Ён хацеў, каб усе былі здаровымі…

Завяршэнне мінулага, 2020-га года, стала цяжкім для многіх з нас, для сферы медыцыны нашага раёна — асабліва. За тыдзень перад стратай І.М. Богуша яшчэ адзін урач цэнтральнай раённай бальніцы — Валянцін Алейзавіч Івашкевіч — таксама стаў ахвярай пандэміі COVID-19.
Наш зямляк, ураджэнец вёскі Качановічы, ён пражыў цікавае шматграннае жыццё. Скончыў з адзнакай Салтанаўшчынскую сярэднюю школу, затым — Беларускі дзяржаўны медыцынскі інстытут па спецыяльнасці “Стаматалогія”. Працоўны шлях пачаў у 1982 годзе ў Слуцкай цэнтральнай раённай бальніцы ўрачом-стаматолагам. Будучы ўжо добрым спецыялістам, з мая па жнівень 1986 года як урач-стаматолаг вайсковай часці медыка-санітарнага батальёна ўдзельнічаў у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС — выязджаў у “мёртвую” зону для вызначэння прыдатнасці вайскоўцаў да службы, дапамагаў шпіталізаваць хворых, арганізоўваць дазіметрычны кантроль мясцовасці. Узгадваў, як няпроста было працаваць там — людзі трацілі прытомнасць усяго ад адной толькі ін’екцыі навакаіну. І сам разбураны 70-метровы будынак рэактара і абпаленыя радыяцыяй дрэвы назаўсёды засталіся ў яго памяці… Як урач Валянцін Алейзавіч разумеў, што галоўнае — не падаць духам у любых умовах, і, як мог, падтрымліваў і падбадзёрваў сваіх пацыентаў — і ваеннаслужачых, і грамадзянскае насельніцтва.


12 гадоў, па 1996-ы, ён узначальваў Салігорскую стаматалагічную паліклінніку. 15 апошніх гадоў жыцця працаваў урачом-валеолагам Нясвіж-скай ЦРБ. На гэтай пасадзе рабіў усё магчымае, каб прапагандаваць здаровы лад жыцця — часта сустракаўся з дарослымі і дзецьмі ў калектывах, выступаў на мерапрыемствах у цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы, надаючы асаблівую ўвагу духоўнаму здароўю і правільнаму харчаванню. За шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны ўклад у правядзенне санітарна-асветніцкай работы ў раёне быў неаднаразова ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі.
Доктар Івашкевіч не збіраўся развітвацца з жыццём. Але яно распарадзілася інакш. Выдатны сябар і паплечнік, жыццярадасны, ініцыятыўны і камунікабельны чалавек, ён хацеў бачыць здаровымі ўсіх людзей навакол. Але сам перамагчы хваробу не змог. Ён любіў збірацца са сваёй раднёй, быў незаменным арганізатарам і вясёлым яркім вядучым, знаходзіў патрэбнае слова як для дарослых, так для дзяцей, планаваў жыць, працаваць, прапагандаваць і надалей здаровы лад жыцця, аднак многае не паспеў.
Ён сышоў, але ў нашай памяці назаўжды застануцца яго словы пад-трымкі як лекара, як сябра. Застанецца пасаджаны ім сад у вёсцы і шмат- шмат добрых спраў… Аб Валянціне Алейзавічы мы заўсёды будзем успамінаць з цеплынёй і ўдзячнасцю. Бо пакуль мы будзем яго памятаць, ён заўсёды будзе побач.
Хай светлая памяць захаваецца ў сэрцах усіх, хто яго ведаў!

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.