Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.48 |
Погода 7 °C

Сакрэт бадзёрасці Уладзіміра Пучко

Нясвіжскія навіны 3 года назад 0 0

Пост опубликован: 02.10.2021

Знакамітую фразу аб тым, што чалавеку столькі гадоў, на колькі ён сябе адчувае, можна цалкам аднесці да жыхара Гарадзеі Уладзіміра Аляксандравіча Пучко. Ну ніяк не дасі яму тыя 80, якія вынікаюць з даты яго нараджэння па пашпарце. Шпаркі і ўсмешлівы, ён пастаянна нечым заняты — выдатна ўладкаваны прысядзібны ўчастак, дом і ўласны магазін пастаянна патрабуюць клопату і гаспадарскага вока.



Вядома, немалаважная тут і падтрымка яго спадарожніцы жыцця Людмілы Аляксандраўны, але, згадзіцеся, ніхто не запаліць у чалавеку агонь жыцця так, як гэта можа зрабіць ён сам.

А майму суразмоўцу гэтага не займаць. Нарадзіўшыся на свет на суседняй Карэліччыне ў простай сялянскай сям’і, ён рана зведаў нялёгкую працу на зямлі. Ды і сама вучоба ў школе ў тыя часы для нас, прывыкшых да жыццёвых даброт, падасца амаль подзвігам — школа ў роднай вёсцы Скорычы была сямігадовай, і ў 8-ы, 9-ы і 10-ы класы трэба было хадзіць па сем кіламетраў, зімой — па калена ў снезе. Але ж гэта не палохала — вельмі хацелася вучыцца, пазнаваць новае. Калі ж дадаць да гэтага захапленне спортам, а менавіта бегам на доўгія дыстанцыі — ад паўтара да дзесяці кіламетраў, то ўжо можна крыху ўявіць сабе, як ствараўся характар героя гэтага аповеду.

— Аднойчы, — узгадвае Уладзімір Аляксандравіч, — я вельмі хацеў паўдзельнічаць у спаборніцтвах па бегу на 20 кіламетраў у Мінску. Аднак урач адхіліў мяне ад іх з-за прастуды. Дык я паспеў у той жа дзень вярнуцца ў Карэлічы і патрапіць надругія старты — на 1,5 кіламетра.

Пасля заканчэння школы вырашыў не развітвацца з сельскай гаспадаркай, але, не паступіўшы ў тую навучальную ўстанову, у якую хацелася, паслухаў параду дваюраднага брата і паехаў у Калінінградскую вобласць. Там паспяхова скончыў Азёрскі тэхнікум механізацыі сель-скай гаспадаркі і атрымаў спецыяльнасць бухгалтара. Адпрацаваўшы пасля тэхнікума год у саўгасе “Грамячынскі”, там жа, на Калінінградчыне, быў прызваны на тэрміновую службу ў Савецкую Армію. Год служыў у Рызе, два — у Таліне.

Тут таксама ёсць паказальны момант — калі юнак даведаўся, што яго могуць не ўзяць у армію з-за частых ангін, ён сам, па ўласнай волі, хуценька паехаў на кані ў райцэнтр — Чарняхоўск — каб там яму як мага скарэй зрабілі аперацыю па выдаленні гландаў. Страх перад аперацыяй быў нішто ў параўнанні з сорамам быць не ўзятым у армію. Сапраўды, тады не служыць у войску было сорамам…

Тры гады тэрміновай службы сталі яшчэ адной ступенню загартоўкі характару маладога чалавека. І ён прайшоў гэту ступень годна.

Пасля дэмабілізацыі вярнуўся на ра-дзіму, дзе быў прыняты на работу простым калгаснікам у калгас імя Царука. Тут жа папрацаваў намеснікам бухгалтара і загадчыкам вытворчага ўчастка. Аднак жывы характар, нераўнадушша да ўсяго, што адбываецца навокал і баявы запал, уласцівы сапраўднаму лідару, адразу вылучылі майго суразмоўцу з агульнай масы і ў хуткім часе ён стаў сакратаром камсамольскай арганізацыі калгаса.

Да яго радасці, тагачасны кіраўнік гаспадаркі Валерый Уладзіміравіч Шэсцель усёй душой падтрымліваў любоў свайго камсамольскага важака да спорту і спартыўнае жыццё ў калгасе квітнела. На спаборніцтвы марылі паехаць усе — нават школьнікі, бацькі якіх падавалі ім добры прыклад.

— У мяне была выключная яўка на камсамольскія сходы, — з усмешкай узгадвае Уладзімір Аляксандравіч. — Усе так хацелі на спаборніцтвы, што пры ўмове, што паедуць туды, на сходы прыходзілі нават сямейныя людзі, што па тых часах было сапраўдным дасягненнем.

Актыўнасць і ўменне майго суразмоўцы натхніць людзей на добрую справу былі заўважаны і ў раёне — яму прапанавалі стаць першым сакратаром райкама камсамола, але ён адмовіўся. “Не, — сказаў. — Я калгаснік і хачу быць на сваім месцы — у калгасе”.

Прапанова не мела поспеху, але пра няўрымслівага, актыўнага маладога чалавека не забыліся. І калі праз некаторы час ізноў сталі клікаць на работу ў раён, на гэты раз інструктарам арганізацыйнага аддзела райкама партыі, ён здаўся і вырашыў паспрабаваць сябе на новым полі дзейнасці. Вытрымаў толькі год і зноў стаў прасіцца бліжэй да канкрэтыкі, да зямлі.

Яму ізноў пайшлі насустрач і прызначылі сакратаром парткама племзавода “Карэлічы”.  Пра гэта месца працы Уладзімір Аляксандравіч і зараз узгадвае з вялікім гонарам:

— У тыя часы гэта была першая гаспадарка ў рэспубліцы і па надоях, і па ўраджайнасці. Пры мне атрымлівала званне Героя Сацылістычнай працы даярка Тамара Уладзіміраўна Цупрык, якая надаіла ад 15 кароў 6500 кілаграмаў малака. Кожны год “Карэлічы” заваёўвалі пераходныя Чырвоныя сцягі і па вытворчых паказчыках,  і па спорце. Ніколі не забуду, як мы з дзвюма даяркамі ездзілі ў Зорны гарадок, прадстаўлялі там Беларусь.

Племзаводу “Карэлічы” мой суразмоўца прысвяціў 10 гадоў свайго працоўнага шляху.

Аднак нездарма кажуць “Жыццё пражыць — не поле перайсці”. Не ўсё бывае так гладка, як хацелася б. Па сямейных абставінах  Уладзімір Аляксандравіч пакінуў родныя мясціны і ў 1982 годзе пераехаў на Нясвіжчыну, дзе стаў працаваць упраўляючым аддзялення “Лысіца”, а затым — аграномам па кормавытворчасці і сакратаром парткама саўгаса “Гарадзейскі” (зараз — ААТ “Гарадзея”).

Новыя мясціны, новыя людзі, новыя нюансы работы (па другой адукацыі, набытай у Гродзенскім сельскагаспадарчым інстытуце, У.А. Пучко — вучоны  аграном) — усё гэта было вельмі няпроста. Як і ўсюды, герой гэтага аповеду імкнуўся працаваць і тут так, каб не было сорамна за сваю работу. Падчас работы сакратаром парткама стаяў на варце інтарэсаў працоўных, абараняў іх ад несправядлівых звальненняў.

І ўсё ж такі месцам, дзе ён у поўную сілу праявіў свае прафесійныя веды, жыццёвы вопыт і арганізатарскія здольнасці, стала Гарадзейскае збожжапрыёмнае прадпрыемства. Сюды Уладзімір Аляксандравіч прыйшоў у 1985 годзе, і, адпрацаваўшы менш года галоўным інжынерам, стаў яго дырэктарам. За гады кіраўніцтва — з 1986-га па 2004 — мой суразмоўца з’яднаў працоўны калектыў, вывеў прадпрыемства ў шэраг лепшых у рэспубліцы, абнавіў матэрыяльную базу. Усё гэта стараўся зрабіць так, каб знаходзіць з людзьмі агульную мову, нікога не пакрыўдзіць, не адмовіць у просьбе.

— І цяпер, бывае, — расказвае Уладзімір Аляксандравіч, — чалавек падыходзіць, гаворыць “А помніце, я быў у вас у кабінеце, прасіў аб тым і аб тым, і Вы мне памаглі”. А я і не помню гэтага чалавека і што я для яго зрабіў. А людзі памятаюць. І гэта вельмі грэе душу, калі цябе ўзгадваюць менавіта так, а не наадварот. Лічу, што недарэмна пражыў жыццё.

Сапраўды, з гэтым нельга не пага-дзіцца. І не толькі дзяржаўныя ўзнагароды — ордэн “Знак пашаны” і медаль “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння           У.І. Леніна” сведчаць аб заслугах майго шаноўнага суразмоўцы перад грамадствам. Пра гэта сведчаць яго жыццялюбства, яго прыхільнасць да здаровага ладу жыцця (Уладзімір Аляксандравіч расказаў мне, як вылечыў кантрасным душам астму, якую прыхваціў ў 51 год), яго імкненне кожны дзень быць карысным людзям.

Скончыўшы працу на збожжапрыёмным прадпрыемстве, герой гэтага аповеду адкрыў уласны магазін пад рамантычнай назвай “Нептун” у цэнтры пасёлка цукровага камбіната. Сам выконвае абавязкі бухгалтара і грузчыка, сам заказвае тавар. Дае работу двум прадаўцам. І, уявіце сабе, у гэтым магазіне не прадаецца спіртное. Ніякае — нават піва. Няма тут і цыгарэт. Гэта катэгарычна.

— Я разумею, што спіртное дае многім гандлёвым кропкам асноўную выручку. Але ў нашым магазіне ёсць усё, што неабходна для жыцця — ад хлеба і салодкасцей да мяса і каўбас, — тлумачыць Уладзімір Аляксандравіч. — І ў нас людзі могуць узяць тое, што ім трэба, так сказаць, “у крэдыт” — грошы аддаюць потым, з зарплаты ці з пенсіі. І,  як правіла, ніхто не падводзіць. Выключэнні бываюць рэдка. А што тычыцца даходу — так, ён патрэбны кожнаму. Але ўсё добра ў меру. Можна зарабіць больш, але душэўны спакой — важней.

Якраз у момант нашай гутаркі ў магазін заходзілі дзве жанчыны, якія прадставіліся як Кацярына Леанідаўна і Таццяна Аляксандраўна. Амаль у адзін голас яны сказалі, што ім вельмі падабаецца маленькі, але ўтульны “Нептун”. Тут заўсёды вялікі выбар свежых прадуктаў, культурныя, добразычлівыя прадаўцы. І заходзяць пакупніцы сюды амаль кожны дзень.

Так уменне ладзіць з людзьмі і арганізатарскія здольнасці былога дырэктара прадпрыемства, а зараз — прадпрымальніка У.А. Пучко прыгадзіліся для добрай агульнай справы. Карыснай і для яго самога, і для жыхароў пасёлка.

А наконт сакрэта даўгалецця героя гэтага матэрыялу, то вы, напэўна, яго ўжо зразумелі — спартыўная загартоўка, здаровы лад жыцця, любоў да роднай зямлі і людзей, якія на ёй жывуць, добрая сям’я з дзецьмі і ўнукамі і яшчэ — пастаяннае знаходжанне ў гушчыні жыцця. Калі ты ўсім сэрцам адчуваеш жыццё навокал, то яно абавязкова будзе і ўнутры цябе. Гэта, напэўна, і ёсць самы надзейны рэцэпт здароўя і даўгалецця. Галоўнае — не ленавацца яго прымяняць!

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!