Калі цябе чакаюць людзі

Алена Іосіфаўна Карачун — сельскі паштальён. Ураджэнка суседняга, Клецкага раёна. Некалі яна пераехала на Нясвіжчыну, стварыла тут сям’ю. Разам з мужам выгадавала двух сыноў. Радуюцца ўнучкам. А жыве ў аграгарадку Аношкі, дзе яна знаёма кожнаму жыхару. Бо яе работа — прыносіць у кожную хату навіны — раённыя, абласныя, рэспубліканскія, замежныя.
Аформіць падпіску, параіць, якое лепш выданне выпісаць, прадаставіць паслугі і тавары з дастаўкай дадому — зручна для нас, людзей пажылога ўзросту, — расказваюць пра яе вяскоўцы.


На сёння ўчастак у Алены Іосіфаўны, здаецца, і невялікі, але іншы раз ёй прыходзіцца больш за дзесяць кіламетраў выхадзіць з туга напоўненай сумкай. А пасля ж дома чакаюць клопаты па гаспадарцы, агародчык, дзе штогод цвітуць любімыя хрызантэмы, вяргіні, гваздзікі…
Паштальёна мы засталі на адной з вуліц аграгарадка, дзе яна разносіла карэспандэнцыю.
— Тут жывуць падпісчыкі “раёнкі” і тут, але іх зараз не будзе, на рабоце. А вось Аляксандраўна павінна дома быць, — расказвае мая суразмоўца і адчыняе веснічкі ў адзін з двароў. — Можа, у агарод выйшла, бо вось яе палка стаіць ля дзвярэй, — гаворыць яна.
Аляксандраўну мы сустрэлі, калі яна варочалася з магазіна. Жанчына рада была пагутарыць і шчыра прызналася, што заўсёды чакае свайго паштальёна. Падпісваецца на “Нясвіжскія навіны” і часопіс “Гаспадыня”, чытае газету ад першай да апошняй старонкі…
— Час ішоў, а сумку трэба было разгружаць па адрасах, і мы рухаемся па вуліцы. Заўважыўшы, што я пазіраю на буслянку, Алена Іосіфаўна, згадаўшы мае думкі, расказвае:
— Гняздо на слупе было адразу, але брыгада электрыкаў забараніла гэтае месцазнахо-джанне. Тады птушынае жытло перанеслі на спіленае дрэва.
— А вось — сапраўднае “бабіна лета”…— паказвае мая суразмоўца. Мы спыніліся ля кветак, вакол якіх ляталі матылькі і пчолы, нягледзячы на ветраны кастрычніцкі дзень.
Так па-вясковаму, проста ішла размова з чалавекам, раніца якога пачынаецца з раскладкі карэспандэнцыі ў паштовым аддзяленні “Аношкі”, дзе ў сумку на рамні складваюцца не толькі газеты і часопісы, але і прадукты харчавання, канцтавары і іншае. А яшчэ ў дарогу па населенаму пункту бярэцца добры настрой.
— Прапаную нашым людзям не толькі падпісацца на розныя выданні, але і самыя розныя тавары. Больш просяць макароны, алей, цукар, некаторыя камбікорм заказваюць, — дзеліцца Алена Іосіфаўна і працягвае: — Заўсёды стараюся з людзьмі добрай быць. Адзін хоча пагутарыць, другі нешта ўдакладніць, а бывае, і сакрэтамі дзеляцца людзі — ведаюць, што можна даверыць… А што датычыцца падпісных выданняў, то тут іншы раз і раіць не трэба. Ёсць пастаянныя прыхільнікі “Нясвіжскіх навін”, “Беларусь сегодня”, “7 ДНЕЙ”, “Друг пенсионера”. Чытаюць у нас часопісы “Гаспадыня”, “Хозяин”, “1000 советов”, “Однако, жизнь”. Сама выпісваю “Знамя юности”, “Мінскую праўду”, “Звязду”, “Нясвіжскія навіны”. Іншы раз унучкам нешта падбіраю цікавае.
За трыццаць два гады работы паштальёнам Алена Іосіфаўна ніколі не пашкадавала аб выбранай прафесіі. Прыемна, калі цябе чакаюць людзі, лічыць яна. Таму і ў сонечныя спякотныя дні, і ў дні дажджлівыя спяшаецца яна па адрасах сваіх падпісчыкаў, каб пакласці ў паштовыя скрыні свежыя газеты і часопісы, каб на прывітанне аднавяскоўцаў з усмешкай на твары адказаць: “Добры дзень!”.
У рамках святкавання Сусветнага дня пошты Алене Іосі-фаўне Карачун будзе ўручана пасведчанне «Ветэран працы рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства паштовай сувязі «Белпошта».
Іна ВАСІЛЕВІЧ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.