Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 13 °C

Адкрылася экспазіцыя твораў Мікалая Байрачнага і Юрыя Гудзіновіча “(Не)сучаснае мастацтва”

Нясвіжскія навіны 3 года назад 0 0

У Малой выставачнай зале Палацавага ансамбля адкрылася часовая экспазіцыя твораў Мікалая Байрачнага і Юрыя Гудзіновіча “(Не)сучаснае мастацтва”: кабінетная скульптура і зброя”. Кожны з творцаў — сапраўдная з’ява  ў мастацтве, непаўторная і своеасаблівая. 

Мікалай Байрачны і Юрый Гудзіновіч



М.І. Байрачны, які ў 1976 го-дзе скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, працуе ў галіне скульптуры, керамікі, кніжнай графікі. З 1975 года ўдзельнічае ў розных выставах, з 1987 года займаецца стварэннем аўтарскай зброі. У 1980 годзе быў прыняты ў Саюз мастакоў Беларусі. Як расказаў пра свой творчы шлях сам мастак, пасля заканчэння інстытута па спецыяльнасці “Кераміка” ён займаўся ёю каля 30 гадоў, прычым ніколі не рабіў посуд, толькі невялікія скульптуры, статуэткі, кампазіцыі. Але ў пэўны момант захапленне стала занадта стом-ным і накладным. База знахо-дзілася ў Барысаве, і ў 1976 — 1996 гадах яму даводзілася кожны дзень ездзіць туды-назад на электрычцы, паколькі матэрыял, абпалы, печы былі там. Пасля перабудовы і распаду Савецкага Саюза гэтыя рэчы сталі незапатрабаванымі, і ён знайшоў больш надзейны матэрыял для самавыяўлення — бронзу.

Мастак займаўся кніжнай графікай, рабіў лялькі, здымаў мультфільмы, але самым галоўным яго захапленнем заўсёды была і застаецца зброя.

Работы Байрачнага знахо-дзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, музеі Акадэміі мастацтваў Расіі.

Юрый Гудзіновіч у 1979-м годзе скончыў той жа інстытут, што і Мікалай Байрачны, вучыўся на кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва па спецыялізацыі “Мастацкая апрацоўка металу”. Вывучаў малюнак, жывапіс, скульптуру, агульнамастацкія дысцыпліны.

Мастак працуе па метале натхнёна, ствараючы і манументальныя рэчы, і дзівосныя па прыгажосці і ювелірнай вытанчанасці цацанкі, і сярэднявечную зброю, якая дакладна паўтарае аўтэнтычную. Яго работы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, у літаратурным музеі Максіма Багдановіча, у Збройнай палаце маскоўскага Крамля, яны ўпрыгожваюць Мірскі замак, Мінскую ратушу, Нацыянальную бібліятэку Беларусі, Палац дзяцей і моладзі ў сталіцы і іншыя прыкметныя аб’екты.

“Чакай мяне на ўскраіне свету”

У мінулым кастрычніку ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў з поспехам прайшла сумесная выстава кабінетных кампазіцый сяброў творчай суполкі “Коўня” Мікалая Байрачнага і Юрыя Гудзіновіча, а зараз на іх могуць палюбавацца і нясвіжскія гледачы.

Майстры называюць сваё мастацтва “не сучасным” у тым сэнсе, што яны не гоняцца за хуткаплыннай модай, а шануюць векавыя традыцыі. І са-праўды, звычка захоўваць халодную зброю ў кабінеце на прыгожых падстаўках існуе здаўна, а Мікалай Байрачны і Юрый Гудзіновіч надалі ёй новае дыханне, незвычайна тонка спалучыўшы клінок і рэалістычную скульптуру. Іх майстэрства не спрачаецца адно з адным,  а нібыта вядзе свой займальны аповед, у якім не перабіваючы адзін аднаго гучаць два галасы.

Кожная з кабінетных кампазіцый расказвае сваю захапляльную гісторыю, сваю казку ці легенду, у якой за відавочнымі абрысамі фігур абавязкова хаваецца нейкая таямніца. Тут зашыфраваны старажытныя веды і рамантычныя гісторыі, якія хочацца разгадаць, хітраспляценні чалавечых пачуццяў. Чаго варты адны толькі назвы работ: “Змоўк шабель звон. На талы снег апаў туман. Завершана начная бойка”, “Чакай мяне на ўскраіне свету”, “…Не перашкаджайце, я ўзлячу” і іншыя.

“Змоўк шабель звон. На талы снег апаў туман.
Завершана начная бойка”

Бронза, сталь, граніт, гранат, сердалік, перламутр, мармур — гэта няпоўны пералік матэрыялаў у спалучэнні з рознымі мастацкімі тэхнікамі, якімі майстры ствараюць свае непаўторныя работы.

Заўважым, што прадстаўленыя на выставе ўзоры зброі не з’яўляюцца копіямі пэўных аналагаў, а выраблены ў адпаведнасці з тэхналогіяй і мастацкімі густамі канкрэтнага перыяду гісторыі. Так, як бы гэта зрабіў майстар адпаведнага часу.

“…Не перашкаджайце, я ўзлячу”

Акрамя прыгажосці і вытанчанага майстэрства, якія нясуць у сабе гэтыя работы, яны яшчэ і пашыраюць наш круга-гляд — тут можна ўбачыць кельцкі кінжал з выявай старажытнага бажаства — чатырох-аблічнага Святавіта, штылет часоў Бенвенута Чэліні, шыфравальнае кола Альберці, якое ўжывалася пры кардынале Рышэлье, грозны кінжал-рондаль з сакрэтнай прыладай, сярэбраны шастапёр гусарскага палкоўніка Рэчы Паспалітай.

Адным словам — прыходзьце і вы не пашкадуеце. Выстава “(Не)сучаснае мастацтва” будзе чакаць вас па 14 лістапада.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!