Прысвяціла жыццё навучанню і выхаванню моладзі

31 снежня 2021 года перастала біцца сэрца выдатнага чалавека, педагога, які цалкам прысвяціў сябе навучанню і выхаванню моладзі, — Яніны Адамаўны Саковіч. Ветэран педагагічнай працы, яна пакінула гэты свет на 87-м годзе жыцця. Калектыў Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа, педагогі-ветэраны, выпускнікі каледжа, сярод якіх — і аўтар гэтых радкоў, глыбока смуткуюць аб панесенай страце.
Яніна Адамаўна была сапраўдным сімвалам эпохі педагогаў XX стагоддзя, звяном, што злучыла некалькі этапаў гісторыі ўстановы адукацыі, якой яна прысвяціла большую частку свайго жыцця. Яна сама была выпускніцай 1952 года Нясвіжскага педагагічнага вучылішча імя Якуба Коласа. Пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага тры гады працавала на Барысаўшчыне настаўнікам рускай мовы і літаратуры. З 1961 года яе прафесійная дзейнасць была звязана з Нясвіжчынай: спачатку яна працавала настаўнікам рускай мовы ў Гара-дзейскай, затым — у Нясвіж-скай школе-інтэрнаце, дзе ўжо ў 1969 годзе стала намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. З 1978 па 1984 год Яніна Адамаўна з’яўлялася дырэктарам Нясвіж-скай школы-інтэрната імя Якуба Коласа, з 1984 па 1993 год — намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце педагагічнага вучылішча, якое зноў ад-крылася ў Нясвіжы. Многія, хто вучыўся і працаваў пры ёй, памятаюць, які выдатны прыклад адданасці сваёй справе яна падавала іншым, як няпроста было заслужыць яе пахвалу, але калі такое здаралася, то гэта было вельмі дарагога варта. Яна засталася ў нашай памяці як патрабавальны кіраўнік, граматны выкладчык, выдатны арганізатар.
Яніна Адамаўна заўсёды знаходзілася ў гушчыні грамадскага жыцця, з’яўлялася дэпутатам Нясвіжскага гарадскога Савета дэпутатаў. За сваю працу была ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства асветы БССР, медалём “За доблесную працу”, знакам “Выдатнік народнай адукацыі”. За 47 гадоў педагагічнага стажу Яніна Адамаўна выхавала не адно пакаленне моладзі і дала пуцёўку ў прафесію сотням настаўнікаў пачатковых класаў.
Светлая памяць пра педагога, кіраўніка, выдатную жанчыну Яніну Адамаўну Саковіч назаўсёды застанецца ў сэрцах усіх, хто яе ведаў.

Соф’я ЛЮБАНЕЦ,
выпускніца
Нясвіжскага педвучылішча
(зараз — дзяржаўнага
каледжа імя Якуба Коласа) 1988 года.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.