Меню
Курс $  3.27 | €  3.53 | ₽100  3.52 |
Погода 14 °C

Алеся Краснашчокава — з непахіснай верай ў юных спевакоў

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 1

Кіраўнік адпаведнай студыі гарадскога маладзёжнага цэнтра Алеся Краснашчокава

Некалькі разоў мне давялося пабываць на занятках па вакале ў кіраўніка адпаведнай студыі гарадскога маладзёжнага цэнтра Алесі Краснашчокавай.



І, ведаеце, так добра знаходзіць моцныя і слабыя бакі сваіх вучняў можа не кожны настаўнік. Але больш мяне ўразіла нават не гэта, а яе непахісная вера ў юных спевакоў. Вера, якая рушыла унутраныя бар’еры вучняў, дапамагала ім расквітнець. Бо, як кажа сама Алеся, усе ўдзельнікі яе студыі — кветкі. Адны паказваюць добры ўзровень валодання сваім голасам ужо на другім занятку, а другім патрэбна больш часу, каб паказаць увесь дыяпазон сваіх магчымасцей.

— Калі я назвала студыю “Вяночак”, то не аналізавала, чаму менавіта гэта слова вынайшлася ў маёй галаве, — расказвае Алеся. — Але цяпер добра разумею, чаму так сталася. Мае вучні і я — гэта кветкі, якія разам сплятаюцца ў прыгожы, трывалы вяночак.

— Алеся, а чаму ты дала назву студыі менавіта на беларускай мове?

— Таму што я люблю беларускую мову. Яна — мая родная. Нават тэксты сваіх песень часцей пішу па-беларуску.

— Прыемна чуць, што ты шануешь нашу мову. У цябе цудоўны талент не толькі як у выканаўцы і настаўніка, але і як у кампазітара і паэта. Спадзяюся, што аднойчы твае творы пачуе як мага большая колькасць людзей. Але скажы, калі ласка, наколькі шануецца музыка ў тваёй сям’і? Любоў да яе перайшла да цябе ад бацькоў?

— У нас музычная ўся сям’я. Мама пяе, раней выступала на розных конкурсах, бабуля таксама пяе. А пра дзядулю і дзядзьку і гаварыць няма чаго. Дзед разам з Клецкім народным вакальным ансамблем “Бацькаўшчына” нават у Крамлі выступаў, а дзядзька Лёша — мультыінструменталіст. Ён умее граць на гітары, баяне, гармоніку і трубе.

Сама Алеся таксама цікавіцца музычнымі інструментамі — добра грае на фартэпіяна і гітары, трошку — на гармоніку. Але галоўнае ў яе жыцці — спевы.

— Я і надалей планую займацца музыкай, а менавіта сольнымі народнымі спевамі — распавядае мая суразмоўца. — Паўгода мне засталося правучыцца ў Баранавіцкім дзяржаўным музычным каледжы, пасля чаго планую паступаць у вышэйшую навучальную ўстанову, але яшчэ не вырашыла канчаткова, у якую. Мажліва, у Мінску, а мажліва, паспрабую ў Маскве паступіць. Галоўнае — народныя спевы. З імі ў мяне ўсё жыццё звязана. Як у тры гадкі ўзяла ў рукі караоке-мікрафон і заспявала іх, так і спяваю цяпер. Без народных песень у нашай сям’і ні адно свята не абыходзіцца.

— Алеся, паколькі ты родам з Клецкага раёна, мне цікава даведацца, чаму вырашыла працаваць у суседнім Нясвіжскім?

— У Клецку не было працоўнага месца па маёй спецыяльнасці, таму трэба было шукаць самой. І мне пашанцавала пазнаёміцца з Аленай Вінаград, на той час дырэктарам маладзёжнага цэнтра. Падчас размовы высветлілася, што ў цэнтр шукаюць кіраўніка студыі вакала, так мой лёс і вызначыўся.

— І вось ужо другі год ты вучыш аматараў музыкі спевам. У цябе да гэтага ўжо быў вопыт навучання?

— Не. Я ўпершыню вучыла спяваць іншых. Але, здаецца, атрымлівалася ў мяне добра. Напачатку я не ведала спецыяльных методык, таму старалася навучыць таму, што ведаю сама. А потым, калі даведалася методыку, убачыла, што ўсё рабіла правільна. Так і працягваю. Здаецца, вынікамі задаволены і вучні, і іх бацькі. Ды так, што на ўсіх жадаючых не хапае часу…

— А чаму найперш стараешся навучыць?

— Найперш дыкцыі і пра-вільнаму дыханню. Але, насамрэч, важныя ўсе накірункі работы. Таму мы адточваем усё — пачынаючы ад голасу, заканчваючы рухамі і мімікай.

— Я так разумею, што ёсць вялікая верагоднасць таго, што гэта апошні год тваёй працы на Нясвіжчыне. Скажы, калі ласка, ці будзе справаздачны канцэрт?

— Калі ўсё будзе добра, так. У ім прымуць удзел як ужо вядомыя зорачкі студыі, якія выступаюць на святочных мерапрыемствах, так і тыя, хто пачаў займацца не так даўно і яшчэ не паказаў сябе на сцэне. Спадзяюся, кожны зможа справіцца з хваляваннем і атрымаць асалоду ад свайго выступлення. Можа, для каго-небудзь з іх гэта стане першай прыступкай на музычны алімп.

— Дзякуй вялікі за размову.

Неаніла ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!