Меню
Курс $  3.26 | €  3.52 | ₽100  3.53 |
Погода 13 °C

Паэты Нясвіжчыны: Сяргей Новік-Пяюн у памяці землякоў

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 2

У 2021 годзе, з якім мы толькі што развіталіся, споўнілася 115 гадоў з дня нараджэння паэта Сяргея Новіка-Пяюна. Да гэтай даты Лявонавіцкая сельская бібліятэка падрыхтавала літаратурны квілт “Легенда: С.М. Новік-Пяюн”.
Паэт нарадзіўся ў вёсцы Лявонавічы ў 1906 годзе, 27 жніўня. Сям’я яго была вельмі таленавітая. Маці, бацька і сёстры выдатна спявалі. Аднавяскоўцы звалі іх “пяюнкамі”. Сяргей быў здольны да навукі. У Нясвіжскай гімназіі “скакаў” праз клас, здаючы экзамены экстэрнам. А ў час вучобы на курсах у Вільні браў дадаткова ўрокі жывапісу, ігры на скрыпцы.



Вершы Сяргей Новік пачаў пісаць у 1921 годзе. У 1926-м ён вярнуўся з Вільні і стварыў хор у вёсцы Лявонавічы. Знайшлося шмат жадаючых спяваць і ў навакольных вёсках — Лазавічах, Габрунах, Смалічах. Потым быў створаны драматычны гурток. Спачатку збіраліся ў бацькоўскай хаце, потым у так званым “магазіне” — памяшканні, дзе сыпалі збожжа. Цеснавата было, таму і вырашылі пабудаваць Народны дом. Людзі хоць і бедна жылі, ды на добрую справу ахвотна ахвяравалі грошы.
Такім чынам у Лявонавічах узнік асяродак беларускай нацыянальнай культуры. Сіламі мясцовай моладзі паставілі купалаўскую “Паўлінку”. Сяргей Міхайлавіч быў у захапленні ад мастацкага аздаблення сваіх спектакляў. Як рэжысёр дэбютаваў у роднай вёсцы Лявонавічы пастаноўкай п’есы Фран-цішка Аляхновіча “Птушка шчасця”, дзе сыграў галоўную ролю селяніна Янкі. У лісце “Птушка шчасця на вёсцы” (“Сялянская ніва”, 23 верасня 1926 года) Сяргей Міхайлавіч адзначыў: “… Надта добрае ўражанне на гледача зрабілі мясцовыя артысты-аматары. Яны хораша збудавалі сцэну, дасталі ўсё па-трэбнае, каб задаволіць усе па-трабаванні аўтара. Надта ўжо добра выглядала дэкарацыя другога акту “Рай”. Цяжка было паверыць сваім вачам, што гэта робіцца на вёсцы і ў звычайным будынку…”
Бог дараваў яму шмат талентаў. Ён быў паэтам, мастаком, кампазітарам, грамадскім дзеячам. Сам неафіцыйна стварыў у Лявонавічах пачатковую беларускую школу, за што ў снежні 1926 года быў сасланы ў польскі горад Свеце над Віслай. Там пражыў пяць гадоў, працаваў настаўнікам і вельмі сумаваў па радзіме. У выгнанні Сяргей Новік 28 сакавіка 1929 года напісаў словы і музыку сваіх “Зорачак”. Гісторыя яе стварэння была вельмі цікавай: у Польшчы Сяргей сябраваў са скрыпачом Феліксам Балінскім і ўкраінскай піяністкай Галяй. Аднойчы яны гулялі ўтраіх вечарам па вуліцы. Сяргей заўважыў, што сябры закахаліся, таму не надта ім назаляў. Вярнуўся дамоў у самоце, хацеў напісаць ліст у Лявонавічы, а атрымалася песня “Зорачкі”. Гэта песня перакладзена на рускую, украінскую, польскую мовы. У час вайны яна была папулярнай сярод вязняў фашысцкіх лагераў.
Асабліва задушэўныя вершы С. Новік-Пяюн пісаў для дзяцей. У 20-30-х гадах іх можна было сустрэць ледзь не ў кожным нумары заходне-беларускага дзіцячага часопіса “Заранка” пад псеўданімам “Малады дзядок”. У 1986 годзе выйшла яго кніжка для дзяцей “Зорачкі ясныя”.
Душа юнака рвалася да песень, а песню глушылі. Але заглушыць не змаглі, бо паэт пісаў, спяваў і жыў. Жыў словам, песняй, любоўю да Бацькаўшчыны. Друкавацца ён пачаў ажно ў 1924 годзе ў заходне-беларускіх выданнях: “Сын беларуса”, “Студэнцкая думка”, “Маланка”, “Сялянская ніва”, “Шлях моладзі”, “Беларуская крыніца”, “Заранка” і іншых. З друку асобнымі кніжкамі пачалі выходзіць яго драматычныя і вершаваныя творы “Ёлка Дзеда Мароза”, “Пакой у наймы”, “Цудоўная ноч”, “Заўсёды з песняй”, “Зорачкі ясныя”, “Песні з-за кратаў”. У сваіх паэтычных кнігах Сяргей Новік-Пяюн пісаў пра тое, што сам перажыў у астрогах, лагерах і ссылках. Паэтычныя радкі яго прасякнуты пяшчотай да Бацькаўшчыны, верай у заўтрашні дзень.
Вялікае шматпакутнае жыццё пражыў Сяргей Міхайлавіч. З годнасцю прайшоў ён праз самыя цяжкія выпрабаванні, наканаваныя яму лёсам. Дастаткова сказаць, што гэтая рамантычная творчая натура паспела адчуць смак турэмнай баланды і польскіх, і нямецкіх, і сталінскіх турмаў. Не верыцца, як змог выжыць Сяргей Новік-Пяюн у тых жыццёвых сітуацыях, у якіх бываў. Яму прыйшлося прайсці праз страшэнныя катаванні, калі, здавалася, ламаюць не толькі рукі, але і саму душу скручваюць вяроўкамі.
Калі накіравалі ў лагер смерці Калдычэва, зусім было паў духам. Зноў катаванні, голад, знясільваючая праца на торфараспрацоўках. Людзі гінулі, як мухі. Там, у Калдычэве, загінула і жонка Сяргея Міхайлавіча. Але менавіта ў канцлагеры, дзе ўсё было пастаўлена, каб ператварыць чалавека ў звера, як ні дзіўна, жыла паэзія. У Калдычэве нарадзіліся сачыненні, якія не маюць у беларускай паэзіі прэтэндэнту. Праз пяцьдзясят гадоў гэтыя вершы выйшлі з друку асобным збор-нікам пад назвай “Песні з-за кратаў”. Найбольш значны верш “Ноч у вязніцы” напісаны з такім болем, які цяжка выказаць. Паэту ўдалося зазірнуць у саму душу зняволенага, спасцігнуць усю сутнасць пакут.
26 жніўня 1994 года ў 6 гадзін раніцы перастала біцца сэрца нашага земляка. Равеснік ХХ стагоддзя, Сяргей Новік-Пяюн, трапіўшы ў махавік гісторыі, змог застацца беларусам і па духу, і па перакананнях. Неабходна ацаніць веліч подзвігу Новіка-Пяюна. Памяць аб ім натхняе нас дзейнічаць так, каб беларусы не згубіліся сярод другіх народаў і не страцілі незалежнасці. Пахавалі яго па хрысціянскаму абраду на Радзіме — у вёсцы Лявонавічы.

Людміла КУДРУК,
бібліятэкар Лявонавіцкай сельскай бібліятэкі.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!