Меню
Курс $  3.27 | €  3.48 | ₽100  3.47 |
Погода 6 °C

Падзякі міністра культуры — таленавітай моладзі

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 0

Пост опубликован: 15.01.2022

У пятніцу, 14 студзеня, у Тэатральнай зале Нясвіжскага замка адбылася сустрэча міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатоля Маркевіча з членамі зборнай краіны, якія дастойна прадставіла Рэспубліку Беларусь на ХV маладзёжных Дэльфійскіх гульнях дзяржаў-удзельнікаў СНД у 2021 годзе.
У гэтым вялікім мастацкім спаборніцтве, якое праходзіла з 7 па 10 снежня 2021 года, прынялі ўдзел прадстаўнікі 9 краін садружнасці: Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кіргізіі, Малдовы, Расійскай Федэрацыі, Таджыкістана і Узбекістана. У склад дэлегацый краін увайшлі 729 чалавек.



Спаборніцтвы прайшлі па 10 намінацыях: фартэпіяна, скрыпка, акадэмічныя спевы, сольныя народныя спевы, эстрадныя спевы, народны танец, сучасны танец, цыркавое мастацтва, народныя інструменты, духавыя інструменты; быў прадугледжаны і падзел на 2-3 узроставыя групы. З мэтай супрацьдзеяння распаўсюджванню інфекцыі COVID-19 мерапрыемства адбылося ў дыстанцыйным фармаце.
Па выніках мастацкіх спаборніцтваў для прадстаўнікоў таленавітай моладзі нашай краіны было арганізавана сапраўднае свята, падчас якога яны пазнаёміліся з замкам Радзівілаў і атрымалі ўзнагароды з рук міністра культуры Рэспублікі Беларусь.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў урачыстасці, Анатоль Маркевіч адзначыў, што вельмі рады вітаць іх у сценах архітэктурнай і гістарычнай перліны нашай краіны — Нясвіжскага замка, які ўнесены ў Спіс сусветнай гісторыка-культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
— Хачу высказаць вам словы шчырай удзячнасці за тое, што вы дастойна прадставілі нашу краіну на ХV маладзёжных Дэльфійскіх гульнях, — сказаў высокі госць у адрас юных майстроў мастацтва. — Дзякуючы вам Рэспубліка Беларусь выдатна праявіла сябе амаль ва ўсіх конкурсах і намінацыях — 33 асобныя пераможцы і выніковае другое месца ў камандным заліку — гэта вельмі высокае дасягненне на міжнародным узроўні. Вы вялікія малайцы!
А.М. Маркевіч таксама адзначыў, што юнацтва — гэта час вялікіх магчымасцей, час вызначэння свайго далёйшага шляху. Перад маладым чалавекам распасціраецца мноства дарог і трэба ў іх разнастайнасці знайсці сваю — самую правільную, самую прамую, якая беспамылкова прывядзе да здзяйснення запаветнай мары. Анатоль Мечыслававіч таксама нагадаў таленавітым юнакам і дзяўчатам, што высокаадукаваныя людзі, прафесіяналы сваёй справы — гэта галоўнае багацце кожнай дзяржавы, і менавіта ім, цяперашнім навучэнцам і студэнтам трэба будзе падымаць нашу краіну на новы этап у сваім развіцці.
Фармат мерапрыемства прадугледжваў магчымасць задаць міністру культуры пытанні, якія цікавілі моладзь, чым прысутныя з задавальненнем скарысталіся. Юных удзельнікаў сустрэчы цікавіла многае — пачынаючы ад таго, што было самым складаным напачатку кіравання галіной культуры і заканчваючы ходам узнаўлення старадаўніх замкаў і сядзіб Беларусі. На ўсе пытанні Анатоль Мечыслававіч даў цікавыя, змястоўныя адказы.
Пасля размовы усе 33 пераможцы, сярод якіх былі як асобныя выступоўцы, так і кіраўнікі творчых калектываў, атрымалі Падзякі міністра культуры Рэспублікі Беларусь за паспяховае выступленне на ХV маладзёжных Дэльфійскіх гульнях дзяржаў-удзельнікаў Садружнасці незалежных дзяржаў, прысвечаных 30-годдзю СНД, з рук самога кіраўніка Міністэрства.
Узнагароды атрымалі прадстаўнікі Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Магілёўскага і Гомельскага імя Сакалоўскага дзяржаўных каледжаў мастацтваў, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і іншых навучальных устаноў і ўстаноў культуры нашай краіны.
Святочнае мерапрыемства завяршылася выдатным музычным падарункам для ўсіх прысутных: свае музычныя здольнасці прадэманстравалі навучэнец Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, пераможца ў намінацыі “Духавыя інструменты” ХV маладзёжных Дэльфійскіх гульняў дзяржаў-удзельнікаў СНД ва ўзроставай групе 10 — 13 гадоў Фёдар Громаў і студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, пераможца ў намінацыі “Фартэпіяна” ва ўзроставай групе 18 — 25 гадоў Любоў Глазава. Фёдар разам з канцэртмайстрам Ганнай Паўлавай выканаў фінал з канцэрта фа-мажор для габоя з аркестрам Францішка Краморжа, а Любоў — “Пакуты кахання” Ф. Крэйслера — С. Рахманінава.
— Мы ганарымся тым, што ў нас такія маладыя таленты, такія выкладчыкі, — падвёў вынік сустрэчы Анатоль Маркевіч. — яны жывуць у нашай краіне і робяць усё для таго, каб мы маглі атрымліваць асалоду ад такога вялікага мастацтва. Асобную падзяку ён выказаў бацькам юных атрыстаў, якія ўклалі ў душы сваіх дзяцей любоў да прыгожага і падтрымліваюць іх на шляху да мастацкіх вышынь.
Міністр культуры таксама выказаў упэўненасць у тым, што ў будучыні такія сустрэчы з таленавітай моладдзю стануць рэгулярнымі.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!