шчырымі, прасякнутымі любоўю да сваёй маленькай радзімы, да сваёй краіны, былі адказы нашых суразмоўцаў.

 

 

“НН”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!