Меню
Курс $  3.27 | €  3.48 | ₽100  3.49 |
Погода 8 °C

Песні ў Габрунах

Нясвіжскія навіны 3 года назад 1 0

Пост опубликован: 02.09.2021

Каму не знаёма каласістае поле за вёскай, пах свежаскошанага сена, далікатныя кветкі на лузе, калодзеж з чыстай вадой на двары… І ўсё гэта застаецца ў нас назаўжды, як памяць пра родны край, дзе нарадзіўся і жыў.

А жыццё раскідае нас, дарослых, па розных дарогах, але потым зноў верне на радзіму. Няхай не ўсіх і не заўсёды, але ёсць той куточак, куды кліча душа. І хоць пусцеюць нашы вёскі, але не зарастае да іх сцяжына, а нагадваць пра іх цяпер стала добрай традыцыяй. Таму і праводзяцца ў раёне святы вёскі, на адным з якіх нам давялося пабываць. Вёска Габруны знаходзіцца недалёка ад Нясвіжа, і маштабы яе невялікія ды насельніцтва мала. У вёскі цікавая гісторыя: з’явілася ў 1811 годзе ад фальварка Чанавічы Слуцкага павета. А ў 1897-м належала да Ланскай воласці. Налічвалася 35 двароў, 222 жыхары, былі кузня і вятрак, хлебазапасны магазін. Пры польскай уладзе — уваходзіла ў склад Баранавіцкай вобласці, з 1954 года —  Мінскай.



Ішоў час, змяняліся пакаленні, моладзь выязджала ў гарады, дэмаграфія змянялася не на карысць вёскі. Але галоўнае, што бачым на сённяшні дзень — у Габрунах жывуць і працуюць людзі. За палеткамі бульбы стаяць сонечныя сланечнікі, у дварах ходзяць белыя качкі і гусі, растуць яблыні і грушы. Напрыклад, у сядзібе В.В. Куліевай, работніцы ЗАТ       “1 Мая”, усё як належыць у гаспадарцы. Старшыня Ланскага сельсавета Т.В. Шумоўская шчыра павіншавала гаспадыню са знакавай датай — 210-годдзем з дня заснавання вёскі — і ўручыла сувенір. Да яе слоў далучылася і загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі дома раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Н.С. Богуш. А ўдзельнікі хору ветэранаў працы г. Нясвіжа “Аптымісты” (кіраўнік І.К. Латушка, акампаніятар А.В. Гапановіч) праспявалі шчырыя пажаданні.

Завіталі мы і да маладых прадпрымальнікаў Іны і Юрыя Сцепановічаў, якія пабудавалі новы дом побач са старым бацькоўскім, маюць падсобную гаспадарку. Ім таксама былі ўручаны сувеніры і адрасаваны музычныя падарункі — песні “Родныя мясціны” і “Мы вам жадаем” у выкананні хору. Наведалі і жыхарку К.С. Гаціла, старасту вёскі Г.Р. Скалаба, якая актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці сельсавета. Яе дачка Таццяна працуе псіхолагам у Салтанаўшчынскім НПК д/с-СШ.

Самым адметным і цікавым аказалася наведванне старэйшай пары ў Габрунах. Іван Аляксеевіч і Лідзія Васільеўна Сцепановіч пражылі разам 60 гадоў. Факт сам па сабе рэдкі, і цудоўна, што яны здолелі столькі часу прайсці дружна па жыцці. Гаспадару 88 гадоў, а яго жонцы — 80. На маё пытанне, як удалося так доўга быць у шлюбе, Лідзія Васільеўна адказала:

—Трэба разам ладзіць жыццё, старацца думаць адзін пра аднаго і клапаціцца.

У Сцепановічаў двое дзяцей, двое ўнукаў і трое праўнукаў. Двор і гаспадарчыя будоўлі дагледжаны, усюды парадак і кветкі. Дапамагаюць бацькам у хатніх справах дзеці. “Аптымісты” праспявалі цудоўнай пары “Сто гадоў”.

Ля наступнай хаты мы ўбачылі групу маладых жанчын, яны жывуць тут на дачы і да-глядаюць сядзібу. А Таццяна Імпяровіч паведаміла, што дом нумар 52 — яе дзеда, М.І. Сланімскага. Жанчына жыве ў Мінску, прыязджае сюды і працуе ў садзе ды агародзе. У кветніку палымнеюць вяргіні, вакол парадак. Для маладой гаспадыні і яе сябровак харысты выканалі песні “Пока живешь на белом свете, радуйся” і “Мы вам жадаем”. Жанчыны прасвятлелі тварамі і шчыра дзякавалі артыстам.

Далей на шляху нам трапіўся незвычайны дом: на пярэднім фасадзе змешчаны выразаныя з дрэва тры птушкі, у двары — кампазіцыя з каменняў, тры драўляныя алені, птушачка на грыбочку. Ну проста любата! А зрабіў гэта сваімі рукамі гаспадар Алег Пунтус. На жаль, ён быў у ад’ездзе і пра ўсё расказала жонка Таццяна Аркадзьеўна. Працавітыя людзі трымаюць пчолак, трусоў, ёсць цяпліца. Ім — шанаванне ад старшыні сельсавета, а таксама падарунак і песні ад “Аптымістаў”.

Хоць не многа ў вёсцы людзей, але сустрэча з імі была ўзаемна прыемнай. Асабліва характэрна сям’я Куліевых, галава якой Аслан Атабабаевіч пераехаў з Азербайджана і ўжо 50 гадоў як асвоіўся на Нясвіжчыне. Служыў у свой час у Гродне, а ў Мінску пазнаёміўся з будучай жонкай Галінай Казіміраўнай. І ўжо сорак гадоў жывуць у любові і згодзе. Аслан Атабабаевіч вельмі рады, што прыехаў у Беларусь і ўсім задаволены.

А яшчэ мы наведалі адну са старэйшых ураджэнак Габруноў, 95-гадовую Ю.Ц. Сланімскую. Яна перабралася ў Лявонавічы, дзе жыве ў замяшчальнай сям’і. Нявестка даглядае жанчыну, каля прыгожага до-міка хораша, квітнеюць ружы. Юлія Цімафееўна была рада сустрэчы з намі, шчыра дзякавала за ўручаныя старшынёй сельсавета сувеніры і добрыя песні ад хору “Аптымістаў”.

Нягледзячы на тое, што ў суботу накрапваў маленькі дожджык, ён не перашкодзіў цёплым сустрэчам і добраму настрою вяскоўцаў і іх гасцей.

Раіса ХВІР,

г. Нясвіж.

1 Comment

1 Comment

  1. Дзмітрый:

    Дзякуй за навіну пра Габруны і крышачку гісторый!

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!