Сутнасць паняцця — праз любоў да сям’і, садка, горада

У яслях-садку № 4 г. Нясвіжа “Караблік дзяцінства” праходзіць цыкл мерапрыемстваў у рамках Тыдня народнага адзінства, які з’яўляецца часткай абласнога грамадзянска-патрыятычнага праекта “Мой край, мой лёс, мая Айчына”.

Падчас знаёмства з народнымі традыцыямі, часткай якіх з’яўляюцца і гульні, у якія дзеткітаксама пасля спрабавалі гуляць

У “Карабліку дзяцінства” праект стартаваў у лютым гэтага года і будзе праходзіць па люты 2022-га. У яго рамках праводзіцца мноства мерапрыемстваў з мэтай грамадзянска-патрыятычнага выхавання. Асаблівая ўвага тэме патрыятычнага выхавання была нададзена на гэтым тыдні, бо сёння, 17 верасня, — Дзень народнага адзінства.

Пра важнасць правядзення мерапрыемстваў, прысвечаных рэалізацыі задач у навучальнай сферы “Дзіця і грамадства”, да якіх адносіцца і Тыдзень народнага адзінства, у дзіцячым садку распавяла загадчык установы Вольга Пуляк:

— У сістэме дашкольнай адукацыі не так лёгка здзейсніць падобныя праекты, растлумачыць дзецям, што такое патрыятызм. Гэта глабальнае паняцце, а дзеці, якія не так даўно пачалі пазнаваць свет тактыльна, думаюць прасцей. Для іх існуе толькі тое, што можна ўбачыць, да чаго дакрануцца. Але размаўляць пра патрыятычнае выхаванне з дашкольнікамі неабходна. Мы стараемся данесці сутнасць паняцця праз любоў да сям’і, дзіцячага садка, роднага горада. Бо, калі дзіця будзе любіць свет, які яго атачае, ён будзе клапаціцца пра сваю Радзіму і калі вырасце.

Юныя даследчыкі размалёўвалі герб Нясвіжа

Так, у аўторак хлопчыкі і дзяўчынкі ўвесь дзень даведваліся новае пра сваю малую радзіму. Выхавацель Наталля Салятыцкая правяла для сваіх дашкалятаў комплексны занятак “Дзіця і грамадства”, які быў прысвечаны Нясвіжу — яго гісторыі і развіццю. На раздрукаваных фотаздымках дзеці маглі наглядна паглядзець, якім быў горад у даўнія часы і якім стаў цяпер. Юныя даследчыкі ўважліва вывучалі герб Нясвіжа: лічылі, колькі палосачак на ім, якіх яны колераў, як чаргуюцца, — пасля чаго паспрабавалі размаляваць яго самастойна, каб потым параўнаць з гербам, зробленым рукамі выхавацеля.

У інтэрактыўнай форме прайшоў і занятак па вывучэнні беларускіх народных гульняў у міні-музеі “Альтанка дзяцінства”. Падчас занятку выхавацель Ніна Кавалеўская развучвала і праводзіла з дзецьмі гульні, расказвала пра іншыя цікавыя традыцыі.

Пасля абеду старэйшыя групы адправіліся дэманстраваць сваё майстэрства чытання вершаў, прысвечаных малой ра-дзіме. Маленькія, калі расселіся на стульчыках, не толькі слухалі, як дэкламуюць вершы іх сябры, але і з цікавасцю разглядалі выставу, падрыхтаваную бацькамі дашкалятаў, на фоне якой і адбывалася дзеянне.

Разнастайныя творчыя работы і фатаграфіі адлюстроўвалі, што ў дарослых асацыіруецца з паняццем “Мая радзіма”. Большасць бацькоў прадэманстравала гэта праз фатаграфіі сям’і або праз вырабы, якія ўвасабляюць нясвіжскія славутасці.

Учора, у чацвер — у традыцыйны дзень беларускай мовы — бацькі таксама зрабілі свой унёсак, напісаўшы па аднаму любімаму беларускаму слову на падрыхтаваных лісточках. З усіх іх быў складзены калаж цёплых, добрых слоў па-беларуску.

І вось сёння, у Дзень народнага адзінства, у яслях-садку № 4 г. Нясвіжа “Караблік дзяцін-ства” праходзіць урачыстае  закрыццё Тыдня народнага  адзінства, якое будзе працягам цікавых, пазнавальных мера-прыемстваў, прысвечаных гісторыі роднага краю.

Неаніла ЛЮБАНЕЦ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.