Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.48 |
Погода 4 °C

Чаму вы чытаеце раённую газету?

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 0

Пост опубликован: 05.11.2021

Сваімі ўражаннямі аб газеце мы папрасілі падзяліцца самых сталых яе чытачоў, якія ўжо даўно ведаюць нашу газету і лічаць яе неад’емнай часткай свайго жыцця.

Ганна ЯРМАЛІНСКАЯ, пенсіянерка, г. Нясвіж:



— Я выпісваю “раёнку” ўжо 50 гадоў. Мяне заўсёды цікавіла жыццё раёна.

Як былую настаўніцу, мяне асабліва кранаюць матэрыялы пра жыццё школы, пра таленавітых вучняў і педагогаў. Асабліва цікава было пачытаць пра сёлетнюю педагагічную канферэнцыю. Люблю яшчэ артыкулы, дзе асвятляюцца маральныя тэмы, яны не пакідаюць чытача раўнадушным. Заўсёды чытаю старонку “Музы Нясвіжа” — як літаратару, яна мне асабліва цікавая. Калі бачу там прозвішчы сваіх землякоў, сярод якіх ёсць і мае вучні, нібы па-іншаму з імі знаёмлюся, адкрываю іх для сябе па-новаму.

Яшчэ адзін вельмі важны аспект змес-ту газеты — яе гістарычны складнік, што для нас, мясцовых людзей, асабліва важна, таму што наша гісторыя — гэта наша жыццё. Я была вельмі кранутая, калі ўбачыла ў артыкуле, прысвечаным юбілею ААТ “Грыцкевічы”, прозвішча свайго бацькі — Іосіфа Дамянікавіча Цвірко. Ён быў першым старшынёй і арганізатарам калгаса імя Сталіна, які затым пераўтварыўся ў “Грыцкевічы”. У такі момант асабліва яскрава адчуваеш, што гісторыя тваёй малой радзімы — гэта твая асабістая гісторыя.

З вялікай цікавасцю чытаю пра дыялогавыя пляцоўкі, што праводзіць газета, пра культурныя падзеі.

Не магу не зазначыць, што “раёнка” зайграла новымі фарбамі, калі ў ёй з’яві-ліся каляровыя фатаграфіі, яны вылучаюць нейкую асаблівую энергетыку, прыцягваюць позірк, надоўга запамінаюцца. Гэта вельмі здорава!

Таксама мне падабаецца, што “Навіны” надаюць нямала ўвагі пытанням аховы здароўя, асабліва — барацьбы з пандэміяй кавіда, спосабам прафілактыкі, неабходнасці вакцынацыі. Я асабіс-та таксама вакцыніравалася і вельмі задаволена гэтым, усё прайшло добра.

Спадзяюся, што газета будзе і надалей весці асветніцкую работу ў гэтым плане, развівацца і станавіцца яшчэ больш цікавай на карысць усім нам.

Любоў ШВЕДАВА, пенсіянерка,

г. Нясвіж:

— З “Нясвіжскімі навінамі” я знаёма ўжо вельмі шмат гадоў — яшчэ з часоў працы на пошце, адкуль я пайшла на пенсію.  Калі была на рабоце, выпісвала, цяпер купляю часцей за ўсё ў магазінах. У любым выпадку, без газеты не застаюся.

Хачу адзначыць, што мяне ў ёй усё задавальняе, газета цікавая — шмат інфармацыі аб падзеях у раёне, аб на-дзённых пытаннях, як, напрыклад, у рубрыцы “Пытаецеся — адказваем”. Для душы вельмі добра пачытаць  старонку “Музы Нясвіжа” — люблю добрыя вершы. І праграма тэлебачання ёсць, і рэклама — калі трэба якая паслуга, усё можна знайсці. Таму людзі “раёнку” і выпісваюць, і купляюць.

Адно што хацелася б яшчэ — гэта каб тэма пандэміі кавіда, якая ў газеце, безумоўна, ёсць, асвятлялася яшчэ больш падрабязна, больш канкрэтна. Хацелася б бачыць больш не проста заклікаў накшталт “хутчэй вакцыніруйцеся!”, але і каментарыяў вузкіх спецыя-лістаў — інфекцыяністаў, эпідэміёлагаў, якія б кампетэнтна расказвалі аб механізме дзеяння прышчэпак, аб іх бяспецы для чалавека, аб карысці, якую яны даюць.

Уражанні тых, хто асабіста зрабіў вакцынацыю — гэта таксама, на мой погляд, вельмі цікава для людзей. Скажу па сабе — калі я зрабіла прышчэпку, у мяне вельмі многа людзей пыталіся: “Ну як?”. І я адказвала, што ўсё абсалютна нармальна. У мяне ніякіх пабочных дзеянняў не было. І я цяпер спакойна жыву і адчуваю сябе абароненай.  Таму калі газета паслужыць на карысць навуцы, якая зараз развіваецца вельмі хуткімі тэмпамі, і дапаможа як найлепш данесці да людзей карысць вакцынацыі, гэта будзе толькі плюс для яе!

Марыя УСОВІЧ, пенсіянерка, аг. Карцэвічы:

— “Раёнку” выпіс-ваю ўсё свядомае жыццё, яшчэ калі яна была “Чырвоным сцягам”, без яе нікуды, — гаворыць Марыя Сямёнаўна. — У першую чаргу хочацца ведаць навіны раёна, хто куды прыязджаў, хто дзе выступаў, пра што ішла гаворка. З нядаўняга — асабліва добра было пачытаць матэрыялы да Дня пажылога чалавека, нарысы пра людзей. Увогуле ў газеце цікава падаюцца ўспаміны нашых землякоў пра мінулае, пра Вялікую Айчынную вайну, пра адраджэнне раёна ў мірны час. З задавальненнем заўсёды чытаю ўсе вершы ў літаратурнай старонцы, адпачываю душой у гэты момант.

Злабадзённая тэма прышчэпак ад кавіду таксама ў нашай газеце асвятляецца, і я лічу, што гэта вельмі добра — людзям трэба тлумачыць тое, чаго яны не ведаюць, каб перамагчы хваробу.

Дарэчы, наша існаванне складаецца не з адных святаў, і тое, што ў газеце друкуюць і віншаванні, і спачуванні, — таксама вельмі патрэбна, бо ўсё гэта — часткі нашага жыцця. І асабіста я яго без сваёй “раёнкі” не ўяўляю!

Землякоў апытвала Соф’я ЛЮБАНЕЦ. 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!