17 верасня — Дзень народнага адзінства

У гэтым годзе ў нашай краіне заснавана новае дзяржаўнае свята — 17 Верасня — Дзень народнага адзінства. Дата невыпадковая — у гэты дзень у 1939 годзе пачалося ўз’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі. Пра што пісалі нясвіжскія аўтары 17 верасня ў розныя гады?

Запрашаем вас на невялікі экскурс па старонках “Чырвонага сцяга ” — мясцовай газета, якая змяніла сваю назву на “Нясвіжскія навіны” ў 2002 годзе.

Панядзелак, 17 верасня 1945 год. №65.

Увесь нумар быў прысвечаны ўз’яднанню Беларусі. У матэрыялах пад назвамі “Уз’яднанне беларускага народа ў адзінай беларускай савецкай дзяржаве”, “Воля народа выканана”, “Дзякуючы вялікаму Сталіну”, “У шчаслівай сям’і совецкіх народаў” адчуваецца, як ганарацца датай 17 верасня, як вераць, што ўсё ідзе правільна.

Напрыклад: “Велізарнай падзеяй у жыцці совецкага і польскага народаў з’яўляецца тое, што паміж Совецкім Саюзам і новай Польшай склаліся новыя адносіны, якія ўзніклі ў ходзе акульнай вызваленчай барацьбы супроць адвечнага ворага славянскіх народаў — германскага імперыялізма.

Беларускі народ, кіруемы партыяй Леніна-Сталіна і надалей будзе не пакладаючы рук працаваць над тым, каб залячыць раны, нанесеныя вайной народнай гаспадарцы рэспублікі, дабіваючыся новага росквіту соцыялістычнай Радзімы і няўхільнага ўздыму матэрыяльнага і культурнага ўзроўняў жыцця народаў нашай краіны”.

“Я рад, што ў ліку тысячных удзельнікаў Народнага Схода я таксама галасаваў за гэтае гістарычнае рашэнне [у аўтара толькі прозвішча — Гуль], выконваючы волю народа, наказ сваіх выбаршчыкаў.

Мінула шэсць год з таго часу. Беларускі народ перажыў цяжкую нямецкую акупацыю. Многіх з нас не стае, яны загінулі ў барацьбе за незалежнасць нашай Радзімы, якую мы атрымалі ў верасні 1939 года. Дата 17 верасня будзе вечна жыць у памяці нашага народа”.

“Цяжка цяпер успамінаць безпраўнае жыццё за панскай Польшчай… Сёння, у дзень 17 верасня, я ад усёй душы дзякую нашай доблеснай Чырвонай Арміі і нашаму мудраму правадыру Сталіну за вызваленне нас ад прыгнёту”.

Аўторак, 17 верасня 1946 года.№65.

Амаль усе матэрыялы у нумары прысвечаны святу 17 верасня — “Свята беларускага народа”, “Знамянальная дата ў жыцці народа”, “У шчаслівай сям’і совецкіх народаў”.

“Зараз, калі народы Совецкага Саюза ўступілі на шлях мірнай працы, беларускі народ з вялікім уздымам праводзіць у жыццё план новай сталінскай пяцігодкі.

З кожным днём павялічваецца колькасць адмоўленых фабрык, заводаў, бальніц, школ, кіно-тэатраў і дзіцячых устаноў. Усе свае сілы беларускі народ ададе на залечванне ран, нанесеных вайной”.

Чацвер, 15 верасня 1949 года. №73.

Змяніўся фармат палос. Замест А4 сучасныя А3. Але па-ранейшаму дзве старонкі.

Вялікі матэрыял “Насустрач усенароднаму святу”, апісвае той шлях, які прайшла дзяржава з 20-х гадоў і да 29-га. Акрамя таго надрукаваты такія артыкулы, як “Рыхтуюць дастойную сустрэчу слаўнай гадавіне” і “Што даў калгасны лад сялянству Беларусі”.

Акрамя таго вялікія плошчы адведзены пад матэрыялы выканання і перавыканання планаў — “Выканалі план бульбанарыхтовак”, “Багаты ўраджай”, “Здацб ільнасемя дзяржаве” і іншыя.

Чацвер, 17 верасня 1959 года, №112.

Газета ўяўляе з сябе два друкаваных аркуша фармата А3. Апошняя паласа — “Літаратурная старонка” з паэтычнымі і празаічнымі творамі (“Нарыс пра сяло калгаснае, “Памятная вясна”, “Дваццаць год Беларусі маёй” і іншыя).

Удзялялася ўвага і міжнародным падзеям — “Ад’езд у Злучаныя Штаты Амерыкі Старшыні Савета Міністраў СССР таварыша М. С. Хрушчова”, “Прыбыццё М. С. Хрушчова ў ЗША”, “Атамны ледакол “Ленін” вышаў у плаванне”.

У вялікім артыкуле “У дружнай сям’і народаў СССР” В. Якаўлеў расказвае пра тое, што “Дваццаць год таму назад у жыцці беларускага народа адбылася важная гістарычная падзея. Дзякуючы мудраму кіраўніцтву Камуністычнай партыі і братняй дапамозе народаў Савецкага Саюза ён быў уз’яднан у адзінай Беларускай Савецкай Сацыялістычнай дзяраве”.

Яшчэ адзін пласт тэм — “радасныя перамены”. Пад гэтай агульнай назвай размясціўся шэраг невялікіх матэрыялаў “Упэўненымі крокамі”, “Мяняецца аблічча вёскі”, “Ключ ад няспыннага росту”, “Ручную працу замянілі машыны”, “Жыць стала весялей”.

Аўторак, 16 верасня 1969 год, №109.

Напярэдадні святочнай даты, да 30-годдзя вызвалення Заходяй Беларусі, на старонках газеты надрукаваны артыкул “У сям’і адзінай”, які займае палову першай і другой паласы.

Цяпер на старонках газеты больш партрэтных здымкаў звычайных працаўнікоў сяла, пра іх друкуюцца як невялікія нататкі, так і вялікія матэрыялы. Знаходзіцца тут месца і для міжнародных навін, перадрукаваных з ТАСС. Такіх як “Лівія стала рэспублікай”.

Неўзабаве на старонках газеты з’явілася праграма тэлеперадач “Блакітны экран” на адзін тэлеканал, назва якога ў газеце не прапісана, але ж, у тыя часы і так усё было зразумела.

Субота, 15 верасня 1979 г., №110.

40-годдзю ўз’яднання беларускага народа ў адзінай Савецкай дзяржаве прысвечаны артыкул “Памятныя вераснёўскія дні”:

“… Тыя восеньскія дні не былі лёгкімі. Знаходзіліся кулацкія элементы, якія ўсяляк перашкаджалі будаўніцтву новага жыцця. Памятаю [піша былы намеснік камісара Нясвіжскага ўезда М. Мамановіч], як у адзін дзень пачалі паступаць у штаб звесткі аб тым, што машыны выйшлі з гаражоў прадпрыемстваў Нясвіжа і раёна з праколатымі коламі. Пачалі высвятляць і ўстанавілі, што хтосьці з кулакоў спецыяльна зрабіў вострыя “ёжыкі” і паклаў іх у аўтамабільныя каляіны…”

Надрукавана і падборка матэрыялаў “І НАЗВАЛІ КАЛГАС “17 ВЕРАСНЯ”. Сярод  аўтараў на старонцы — старшыня калгаса Р. Сасноўскі, старшыня прафсаюзнага камітэта, адзін з першых камсамольцаў У. Сасноўскі, старшыня выканкома Ліпскага сельскага Савета Я. Лазюк і майстар-жыватнавод І класа В. Грыцкевіч. Праз свае тэксты аўтары не толькі раскрываюць, што для іх значыць сам калхоз, але і дата 17 Верасня. Адны матэрыялы прасякнуты сучаснасцю, іншыя — мінулым.

Да Дня работнікаў лесу надрукаваны матэрыял ляснічага Нясвіжскага лясніцтва Р. Язвінскага “Ахоўваем “зялёнага сябра”. Вось, пра што ён пісаў:

“Лясы Беларусі — вялікае нацыянальнае багацце. Іх драўніна адна з лепшых. Асабліва цэняцца беларускі дуб, сасна, елка. Лес не толькі дае чалавеку вялікія багацці, ён стварае нармальную біясферу, з’яўляецца рэгулятарам воднага рэжыму…..У гэтым годзе, як вядома, у лясах у вялікай колькасці нарыхтоўваўся галінкавы корм, зялёная маса. Таму клопатаў прыбавілася кожнаму лесніку… На 5,5 тысячы гектарах размяшчаюцца лясы нашага раёна… І наша задача берагчы гэта багацце і памнажаць”.

Пісалі і пра новае, перадавое, напрыклад, пра “Вадкія комплексны ўгнаенні”, і пра добрых людзей (“Глыбокае карэнне”).

А наконт праграмы тэлеперадач — з’явілася ўжо тры канала, якія называлі надзвычай проста: першая, другая і трэцяя праграма.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.