С.І. Сільвановіч: “Зрабіла ўнучку падарунак — засталася жывой”.

Калі ў мінулым месяцы жыхарка в. Завітая Станіслава Іванаўна Сільвановіч адчула сябе нядобра — з’явіўся азноб, слабасць, як пры звычайнай прастудзе, яна адразу не надта спалохалася. Цікава, што кашаль і іншыя яўныя прыкметы вострага рэспіраторнага захворвання яе не непакоілі. Звярнулася на Ударненскі ФАП 17 верасня, калі стала павышацца тэмпература да 37,7. Адтуль накіравалі ў раённую бальніцу, дзе зрабілі камп’ютэрную тамаграфію. Яна паказала, што ў жанчыны кавіднае запаленне лёгкіх. Пасля даследавання вырашыла вярнуцца дадому, каб сабрацца ў бальніцу, спадзеючыся самой туды назаўтра даехаць. Але ўсё аказалася не так проста — ноччу прыйшлося выклікаць “хуткую”, якая і забрала жанчыну. Пры гэтым кашаль з’явіўся ў яе толькі тады, калі яна ўжо ляжала ў бальніцы.

Там Станіслава Іванаўна прабыла цэлы месяц, тыдзень з гэтага часу — у рэанімацыі, дзе лячэнне ішло асабліва інтэнсіўна, пастаянна падаваўся кісларод. Дата пераводу з рэанімацыі ў звычайную палату — 6 кастрычніка — запомнілася ёй асабліва ясна, бо супала з днём нараджэння малодшага ўнука.

— Зрабіла ўнучку падарунак, — смяецца Станіслава Іванаўна. — Засталася жывой, перайшла ў звычайную палату выздараўліваць далей.

Мяркуючы па ўсім, аптымізм і пачуцццё гумару не пакідалі маю суразмоўцу і ў самыя цяжкія хвіліны. Плюс — безагаворачны давер медыкам і велізарная ўдзячнасць усім, хто дапамагаў перамагчы хваробу. Назваў лекаў, якія прызначалі ўрачы, Станіслава Іванаўна не памятае, гэта складана для непрывычнага чалавека, ведае толькі дакладна, што ёй рабілі ўколы, ставілі кропельніцы, пастаянна, за выключэннем трох дзён да выпіскі, падавалі кісларод, часта бралі аналізы.

— У маім блоку ў рэанімацыі нас ляжала трое, — узгадвае яна. — Пра ўсіх, хто клапаціўся пра нас, магу сказаць толькі самае добрае. Да мяне нават вызывалі для кансультацыі спецыяліста з Мінска, ён прапісваў нейкае асобнае лякарства. І абыходжанне з намі ўсіх, хто быў побач і ў звычайным аддзяленні, і ў рэанімацыі,— і ўрачоў, і медсёстраў, і санітарак — было самае добрае і ўважлівае. А гэта ж галоўнае, што трэба чалавеку, калі яму кепска, — адчуваць, што пра яго клапоцяцца, што ён не пакінуты. Хапала нам і харчавання — для хворага чалавека больш, чым дастаткова.

У сераду на мінулым тыдні Станіслава Іванаўна выпісалася з бальніцы. Аднаўленне арганізму пасля цяжкай хваробы ідзе не так хутка (яшчэ цяжкавата хадзіць і пры доўгай размове не хапае дыхання), але мая суразмоўца з радасцю вымаўляе галоўныя словы: “Дзякуй Богу, што я дома!”.

А яшчэ з вялікай удзячнасцю гаворыць пра ўрача Алу Мечыславаўну Мудрую:

— Яна ўклала ў маё лячэнне (і не толькі маё)  вельмі шмат сваіх разумовых і душэўных сіл. Пастаянна заходзіла да нас, правярала, як мы сябе адчуваем, ці правільна ляжым, а ляжаць трэба было толькі на жываце. Падыдзе, то валік паможа паправіць, то коўдру падцягнуць, падбадзёрыць, пагаворыць. Страшна падумаць, што б з намі было, каб не нашы ўрачы. Выйшаўшы з бальніцы, цвёрда магу сказаць: яны робяць усё, што можна, каб выратаваць нас. І я гэта ніколі не забуду.

Зараз да Станіславы Іванаўны прыехала яе сястра, каб дапамагчы ёй акрыяць, радуюцца яе вяртанню дамоў сын, нявестка і ўнукі. Дарэчы, у ліпені мая суразмоўца адзначыла 65-гадовы юбілей. І няхай такіх юбілеяў будзе ў яе жыцці яшчэ многа — на радасць і ёй самой, і яе родным.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.


 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.