Меню
Курс $  3.27 | €  3.48 | ₽100  3.47 |
Погода 8 °C

Прафесія — жыццёвая неабходнасць ці задавальненне?

Нясвіжскія навіны 2 года назад 0 1

Пост опубликован: 11.01.2022

Сярод прафесій, якія будуць запатрабаваны заўсёды і ва ўсе часы — прафесія натарыуса. Слова “натарыус” перакладаецца з латыні як пісец, сакратар. Натарыус здзяйсняе натарыяльныя дзеянні ад імя Рэспублікі Беларусь, чым дапамагае грамадзянам ахоўваць прадугледжаныя заканадаўствам правы. Напэўна, цяжка знайсці чалавека, які хоць аднойчы не звярнуўся б да прадстаўніка гэтай прафесіі. Старэйшыя ўдзельнікі сумеснага праекта “Парады з вуснаў несвіжан” Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, раённай газеты і радыё, СШ №4 г. Нясвіжа (зараз яны амаль усе сталі навучэнцамі каледжаў і ліцэяў) мелі магчымасць распытаць натарыуса натарыяльнай канторы Нясвіжскага раёна Алену Альховік пра яе жыццёвы выбар, у тым ліку і пра абраную прафесію. Сустрэча праходзіла ў бібліятэцы ў рамках прававога праекта “Школа “Абарані сябе сам”. Наведвальнікі гуртка “Юны журналіст” СШ №4 г. Нясвіжа аказаліся яшчэ больш цікаўнымі, знайшлі час і завіталі ў натарыяльную кантору.



Алена Альховік з удзельнікамі праекта “Парады з вуснаў несвіжан”

Моладзь пацікавілася, чаму Алена Анатольеўна абрала менавіта гэту прафесію. Яна расказала, што праца натарыуса — не з лёгкіх, але да гэтага выбару падштурхнула само жыццё. Наша суразмоўца нарадзілася ў пасёлку Пагранічны Гродзенскай вобласці Бераставіцкага раёна, у трох кіламетрах ад польскай мяжы, пункту пропуску Бераставіца. Там Алена закончыла сярэднюю школу. Самымі любімымі школьнымі прадметамі былі гісторыя Беларусі і сусветная гісторыя, якія выкладала Людміла Аляксееўна Турок. Дарэчы, яна была і першай настаўніцай, а пасля стала класным кіраўніком. Людміла Аляксееўна ў дадатак да прадметаў давала сваім вучням вельмі неабходныя ўрокі жыцця, а каб школьныя гады праходзілі цікава і з карысцю, арганізоўвала конкурсы, святы і добрыя сустрэчы. Яна прывучыла сваіх вучняў многа чытаць, і была ўпэўнена, што толькі той, хто многа чытае, многа ведае. Чытаць і абмяркоўваць прачытанае з матуляй, Галінай Уладзіславаўнай, не атрымлівалася. Мама ўсё жыццё працавала ў калгасе. Так сталася, што яна адна гадавала сваіх дзяцей — дачку і сына. Шмат часу адымала хатняя гаспадарка. У юнацкія гады Алена аддавала перавагу замежнай літаратуры, але сярод любімых кніг назвала раман Міхаіла Булгакава “Майстар і Маргарыта”, які перачытвала шмат разоў і кожны раз знаходзіла для сябе штосьці новае.
Наша суразмоўца, будучы школьніцай, ніколі не давала сябе ў крыўду. Ды і за аднакласніц старалася ўступіцца. За такія паводзіны дачкі матулю нават да дырэктара выклікалі. Галіна Уладзіславаўна сумна ўспрымала гэту падзею, але ці не з умення пастаяць за сябе і іншых склаўся жыццёвы выбар госці нашага праекта?
— Я заўсёды марыла быць юрыстам. Мой выбар падтрымала і мама. Часта ўзнікаюць нейкія пытанні, звязаныя з любой дзейнасцю, і ты можаш іх вырашыць згодна з заканадаўствам, — гаворыць Алена Анатольеўна.
А яшчэ на той час наша суразмоўца ні разу не была ў Маскве. Вось і вырашыла не проста наведаць сталіцу суседняй дзяржавы, а паехаць туды вучыцца. У Мінску быў філіял Маскоўскага новага юрыдычнага інстытута. Экзамены можна было здаць у Мінску. Алена здала тэсціраванне і паступіла на завочнае аддзяленне гэтай навучальнай установы. Спачатку ездзіла толькі на сесіі, а пасля вырашыла перабрацца ў Маскву і некаторы час працавала прадаўцом у адной са шматлікіх маскоўскіх крамаў. У апошнія гады вучобы пашчасціла знайсці працу па прафесіі ўжо на радзіме. Алена Анатольеўна стала сакратаром суда Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці. У гады вучобы яна схілялася больш да адвакатуры, ды і дыпломная работа была звязана менавіта з гэтым накірункам юрыдычнай навукі. Спадзявалася звязаць сваё жыццё з судовай дзейнасцю. Але неўзабаве ёй прапанавалі стаць стажорам дзяржаўнай натарыяльнай канторы Бераставіцкага раёна. Пасля стажыроўкі Алена Анатольеўна здала экзамен і атрымала пасведчанне на права займацца натарыяльнай дзейнасцю і стала дзяржаўным натарыусам Бераставіцкага раёна.
У 2014 годзе гэту службу перавялі на самазабеспячэнне. І яе пасада займела назву — натарыус натарыяльнай канторы Бераставіцкага раёна Гродзенскай натарыяльнай акругі. Затым была праца ў натарыяльнай канторы Зельвенскага раёна, а ў жніўні 2020 года Алену Анатольеўну перавялі ў Мінскую абласную натарыяльную акругу і яна стала працаваць натарыусам натарыяльнай канторы Нясвіжскага раёна.
Алена Альховік лічыць, што ў апошні час яе прафесія стала вельмі папулярнай. У гады яе вучобы натарыусамі жадалі быць адзін-два чалавекі з курса. Зараз сітуацыя змянілася, жадаючых шмат. Цяпер, каб стаць натарыусам, неабходна закончыць юрыдычны факультэт любой вышэйшай навучальнай установы, дзе ён ёсць, мець тры гады юрыдычнага стажу і здаць экзамен у Міністэрстве юстыцыі. Прэтэндэнты на пасаду становяцца ў рэзерв у натарыяльнай палаце. І калі ёсць свабоднае месца, яно прапаноўваецца тым, хто лічыцца ў рэзерве.
Прафесія натарыуса патрабуе бесперапыннай самаадукацыі.
— Вельмі хутка мяняецца заканадаўства і патрэбна сачыць за ўсімі зменамі ва ўсіх сферах, якія датычацца натарыяльнай дзейнасці. Натарыяльная палата пастаянна арганізоўвае семінары, вебінары. Зараз яны праходзяць у анлайн-рэжыме. Раней мы часта ездзілі на курсы ў Мінск, слухалі выступленні адвакатаў, юрыстаў, калег-натарыусаў, якія датычыліся натарыяльнай дзейнасці. У канцы заўсёды здавалі тэсты, правяралі веды. Раз у пяць гадоў праходзіць пераатэстацыя. Ды і ў службовай інструкцыі сказана, што мы павінны маніторыць усе змены, якія ўводзяцца, каб пасля граматна адказваць людзям на іх звароты. Так што стаяць на месцы ў нас не атрымаецца! — упэўнена Алена Анатольеўна.
І калі ў юнацкія гады яна аддавала перавагу класічнай мастацкай літаратуры, то цяпер галоўнай настольнай кнігай з’яўляецца Грамадзянскі кодэкс, а таксама Закон Рэспублікі Беларусь “Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці”, Указы Прэзідэнта, пастановы Савета Міністраў, судовая практыка.
— У нас вялікі спектр дзеянняў, і з кожным годам паўнамоцтвы натарыуса пашыраюц- ца ў сувязі са зменамі ў заканадаўстве. Натарыяльная палата кожны год праводзіць сацыяльныя апытанні: што задавальняе, якія патрэбна ўнесці змены. Мы маем магчымасць выказваць свае меркаванні, прапанаваць нейкія новаўводзіны. Па ўсёй краіне праводзяцца маніторынгі, анкетаванне. І пры тым, можна адказваць ананімна, можна адкрыта. Калі ёсць вартыя ўвагі прапановы, яны заўсёды прымаюцца, — расказвае натарыус.
Юным журналістам Алена Анатольеўна пажадала заўсёды імкнуцца да сваёй мары, ісці да яе, нават калі хтосьці спрабуе адгаварыць, калі з першага разу нешта не атрымліваецца:
— Зразумела, што кожнаму з вас прыйдзецца недзе працаваць, трэба зарабляць грошы, каб утрымліваць сябе і сваю сям’ю. Але калі работа падабаецца, калі ты сумяшчаеш прыемнае з карысным, — гэта для вас будзе і зручна, і ў той жа час радасна. Вам не прыйдзецца займацца тым, чым вам не хочацца займацца. Прафесія натарыуса патрабуе ўвагі і цярпення, але асабіста я іду на сваю працу заўсёды з задавальненнем, бо ведаю, што займаюся любімай і добрай справай.
Натарыус працуе з людзьмі. А гэта накладвае на працу пэўны адбітак — да кожнага чалавека патрэбна знайсці свой падыход, зрабіць для яго ўсё магчымае ў адпаведнасці з заканадаўствам, дапамагчы, растлумачыць. Дарэчы, працаваць з нашымі землякамі Алене Анатольеўне падабаецца. Несвіжане заўсёды ветлівыя і добразычлівыя. Некаторы час яна працавала адна — гэта было вельмі складана. Цяпер у натарыяльнай канторы Нясвіжскага раёна два натарыусы чакаюць зваротаў грама-дзян.
Алена Альховік — мама сына-дзесяцікласніка другой Гарадзейскай школы. Ён выношвае думку пайсці па яе шляху, але дакладна яшчэ не вызначыўся. А сярод юных суразмоўцаў Алена Анатольеўна была б рада бачыць сваіх будучых калег. Магчыма, усё так і будзе. Пачакаем.

Валянціна ШЧАРБАКОВА,
кіраўнік праекта “Парады
з вуснаў несвіжан”
Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.

Leave a Reply

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

error: Копирование защищено!!!