Знаёмства з новай кнігай

У гарадскім маладзёжным цэнтры адбылася сустрэча з сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў Уладзімірам Бруем, які прадставіў сваю новую кнігу “Сердце новое”.

У. Бруй звычайна друкуе свае творы на рускай мове пад псеўданімам Ігнась Адамскі. Так было і з папярэднім раманам “Приключения сирийца в СССР”.

Раман “Сердце новое” напісаны на аснове сапраўдных па-дзей. Яго нельга назваць цалкам біяграфічным, але ў галоўнага героя ёсць рэальны прататып.

Аўтару ўдалося вельмі тонка стварыць настрой твора, прымусіць сэрца чытача біцца часцей у прадчуванні чарговага эпізоду, і гэта дасягаецца не столькі мудрагеліста закручаным сюжэтам, колькі паглыбленым апісаннем пікавых эмацыйных момантаў.

Галоўная матывацыя літаратурнай творчасці Уладзіміра Бруя — асабліва гэта было характэрна для яго першага зборніка “Нябесны банк”, які пабачыў свет у 2015 годзе, — паказаць чытачам шлях да Бога. І робіць ён гэта адкрыта, лёгка, часам з усмешкай, часам са слязьмі, але заўсёды — шчыра.

Павітаўшы ўсіх удзельнікаў сустрэчы, Уладзімір Бруй найперш падзякаваў спонсарам выдання. Сярод іх найбольшы ўнёсак зрабілі А.Г. Нячай,         У.У. Крыштаповіч, А.А. Парэйка, У.М. Фаб’ян, К.У. Кашанская.

Надзвычай прыемны духоўны фон вечарыны быў створаны спевамі вакальнага ансамбля “Жывая вада” і прывітальным словам яго кіраўніка Міхася Кебы. Гэты хрысціянскі гурт быў створаны трыццаць гадоў таму і з поспехам гастраляваў па краінах блізкага і далёкага замежжа. Выключна арыгінальныя і мілагучныя аранжыроўкі складае яго музычны лідар Віктар Голік, які віртуозна валодае рознымі музычнымі інструментамі.

Мастак Лявон Сакалоў папрасіў слова, каб падзяліцца уражаннямі пасля прачытання рамана “Сердце новое”.

— Скажу вам шчыра, — пачаў ён, — чытач з мяне ніякі. За апошнія гады я не мог адолець больш дзесяці старонак любой кніжкі. Аднойчы, сустрэўшыся ў евангельскай царкве з братам Уладзімірам, я атрымаў ад яго ў падарунак кнігу. Вечарам дома я раскрыў яе з намерам пагартаць перад сном, і тут здарылася штосьці неверагоднае: прачытаў, не адрываючыся, каля сямідзесяці старонак. Пасля доўга не мог заснуць. Назаўтра, ахвяраваўшы шматлікімі справамі па гаспадарцы, прачытаў яшчэ каля сотні старонак і патэлефанаваў Уладзіміру, каб падзякаваць за атрыманае задавальненне.

Вялікае ажыўленне ў зале выклікала прывітанне Аляксандра Марчанкі, дырэктара каманды “Шахцёр” з Салігорска, чэмпіёна Беларусі па футболе. Ён уручыў Уладзіміру Дзмітрыевічу футболку клуба, на якой замест нумара было пазначана яго прозвішча — “БРУЙ”. Віноўнік урачыстасці падзякаваў Аляксандру Уладзіміравічу за такі нечаканы і прыемны падарунак, а таксама за сумесныя гады цікавай працы ў ФК “Гарадзея”.

Напэўна, самай кранальнай часткай мерапрыемства стала сведчанне прататыпа галоўнага героя Сяргея Сечанкова пра сваё жыццё.

Ужо пасля завяршэння суст-рэчы Станіслава Вальчык, у мінулым настаўніца гісторыі, адна з актыўных стваральнікаў музея ў Карцэвіцкай СШ, сказала, што надзвычай моцна ўражана падзеяй і вельмі блізка прыняла да сэрца тое, як хлопчык на працягу доўгіх гадоў шукаў маці і бацьку і, нарэшце, знайшоў нябеснага Айца, які ніколі не пакідае яго.

Да слоў Станіславы Георгіеўны далучылася Наталля Плакса, старшыня раённай суполкі ТБМ і вядомы краязнаўца. Яна засталася вельмі задаволенай усім убачаным і пачутым і выказала думку, што варта было б аўтара і чалавека, які стаў правобразам галоўнага героя  кнігі, запрасіць на сустрэчу з вучнямі, іх настаўнікамі і бацькамі ў кожную школу раёна, прапанаваць пляцоўкі для суст-рэч з моладдзю, праблемнымі сем’ямі і цяжкімі падлеткамі.

— Упэўнена, — падвяла рысу Наталля Васільеўна, — што для кагосьці словы пісьменніка і персанажа яго кнігі  сталі б уратавальнай падказкай у цяжкую хвіліну жыцця, ад якой ніхто не можа засцерагчыся.

Сяргей  ПЯТРОЎСКІ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.