Дзякуй, шаноўная Наталля Аляксандраўна!

“Нясвіжскія навіны” — раённае выданне, якому аддаюць перавагу тыя жыхары, хто хоча ведаць, што адбываецца ў раёне, якія пытанні хвалююць спецыялістаў розных сфер дзейнасці, пра маленькія поспехі і вялікія дасягненні людзей. Менавіта ўсё гэта цікава і жыхарцы аграгарадка Аношкі Наталлі Аляксандраўне Драчан. Некалькі дзесяцігоддзяў з’яўляецца яна прыхільніцай раённай газеты, чытаеяе з першай да апошняйстаронкі.

— Люблю нашу раённую газету, таму заўсёды падпісваюся на гэтае выданне, — расказвае Наталля Аляксандраўна. — Калі ў самой не атрымліваецца, дзяўчаты выручаюць — наш паштальён Алена абоІрына, што працуе на вузле сувязі. Вельмі добрыя людзі, уважлівыя да нас, пенсіянераў. Дзякуй ім вялікі.

— Яшчэ калі ў Альхоўцы жыла, атрымлівала “раёнку”. Падабаецца ўсё — і артыкулы пра важныя падзеі і менш значныя, радуюся поспехам землякоў. Нават добра пачытаць, хто адзначае святы сямейныя, дні нараджэння. І пра падзеі, якія засмучаюць, чытаю — хто пакінуў гэты свет, бо, вядома, усё жыццё маё прайшло ў раёне, многіх ведала, але цяпер, з узростам, менш сустракаюся з людзьмі,  ды і час такі, што патрабуе абмежаваць кола зносін.

— Я не заўсёдыжыла ў Аношках. Пераехалі сюды з Альхоўкі. Нарадзілася і вырасла там. Раней на веласіпедзе ездзіла, каб пабыць у родных мясцінах, там рэчка, лес і палеткі — усё сваё, роднае. Цягне туды, бо надзорам казалі ў  народзе: “Дзе завязаны пупок, там і родны куток”, — з гумарам расказвае Наталля Аляксандраўна. І працягвае: — Але мне і тут добра. Прыродны газ ёсць, усе выгоды ў хаце зроблены, месца хапае. Маразільнік, машына-аўтамат для прання бялізны, унучкамі крахвалевую печ падарыла.  Іншы раз дачка кліча да сябе ў Мінск, але мне добра тут, не хочацца нікому дастаўляць лішні клопат. Ды і людзі вакол добрыя. Суседзі наведваюць мяне часта, дзе трэба, дапамагаюць. А вось толькі што ад мяне выехала наша Валянціна Канстанцінаўна з амбулаторыі, прышчэпку ад грыпу я рабіла ў чарговы раз, а пару месяцаў таму — ад кавіду. І ў амбулаторыі нашай мясцовай уважлівыя да пацыентаў медыкі. Заўсёды лекі патрэбныя выпішуць, параду слушную дадуць, каб здароўе падтрымліваць. Усё ж такі ўзрост у мяне, трэба гэта ўлічваць, ды і працавала  я цяжка, даяркай на ферме калгаса “Радзіма” была.

Сваю гаспадарку трымалі — конь быў, некалькі кароў, свінаматка, індыкі, куры. Хапала  для сям’і ўсяго, але працаваць прыходзілася многа.

Сёння дзякую Богу, што дае сілы жыць, прашу ў Яго заўсёды здароўя для дзяцей, унукаў, праўнукаў і для ўсіх добрых людзей, бо яно на сёння — самае галоўнае. Ну а што прыйшлося мне перажыць у жыцці, страты цяжкія перанесці, дык на тое ж яно і жыццё — складаецца ў чалавека не толькі з радасцей, — дзеліцца мая субяседніца.

Так шчыра, па-добраму расказвала Наталля Аляксандраўна пра жыццё-быццё, узгадвала сваіх сябровак, з якімі працавала на ферме, якія і сёння жывуць у Малеве, успамінала пра дзявочы лёс і пра жыццё з яе Анцікам (так ласкава клікала яна мужа) і пра тое, як па-рознаму складваліся іх адносіны на працягу амаль пяцідзесяці гадоў сумеснага жыцця.

Так падчас звычайнай размовы перада мной паўстаў лёс простага, шчырага чалавека. Добразычлівай жанчыны, якая знаходзіць у кожным моманце жыцця станоўчае. Прыемна, што сярод нашых пастаянных падпісчыкаў ёсць такі чалавек, ад якога мне пашчасціла пачуць добрае слова пра нашу газету. А яе мы ствараем менавіта для людзей Нясвіжчыны.

Дзякуй вам, паважаныя!

Дзякуй, шаноўная Наталля Аляксандраўна, што Вы доўгія гады застаяцеся з намі!

Іна ВАСІЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.