Гавораць неcвіжане: давайце падтрымліваць парадак, а не ілюзію чысціні

Не так даўно мы развіталіся з цёплым летам,  і надвор’е недвусэнсоўна нагадвае нам, што наперадзе халады і… снег. Чаму я так выдзеліла гэта слова? А таму, што снег (калі нам пашанцуе і ён усё ж такі выпадзе) мае ўласцівасць хаваць пад сабой усё, што пад яго трапляе, і ствараць тым самым ілюзію чысціні.

Вось тут і хаваецца галоўнае. Мне, напрыклад, хацелася б, каб чысціня была не ілюзіяй, а ладам нашага жыцця, выражэннем нашай павагі да роднай зямлі, якая дае нам усё, што неабходна для жыцця — ваду, ежу, свежае паветра, ратунак ад спёкі ў гарачы летні дзень і цяпло ў сцюжу.

І самае простае, што мы можам зрабіць у знак удзячнасці за ўсё гэта — падтрымліваць парадак там, дзе мы жывём і працуем. Асабліва — дзе жывём. Прабачце за рэзкасць, але хопіць ужо, хопіць быць спажыванцамі — ісці па горадзе і кідаць чэкі з магазіна проста на зямлю, выкідаць смецце па дарозе з акна машыны, не лічыць патрэбным раздзельна збіраць адыходы, хаця для гэтага многае зроблена дзяржавай…

Гэта ж усё бачаць нашы дзеці. Яны не могуць гэта не бачыць. А потым выходзіш на ганак шматкватэрнага дома і бачыш, як каля яго і на самой дзіцячай пляцоўцы ляжаць фанцікі ад цукерак, разарваныя ўпакоўкі ад чыпсаў і іншыя, так бы мовіць,  “упрыгожванні”. А яны ж не “прыпаўзлі” туды самі… Яны “выпаўзлі” адтуль, дзе няма добрага прыкладу…

Таму хацелася б, каб мы з вамі, паважаныя суайчыннікі, разумелі, што чысціня і парадак — справа не адных толькі камунальшчыкаў. Гэта наша агульная справа. І калі мы хочам быць гаспадарамі на сваёй роднай зямлі і называцца цывілізаванымі людзьмі, мы павінны берагчы ад бруду і заняпаду кожны яе куток, таму што ў добрых гаспадароў, як вядома, не бывае беспарадку.

І няхай гэта восень стане добрай нагодай як належыць падрыхтаваць тыя куточкі нашай зямлі, дзе мы жывём, да таго часу, калі іх накрые чысты белы снег. І чысціня яго будзе не ілюзіяй.

Лілія ІВАНЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.