За далейшае развіццё
Галіна РЫБАЛТОЎСКАЯ, галоўны заатэхнік ААТ “Нясвіжскія Астроўкі”:

— Змяненні і дапаўненні Канстытуцыі нашай дзяржавы пачынаюцца ўжо з прэамбулы да тэксту. І хочацца падкрэсліць вельмі важнае для нас, беларусаў. Асноўны Закон мы прымаем, маючы ў падмурку дзяржавы нацыянальную самабытнасць і суверэнітэт, незалежнасць і росквіт рэспублікі. Беларусь не так даўно — 30 гадоў таму — пачала самастойна будаваць сваё жыццё, вызначаць сваю палітыку. А якія добрыя змены адбыліся за пройдзены час, якія вышыні дасягнутыя!
Узяць хаця б нашу сельскую гаспадарку. Пабудаваны і будуюцца сучасныя фермы. Мы ў сваім адкрытым акцыянерным таварыстве ў сучасны момант таксама ўзводзім новую “фабрыку малака” ў вёсцы Прасці. У новых будынках першай чаргі комплексу вось-вось з’явіцца абсталяванне. Пачалі будаўніцтва другой чаргі. Клопат пра развіццё жывёлагадоўчай галіны прыносіць плён. Напрыклад, вытворчасць малака летась вырасла на 6,2 % у параўнанні з 2020-м годам. На малакаперапрацоўчыя заводы адправілі больш за 90 % сыравіны гатункам “экстра”, у т.л. у снежні — 100 %. У студзені 2022-га валавы надой вырас на 24 % да студзеня 2021 года. Радасна, прыемна працаваць. А якія дагледжаныя нашы палі, на якіх працуе магутная тэхніка. І ўсюды — працавітыя, шчырыя, добрыя людзі. Мы жывём на мірнай зямлі, дзякуй за гэта Богу і нашаму Прэзідэнту.
Усім гэтым трэба ганарыцца, цаніць дасягнутае. Трэба быць патрыётамі сваёй Радзімы, сваёй зямлі, бо яна ў нас адна, і яна мае патрэбу ў нашай любові, нашым клопаце, абароне. Мы павінны ведаць і памятаць трагічныя старонкі гісторыі Беларусі, каб не дапускаць болей такога.
Вось за ўсё гэта я і аддам свой голас на рэспубліканскім рэферэндуме.

Марыя РАЦКЕВІЧ, аператар машыннага даення
СВК “Агракамбінат Сноў”:

— Пазнаёмілася з праектам змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Яны зроблены з улікам патрабаванняў часу. І я заўсёды галасую за добрыя перамены. За нашу сінявокую Беларусь, якую я вельмі люблю, за чыстае неба над галавой. А захаваць усё гэта мы зможам толькі пры моцнай дзяржаве. І нікуды не варта, што невялікая колькасць нязгодных з палітыкай нашай улады ў 2020 годзе спрабавала ўчыніць дзяржаўны пераварот, ператварыла прыгожы, чысты Мінск у разгул вандалізму, пасеяўшы прававое бязмежжа. Для нас, мірных, талерантных беларусаў такое непрыймальна. А што рабілася нядаўна ў Казахстане! Наша Канстытуцыя з,яўляецца гарантам бяспекі дзяржавы.
Я 38 гадоў адпрацавала ў сваёй роднай гаспадарцы, агракамбінаце “Сноў”. Бачыла і бачу, колькі намаганняў укладвалася і ўкладваецца для яе развіцця, для паляпшэння нашага дабрабыту. Усё гэта неабходна цаніць і берагчы. Я брала ўдзел у другім Усебеларускім народным сходзе ў 2001 годзе. Пераканалася, якую вялікую ролю адыгрывае ён у дзяржаўным будаўніцтве Беларусі. Правільна, што Канстытуцыя замацуе паняцце пра яго як пра вышэйшы орган народаўладдзя.
Наша рэспубліка ўзнялася з попелу Вялікай Айчыннай вайны, устала з кален пасля эканамічнага, палітычнага і сацыяльнага падзення 1990-х гадоў, многага дасягнула. Давайце зберажом стабільнасць, спакой на роднай зямлі і завяшчаем гэта дзецям, унукам, праўнукам. Пра іх будучыню, іх лёс неабходна думаць сёння.

Запісала Тамара ПРАЛЬ-ГУЛЬ.