Меню
Курс $  3.27 | €  3.48 | ₽100  3.51 |
Погода 12 °C

Легенды, казкі і… прыгажосць

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 1

Пост опубликован: 02.12.2021

У мінулую суботу ў Залатой зале замка Радзівілаў адбылося падвядзенне вынікаў міжнароднага конкурсу ёлачных цацак

на тэму “Легенды і казкі”, якое прайшло пры падтрымцы ТДА “Экалогія горада” і Нацыянальнага гісторыка-культурнага

музея-запаведніка “Нясвіж”.



Ідэйным натхняльнікам і арганізатарам гэтага конкурсу стала адзіны ў Беларусі член адміністратыўнай нарады Міжнароднай арганізацыі каруначніц OIDFA, гільдый дызайну і рамёстваў Ірландыі, ірландскіх карункаў горада Дубліна, Амерыкі і Аўстраліі  Вольга Старасціна.

Ураджэнка Снова, а зараз мінчанка, Вольга Старасціна год таму прадставіла ў сценах Нясвіжскага замка міжнародны праект аматараў ірландскіх карункаў “Звяжам свет прыгажосцю”.

Сутнасць праекта была ў тым, што ўдзельнікі міжнароднай школы аматараў ірландскіх карункаў з розных краін падрыхтавалі ў дар Нацыянальнаму гісторыка-культурнаму музею-запаведніку “Нясвіж” для ўпрыгожання навагодняй ёлкі рознакаляровыя шкляныя ёлачныя шары, аздобленыя ірландскімі карункамі і сетачкай з залатой ніці, перлінамі, стразамі і бісерам ад знакамітага брэнда Свароўскі. Кожны шар быў унікальны, пакрыты карункамі, узор якіх не паўтараўся.

Падчас гэтага мерапрыемства Вольга Аляксандраўна і аб’явіла аб пачатку міжнароднага конкурсу ёлачных цацак, прысвечанага легендам і казкам. Прыняўшы пад увагу тое, што ёсць выдатныя аматары ручной работы, якія працуюць не толькі ў тэхніцы ірландскіх карункаў, але і ў многіх іншых цікавых тэхніках, арганізатары пашырылі ўмовы конкурсу і ў ім прынялі ўдзел майстры з самымі рознымі вырабамі.

Акрамя самой аўтаркі праекта, у журы мастацкага спаборніцтва ўвайшлі прадстаўнікі музея-запаведніка “Нясвіж” і прафесійныя дызайнеры. У выніку з 200 работ было адабрана 27, якія і ўпрыгожылі навагоднюю ёлку ў Залатой зале замка Радзівілаў. Акрамя беларускіх, свае цацкі прадставілі майстры з Расійскай Федэрацыі, Украіны, ЗША і Канады, прычым не толькі дарослыя, але і дзеці: самаму малодшаму ўдзельніку было 11 гадоў, а самаму старэйшаму — 67.

Галоўны прыз дастаўся Таццяне Герасіменка з Беларусі, якая зрабіла цацку ў выглядзе венецыянскай маскі, прысвечаную легендзе пра Чорную даму Нясвіжа — Барбару Радзівіл. Пераможцамі конкурсу таксама былі прызнаны беларуская майстрыха Таццяна Рысявец, якая прадставіла вясёлага Шалтай-Балтая, і Святлана Грышына з РФ — яе цацка сімвалізавала зусім не залатую рыбку, як гэта можна было адразу падумаць, а князя Міхала Казіміра Рыбаньку. Прыз глядацкіх сімпатый быў прысуджаны белай ляльцы яшчэ аднаго беларуса  Мікіты Сімянца.

Атмасферу свята дапамагаў стварыць музычны дуэт “Дзянніца”

Прысутныя на мерапрыемстве маглі палюбавацца не толькі на яскравую зіхатлівую ёлачку, аздобленую мастацкімі аўтарскімі ўпрыгожваннямі, але і на выставу цудоўных, эксклюзіўных рэчаў, вырабленых у тэхніцы ірландскіх карункаў. На ёй былі прадстаўлены асобныя ёлачныя шары, кашалькі, сумачкі, адна з якіх — 1846-га года вырабу — была падаравана Вользе Старасцінай у Нідэрландах на кангрэсе майстрых-каруначніц, і, вядома, “перліна” карункавай экспазіцыі — сукенка “Вясна”. Яна нездарма мае ўласную назву, таму што ўвасабляе сабой другі этап міжнароднага праекта “Звяжам свет прыгажосцю”, які стартаваў у 2019 годзе і ў якім прынялі ўдзел больш за 40 чалавек з 11 краін свету (фрагмент выраба прадстаўлены на калажы на 1-й стар.). “Вясна” — гэта першы ўбор з калекцыі “Поры года”, пасля якога плануецца стварыць яшчэ тры эксклюзіўныя вырабы такого кшталту — “Лета”, “Восень” і “Зіма”.

Прысутных вітае намеснік дырэктара НГКМЗ “Нясвіж”
Наталля Жэрка

Як адзначыла ў нашай гутарцы Вольга, яна сама размяркоўвала, якую дэталь з якой пражы і якім кручком кожны ўдзельнікпавінен зрабіць, і затым уласнаручна збірала дасланыя па пошце элементы ўбора ў адзінае цэлае, злучаючы іх ніткамі з утрыманнем золата. Ён расшыты стразамі Свароўскі, чэшскім і японскім бісерам. На ўсё спатрэбілася амаль паўтара гады (улічваючы і другія работы). І вось нарэшце 50 адценняў зялёнага колеру, якія аб’яднаў сімвал Ірландыі — канюшына з трох і чатырох пялёсткаў розных памераў — былі сабраны ў адну вясновую казку, якую ўяўляе сабой гэта сукенка.

Госці Нясвіжскага замка яшчэ змогуць убачыць усю гэту прыгажосць да канца сту-дзеня, калі наведаюць выставу, пра якую мы тут расказалі.

А тыя, хто яшчэ хоча ўпісаць свае імёны ў гісторыю музея і пакінуць у ім свае мастацкія вырабы, могуць паўдзельнічаць у такім жа новым конкурсе навагодняй цацкі, які адбудзецца ў наступным годзе. Урачыстае адкрыццё і падвядзенне вынікаў запланавана на 26 лістапада 2022 года. Заяўкі прымаюцца да 1 верасня на электронную пошту olgastar-021275@gmail.com.

“Звяжам свет прыгажосцю” разам!

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!