Свята 17 Верасня

Свята 17 Верасня — Дзень народнага адзінства — нагода пагутарыць і з прадстаўнікамі сённяшняга пакалення працаўнікоў сельгаспрадпрыемства, якое носіць такую назву.

Мой званок на мабільны тэлефон механізатара адкрытага акцыянернага таварыства “17 Верасня” Сяргея Каленіка застаў яго ў кабіне магутнага пагрузчыка “Амкадор-352”. Машына, лічы, новая, Сяргей Іванавіч атрымаў яе летась. А зараз механізатар выконваў адказную справу — трамбаваў здробненую масу кукурузы ў сіласнай траншэі. Трамбаваў старанна, каб корм жывёле на зіму быў якасным.

— Кукуруза вырасла добрая, будзем з кармамі, — падкрэсліў мой суразмоўца.

Сяргей Каленік — чалавек мясцовы, родам з вёскі Клепачы, вырас на вераснёўскай зямлі. Бацькі былі калгаснікамі, працавалі на свінаферме ў Высокай Ліпе. Сяргей вырашыў таксама прысвяціць сваё жыццё вёсцы. Падчас вучобы ў Ліпскай СШ займаўся ў Сноўскім вучэбна-вытворчым камбінаце, набыў прафесію механізатара. У 1984 годзе прыйшоў на працу ў калгас. Затым — служба ў арміі, вяртанне на малую ра-дзіму. Даручалі розную работу. Асвоіў ён збожжаўборачны, кормаўборачны і буракаўборачны камбайны, пагрузчык.

На жніве Сяргей Іванавіч адпрацаваў 28 сезонаў. Часта выходзіў у лідары. Асабліва яму памятаецца 2005 год, калі са сваім памочнікам — жонкай Святланай Антонаўнай — на новенькім КЗС-10 сталі пераможцамі рэспубліканскага спаборніцтва на камбайнах гэтай маркі. Намалацілі 1770 тон і ўдзельнічалі ў рэспубліканскіх дажынках, што праходзілі ў Слуцку. Сяргея Іванавіча ўзнагародзілі аўтамабілем, Святлану Антонаўну —  камп’ютарам. КЗС-10 былі тады новымі беларускімі камбайнамі, па рэспубліцы на жніве іх працавала 55, і ўвага кіраўніцтва краіны да новых машын, іх магчымасцей была вельмі вялікай.

Сёння ў распараджэнні Сяргея Каленіка — камбайн з новага пакалення гомельскіх волатаў — КЗС-1218.

— Як працуецца на родных палях? — цікаўлюся.

— Як дома. З добрым настроем. Наогул, прывык усё рабіць акуратна, каб быў усюды парадак.

Гэтак жа добрасумленна працуюць і таварышы Сяргея Іванавіча — механізатары гэтай гаспадаркі Сяргей Іванавіч Малец, Іван Міхайлавіч Зянько і іншыя. Застаўся ў сваёй гаспадарцы і малодшы брат Сяргея Каленіка — Дзмітрый. Ён загадвае МТФ “Круты Бераг”. Дарэчы, іх у бацькоў — пяцёра. Пяцёра братоў, сумленных, працавітых мужчын.

— Мне прыемна, што 11-гадовы ўнук таксама схільны да тэхнікі, — расказвае Сяргей Іванавіч. — Кожнае лета прыяз-джае да нас у вёску, любіць пасядзець са мной у кабіне камбайна ці пагрузчыка.

— Калі вы даведаліся, у гонар якой падзеі калгас так назвалі — “17 Верасня”?

— Вядома ж, калі вучыўся ў школе. Гісторыю ў нас выкладаў Аляксей Васільевіч Шуста. Тады і даведаўся пра ўз’яднанне Беларусі ў 1939 годзе.

Не на панскіх абшарах, не на вузкіх бядняцкіх палосках працуюць беларусы, а на зямлі, якая належыць усяму калектыву сельгаспрадпрыемства, усяму народу. Ёсць дзе разагнацца магутнай, высокапрадукцыйнай тэхніцы, якая замяніла цяжкую ручную работу. Усё ла-дзіцца ў вяскоўцаў. І сімвал гэтай свабоднай, творчай працы — Дзень 17 Верасня, калі беларусы сталі адзінай         сям’ёй. Гаспадарамі крочаць яны па роднай зямлі незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,

заслужаны журналіст 

Беларускага  саюза журналістаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.