Мінулае жыве ва ўспамінах…

Снежань — месяц, калі мы развітваемся з адыходзячым годам. Мэтанакіравана ці міжволі пачынаем пе- рабіраць у памяці падзеі мінулага, якое здаецца зусім нядаўнім, і яно — гэта мінулае — пачынае ўсплываць у душы ўспамінамі, якія нібыта жывуць сваім асобным жыццём, якія не прыцямняе час…
Так, менавіта ў мінулым снежні, крыху больш за год таму, пайшоў з жыцця чалавек, якога многія нашы людзі (і не толькі на Нясвіжчыне) называлі двума кароткімі словамі — Доктар Богуш. І гэтых слоў было дастакова, каб усе разумелі, пра каго ідзе гаворка.
Урач ад Бога. Ганаровы грамадзянін Нясвіжа. А яшчэ — муж, бацька, калега, сябар, з якім ніколі не было сумна, таленавіты чалавек, якому пакараліся і дрэва, і словы, калі ён як адзін з аўтараў пісаў кнігу, прысвечаную гісторыі медыцыны нашага раёна (яна і зараз ёсць у фондзе цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы).
Ігар Мадэставіч Богуш нарадзіўся 5 кастрычніка 1953 года ў вёсцы Горваль Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. У 1976 годзе скончыў Мінскі ордэна Працоўнага Чырвонага сцяга дзяржаўны медыцынскі інстытут. І з гэтага часу прысвяціў сваё жыццё сістэме аховы здароўя Нясвіжскага раёна. З 1982 па 1984 гады праходзіў вучобу ў ардынатуры па хірургіі на базе інстытута ўдасканалення ўрачоў. З 1984 па 2016 гады быў урачом-хірургам (загадчыкам хірургічнага аддзялення) Нясвіжскай цэнтральнай раённай бальніцы. З 2016 года працаваў як урач-хірург, з 2017-га і пакуль не захварэў — як урач-траўматолаг-артапед хірургічнага ад-дзялення. Меў вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю.


Ігар Мадэставіч укараніў больш за 20 відаў складаных і высокатэхналагічных аператыўных умяшанняў. Штогод у яго аддзяленні выконвалася больш за 1000 аперацый, больш за 300 — асабіста ім. За час сваёй працоўнай дзейнасці ён падрыхтаваў нямала лекараў-хірургаў, якія годна працягваюць ягоную справу як у Нясвіжскай ЦРБ, так і ў іншых установах аховы здароўя.
У медыцынскіх часопісах і зборніках Ігар Мадэставіч апублікаваў 27 друкаваных навуковых прац, выступаў на двух міжнародных канферэнцыях па праблемах хірургіі, удзельнічаў у з’ездах урачоў-хірургаў краіны.
А чаго вартае яго захапленне турызмам! Разам з сябрамі з Нясвіжскага турыстычнага клуба “Вандроўнік” доктар Богуш штогод удзельні-чаў у водных паходах на байдарках па рэках Беларусі, Карэліі, Кольскага паўвострава. І зараз нельга сабе ўявіць без яго самога і без яго работ фотавыставу “Успаміны, якія грэюць”, што праходзіла ў салоне-галерэі “Скарбніца” пасля кожнага сезону паходаў больш за дзесяць гадоў…
Ён быў ідэйным натхняльнікам і “сэрцам” гэтай выставы і многіх паходаў з яго ўдзелам, адкуль турысты вярталіся нібы з іншай планеты — абноўленыя, узбадзёраныя, напоўненыя цудоўнымі ўражаннямі…
Само за сябе гаворыць тое, што Ігар Мадэставіч быў узнагароджаны граматай прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь.
Як выдатны доктар у 2000 годзе ў ліку лепшых урачоў Беларусі хірург Богуш атрымаў прэзідэнцкую прэмію, неаднаразова ўзнагароджваўся Ганаровымі граматамі і Падзякамі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта, галоўнага ўрача Нясвіж-скай цэнтральнай раённай бальніцы.
Але, напэўна, самай важнай яго ўзнагародай была ўдзячнасць людзей, якім Ігар Мадэставіч выратаваў жыццё, якіх узбадзёрыў, падтрымаў, якім падарыў надзею і ўпэўненасць у добрым зыходзе справы. З ім ніколі не было страшна. Страх выпараўся з душы, нібы шэрань з галін дрэў, калі побач з табой пачынаў гучаць яго голас, а з-за акуляраў на цябе глядзелі мудрыя шэрыя вочы з іскрынкамі прыхаванага гумару. І замест таго, каб думаць пра сваю хваробу, ты пачынаў думаць, сур’ёзна ён гаворыць ці жартуе?… Такім многія запомнілі Доктара Богуша. І забыць гэта нельга.
Ёсць думка, што настаўнік жыве датуль, пакуль аб ім памятаюць яго вучні. Напэўна, і ўрач будзе жыць не менш — у памяці людзей, жыццё якіх было выратавана дзякуючы яму, у памяці іх дзяцей, унукаў і праўнукаў. Такое не забываецца, бо самаахвярнае служэнне бліжняму — гэта фундамент, на якім трымаецца свет.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.