Четверг, 11 Август 2022

195 просмотров
Актуально, Гісторыя, Культура

Эпоха Барока ў Нясвіжы: невядомае аб вядомым

На мінулым тыдні у Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж” прайшла Х рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя школьнікаў і студэнтаў, прысвечаная 480-годдзю з дня нараджэння архітэктара Яна Марыі Бернардоні. Яе тэмай сталі архітэктурныя помнікі эпохі Барока на тэрыторыі Беларусі ў ХVІ — ХVІІІ стагоддзях.
Мерапрыемства адкрыў дырэктар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” Дзмітрый Яшчанка, які прывітаў удзельнікаў навуковай сустрэчы і пажадаў ім натхнення ў спасціжэнні гісторыі сваёй краіны і цікавых адкрыццяў.
У рабоце канферэнцыі прынылі ўдзел начальнік упраўлення па адукацыі Слуцкага райвыканкама Андрэй Нядзелька, загадчык сектара па наукова-экскурсійнай рабоце “Палацавы ансамбль” НГКМЗ “Нясвіж” Аляксей Буднік, загадчык Нясвіжскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Таццяна Вайтовіч, куратар клуба ЮНЕСКА “Пошук”, настаўнік рускай мовы і літаратуры СШ №11 г. Слуцка Ігар Жыцін, куратар клуба ЮНЕСКА “Пегас”, загадчык турыстычна-краязнаўчага аддзела Слуцкага цэнтра турызму Таццяна Буцько.
Яскравай мастацкай уверцюрай да выступленняў пачынаючых навукоўцаў стала прэзентацыя калекцыі работ удзельнікаў міжнароднага конкурса-пленэра юных мастакоў імя Міхаіла Сеўрука “Шляхамі старажытнага Нясвіжа”, якую прадставіла загадчык мастацкага аддзялення Нясвіжскай дзіцячай школы мастацтваў Марына Канавалава. На ўсіх работах былі адлюстраваны гісторыка-культурныя помнікі Нясвіжа, створаныя архітэктурным геніем Бернардоні.
На канферэнцыі было агучана 18 выступленняў, якія тэматычна дзяліліся па такім секцыям, як “Станаўленне барока на тэрыторыі Беларусі”, “Жыццё і дзейнасць Яна Марыі Бернардоні”, “Лёс архітэктурнай спадчыны Яна Марыі Бернардоні” і “Захаванне культурнага асяроддзя Нясвіжа”. Аўтарамі работ сталі 27 чалавек (над некаторымі дакладамі працавалі ад двух да пяці маладых даследчыкаў).
Наш раён прадставілі Арцём Емяльянчык (СШ №1 г. Нясвіжа) з дакладам “Ян Марыя Бернардоні — шлях да славы”, Яўген Казлоўцаў (Нясвіжская гімназія), які вельмі артыстычна расказваў аб асаблівасцях станаўлення барока на беларускіх землях на прыкладзе касцёла Божага Цела ў Нясвіжы, Вікторыя Шарамета (Пагарэльцаўская СШ), якая гаварыла аб жыцці і дзейнасці вялікага майстра, Кірыл Гунько і Аляксей Шымко (СШ №1 г.п. Гарадзея) — іх даклад называўся “Лёс архітэктурнай спадчыны Яна Марыі Бернардоні”, Яна Дарафей (СШ №4 г. Нясвіжа), работа якой была прысвечана Фарнаму касцёлу ў Нясвіжы як архітэктурнаму помніку ранняга барока. Усе яны выступалі ў другой і трэцяй секцыях.
Асобна трэба адзначыць навучэнак Нясвіжскага каледжа імя Якуба Коласа, дакладамі якіх была запоўнена ўся чацвёртая секцыя — “Захаванне культурнага асяроддзя Нясвіжа”. Аб рознабаковасці і грунтоўнасці падрыхтоўкі дзяўчат да выступленняў сведчаць адны толькі тэмы іх работ. Так, Ірына Дылеўская гаварыла аб гідронімах Нясвіжа і іх ролі ў адлюстраванні моўнага іміджу горада, Настасся Дзяніс і Кацярына Сакалова — аб Нясвіжскім лемантары, Даяна Мамайка і Дар’я Новік расказвалі аб загадках Нясвіжскага кляштара бенедыктынак. Даклад “Погляд праз стагоддзі” падрыхтавала Лія Крывапуст, тэму графічнай навэлы як спосаба папулярызацыі гісторыі стварэння Нясвіжскага кляштара бенедыктынак раскрылі Ангеліна Маліноўская і Маргарыта Усціновіч.
На думку мадэратара навуковай сустрэчы, вядучага спецыяліста па музейна-педагагічнай дзейнасці НГКМЗ “Нясвіж” Вячаслава Мазалеўскага, усе ўдзельнікі канферэнцыі, пачынаючы ад школьнікаў гарадскіх і сельскіх школ і заканчваючы студэнтамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, падрыхтавалі свае даклады на высокім узроўні, паказаўшы зацікаўленасць у выбраных тэмах і добрае веданне роднай гістрыі і культуры.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

 

 

Работы юных мастакоў прадстаўляе загадчык мастацкага аддзялення Нясвіжскай дзіцячай школы мастацтваў Марына Канавалава

 

Сярод удзельнікаў Х рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі школьнікаў і студэнтаў — навучэнцы Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа

 

З дакладам выступае вучань СШ №1 г. Нясвіжа Арцём Емяльянчык


Мадэратар канферэнцыі, вядучы спецыяліст па музейна-педагагічнай дзейнасці НГКМЗ “Нясвіж” Вячаслаў Мазалеўскі ўручае Дыплом удзельніка гімназісту Яўгену Казлоўцаву

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Content is protected !!