Меню
Курс $  3.27 | €  3.5 | ₽100  3.5 |
Погода 13 °C

Святлана Ціхонка: люблю навінкі ў “раёнцы”

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 0

Пост опубликован: 02.12.2021

З раённай газетай Святлана Ціхонка з Аношак была знаёма, можа, з дзяцінства. Бацька, Арсень Сцяпанавіч Антановіч, камбайнер, токар, каваль калгаса “Новае жыццё”, выпісваў яе. Ён цікавіўся справамі раёна, сваёй гаспадаркі і іншых. А мама, Антаніна Паўлаўна, любіла чытаць літаратурныя старонкі, вершы мясцовых паэтаў, складала на іх словы песні, спявала іх — была такім творчым чалавекам, такой пявунняй. Яна захаплялася паэзіяй несвіжаніна Віталя Барадзіна. Да 50-годдзя іх сумеснага з мужам жыцця, у 2002 годзе, у яе нарадзілася мелодыя на верш В. Барадзіна, які пачынаецца такі:



Адцвітаюць вёсны бэзам

і калінай,

І няўмольна кросны кужаль

ткуць гадоў.

Быў учора хлопцам, ну а ты

— дзяўчынай,

Сёння — дзед і баба — час

такі прыйшоў…

Вершы Антаніна Паўлаўна выразала з газеты, збірала іх.

Пра гэта і расказала мне Святлана Арсеньеўна.

 

— І я таксама не ўяўляла жыцця без прэсы, — працягвала мая суразмоўца. — Працавала галоўным эканамістам у нашым адкрытым акцыянерным таварыстве, намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце — трэба было многае ведаць. У тыя часы “раёнка” змяшчала шмат зводак — і аператыўных, па сезонных сельгасработах, і па выніках работы за кварталы, за год. Друкавала шмат матэрыялаў на эканамічныя тэмы. Мне і самой цікава было яе чытаць, і людзі шмат пра што пыталіся — трэба было расказваць, інфармаваць, умела весці дыялог. Не толькі раённая, але і абласная, рэспубліканскія газеты “падкоўвалі” мяне, рабілі кампетэнтнай у розных пытаннях. Вяскоўцаў цікавіла і як вылічваецца працоўны стаж, і як налічваецца пенсія, і які ўраджай вырашчаны ў рэспубліцы, у вобласці, параўноўвалі лічбы са сваёй гаспадаркай. Сорамна было б чагосьці не ведаць. А яны чакалі мяне. На МТФ “Аношкі” — вечарам. У майстэрнях — раніцай. На іншыя фермы заглядвала ў абед. З людзьмі працаваць заўсёды няпроста, трэба ўмець пераконваць, даказваць, раскладваць, як кажуць, па палічках, калі хочаш данесці палітыку дзяржавы, тыя ці іншыя крокі ўлады.

Такім прыкладам для ўсіх з’яўляўся тагачасны кіраўнік гэтага калгаса (пазней — акцыянернага таварыства), заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі Міхаіл Васільевіч Саленік. Газета часта апавядала і пра яго самога, і пра метады яго работы, пра шматлікія навінкі, якія ўкаранялі ў “Новым жыцці”. На яе старонках і старшыня калгаса выступаў, і спецыялісты — а яны былі вялікімі прафесіяналамі ў сваёй справе.

— Раён наш сельскагаспадарчы. Хацелася б, каб і цяпер газета болей расказвала аб працаўніках вёскі, — пажадала Святлана Арсеньеўна. — Напрыклад, тая ж перадавая даярка — гэта не проста добры работнік. Гэта — чалавек. І цікава ведаць пра яе сям’ю, яе захапленні, яе мары. Люблю чытаць пра людзей роднай Нясвіжчыны. Пра клопаты мам, пра вялікія сем’і. Пра педагогаў — гэта ж людзі, якія навучаюць і выхоўваюць дзяцей, будучае нашай Бацькаўшчыны. Сёлета, у Год народнага адзінства, “Нясвіжскія навіны” на сваіх старонках вядуць праект, прысвечаны распаду СССР і 30-годдзю ўтварэння Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Гэта вельмі патрэбны і важны аспект, бо асновы нашай сённяшняй дзяржаўнасці закладзены ў тым сацыялістычным грамадстве. З цікавасцю пазнаёмілася я з такой навінкай ад “Навін”, як дыялогавыя пляцоўкі. Бачны і работа рэдакцыі, і кампетэнтнасць суразмоўцаў, і актыўнасць прадстаўнікоў грамадства. Яшчэ прызнаюся: люблю і паэтычныя старонкі газеты.

Абмеркавалі мы са Святланай Арсеньеўнай і тэму моладзі. Яна ўхваліла з’яўленне артыкулаў і замалёвак пра спецыялістаў:

— Чым жыве малады спецыяліст? Пра што ён думае? Што чытае? Да чаго імкнецца? Тое ж самае — і аб простым рабочым. Гэта — вялікая справа. Гэта нам, чытачам, цікава. Ды і героям публікацый, думаю, таксама.

Спадабалася маёй суразмоўцы, якая, дарэчы, знахо-дзіцца зараз на заслужаным адпачынку, святочная, поўнакаляровая і вялікага аб’ёму газета, прысвечаная Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК. А па аўторках яна, як і ўсе пад-пісчыкі, атрымлівае цяпер удвая павялічаны нумар “раёнкі”:

— Гэта ж такая вялікая праца работнікаў рэдакцыі! Яны даюць нам значны аб’ём інфармацыі. Буду і далей выпісваць “Нясвіжскія навіны”.

Дзякуй, Святлана Арсеньеўна, за вернасць “раёнцы”!

Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ,

заслужаны журналіст

Беларускага

саюза журналістаў. 

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!